Экскурсія з начоўкай і хлеб-славутасць

У сезон адпачынкаў “К” не магла абмінуць увагай галоўны курорт краіны — Браслаўшчыну. Звесткі пра тамтэйшыя славутасці вы лёгка знойдзеце ў Сеціве. Мы ж прывезлі з вандроўкі зацемкі аб тым, што дадае краю самабытнасці і дзе гаспадарам яшчэ нямала варта папрацаваць. 

Не раз мы расказвалі аб фестывалі “Браслаўскія зараніцы”, аб рукатворных цудах майстроў з клуба “Ля млына” і дасягненнях раённага аб’яднання музеяў. На выніковай калегіі Мінкульта чарговы раз атрымалі запрашэнне ад супрацоўнікаў скарбніцы — і ўлетку ўсё ж дабраліся ў гарадок. 

УЗОР ГАСЦІННАСЦІ 

Ці маглі ж абраць іншы варыянт начлегу, як не ў “Заезным двары”? Гасцініца пры музеі размешчана ў пяці хвілінах ад гарадскога пляжа і аўтавакзала. Персанал там — узор ветлівасці і клапатлівасці: гаспадыні нават парупіліся, каб мы маглі прыхаваць на ноч свае веласіпеды ў бяспецы. Установа не ўразіць шыкоўнымі інтэр’ерамі, аднак усё неабходнае для камфортнага адпачынку забяспечыць. Дый магчымасць прытуліцца ў курортным горадзе ў разгар сезона за 22 рублі — шчасце турыста. 

Што да музея традыцыйнай культуры, побач з якім узведзены “Заезны двор”, то іначай як перлінай Віцебшчыны яго не назавеш. У будынку былога млына дэманструюцца творы мясцовых рамеснікаў: пляценне, тэкстыль, маляванкі, разьбярства. Сярод экспанатаў ёсць даўнія інструменты, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак, і фрагмент драўлянага Укрыжавання, вырабленага невядомым майстрам на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. За дадатковую аплату і па папярэднім запісе можна зладзіць фотасесію ў рэканструяваных народных строях, убачыць батлеечны спектакль або наведаць майстар-клас у музейных інтэр’ерах. На касе вас павітаюць і коратка раскажуць пра экспазіцыю па-беларуску. Дробязь? Ужо эксклюзіў! Бо не шмат дзе родная мова стаіць па змоўчанні ў супрацоўнікаў устаноў культуры. Адзінае пажаданне: надышла пара пашырацца. Гэты цудоўны збор народнага мастацтва заслугоўвае яшчэ большых экспазіцыйных плошчаў. 

На першым паверсе мы заспелі персанальную выставу Валерыя Ляўшы. Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага ўніверсітэта ён вярнуўся на малую радзіму і стварае пейзажы Браслаўшчыны. Эцюды і карціны жывапісца маюцца ў прыватных калекцыях Польшчы, Літвы, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі ды іншых краін. Ахвотным прыдбаць работы тут жа раскажуць пра кошты і падзеляцца кантактамі аўтара. 

У яшчэ адной зале разгарнулася экспазіцыя разьбяра Віктара Дудкевіча. Там дэманструюцца драўляны посуд, рэканструкцыі этнаграфічных рухомых і нерухомых цацак: жаўнеры, птушкі, чаўны. Акрамя іх, увагу прыцягнула незвычайная інсталяцыя ў выглядзе ровара з дэталяў калаўрота. 

Браслаўскі музей традыцыйнай культуры — вось дзе варта ладзіць семінары па стварэнні і продажы сувеніраў! Крама парадавала россыпам вырабаў на любы густ. І бюджэтныя магніцікі з гліны, і саламяныя ўпрыгажэнні, і больш утылітарныя рэчы: напрыклад, дыванкі ручной работы. Перакананы, на сувенірах не трэба яркіх надпісаў і кідкіх лагатыпаў, каб прыцягнуць увагу пакупніка. Куды даражэй прывезці з падарожжа часцінку цеплыні і майстэрства мясцовых жыхароў. 

ПРЫВАТНАЯ ІНІЦЫЯТЫВА 

На турыстычную прыцягальнасць краю ўплываюць не толькі прыродныя і архітэктурныя багацці. Своеасаблівы дух месца — тое, што вабіць гасцей. І ствараюць гэты дух актыўныя і прадпрымальныя гараджане. У Браславе — найперш рамеснікі, якія не толькі гандлююць вырабамі, але і запрашаюць на экскурсіі ды майстар-класы ў свае сядзібы. А яшчэ славутасцю сталіцы прыазёрнага рэгіёна стала… выпечка. Па духмяны хлеб, смятаннікі-лодачкі ды іншае смакоцце ў “Булкаў дом” выстройваюцца чэргі. Людзі размятаюць кожную новую партыю літаральна за паўгадзіны. У першы дзень вандроўкі нам нічога не ўдалося прыдбаць, і давялося вяртацца назаўтра. 

Яшчэ адна незвычайная адметнасць размясцілася недалёка ад гарадскога пляжа. На скрыжаванні вуліц Булойчыка і Савецкай стаіць “Дом-металалом”. А прыцягвае ўвагу мінака ён фігурамі ўсялякіх дзіўных персанажаў і разнастайнага дэкору з металічных дэталяў на падворку. Гаспадар — рамеснік Руслан Лабуць — запрашае агледзець невялічкую экспазіцыю ў хаце бясплатна. А пры жаданні можна набыць сувеніры: гліняныя кубачкі і пано з выявамі архітэктурных помнікаў і абразом Маці Божай Валадаркі азёр. 

Да чаго згадваю гэтыя аб’екты? Каб нагадаць, што працаваць на турыстычную прыцягальнасць любой мясцовасці мусяць разам мясцовая ўлада, дзяржаўныя ўстановы і прыватнікі. Размова нават не пра ўласны музей ці кавярню. І жывапісны кветнік перад вашым домам стане маленькім унёскам у справу, бо праз гэта гарадок запомніцца візіцёру ўтульным і яркім. Верагодна, госць прыедзе зноў — і прывязе ў ваш раён грошы. 

ПЕРСПЕКТЫВЫ СЛАВУТАСЦІ 

Ва ўсіх турыстычных даведніках вы знойдзеце параду падняцца на Замкавую гару. З 2011 года тут ладзяць фестываль сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Уявіце сабе маштаб: выставы рэканструктарскіх клубаў, паказальныя баі, танцы, гульні, пачастункі, горад майстроў. Адсюль жа — найлепшы від на азёры Дрывяты і Навяты, сам курортны гарадок з утульнай сядзібнай забудовай і старадаўнімі храмамі. Можна любавацца даляглядамі, седзячы на лаўках-арэлях на самым краі гары, ці адпачыць у зацішных альтанках. Пра гісторыю мясціны раскажуць інфармацыйныя стэнды, побач з якімі ўладкаваліся ўвасобленыя ў дрэве героі легенды пра заснаванне Браслава. У пары дзясяткаў крокаў — пахаванне славутага доктара і мецэната Станіслава Нарбута са стромкім абеліскам. На замчышчы можна насычана прабавіць шмат часу. 

І ўсё ж патэнцыял гэтага куточка выкарыстаны далёка не цалкам. Сыходзілі мы адтуль з адчуваннем, нібыта добраўпарадкаванне гары вялося спарадычна і ў рэшце рэшт увогуле спынена. Здаецца, і малыя формы ўсталяваны, і чысціня наведзена. Але не стае цэласнасці і стылістычнага адзінства. Пакуль кожны элемент жыве сам па сабе. Пасярод замчышча вытыркаецца адзінокі асвятляльны слуп, сіратліва стаіць старая сцэна з металічнай агароджай. Трапляюцца маленькія пустыя пляцоўкі з бетону. Пэўна, на іх меркавалася ўсталяваць лаўкі. Некаторыя ўчасткі спуску да касцёла патрабуюць рамонту. Было б таксама няблага абнавіць інфармацыйныя стэнды, пад’ём на гару і ўваходную браму. Так, аб’екты стараюцца трымаць у прыдатным стане, аднак варта памятаць: ад маральнага састарэння ніхто не абаронены. 

Лагічна размясціць невялічкую экспазіцыю з археалагічнымі прадметамі, знойдзенымі на гэтай тэрыторыі, прадэманстраваць выяўленчыя матэрыялы па гісторыі. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць падобны музейчык пад адкрытым небам. У розных пунктах гары можна ўсталяваць шыльды з qr-кодамі, што вядуць да аўдыягіда. Глядзіш з вышыні на цудоўны касцёл — і слухаеш на смартфоне кароткі аповед пра гэты помнік. Дарэчы папрацаваць таксама над навігацыяй у іншых частках горада: нават у тэхналагічны век звычайныя паказальнікі неабходныя турыстам. 

Думаю, браслаўскія адмыслоўцы здольныя прыдумаць яшчэ больш цікавінак для свайго горада: зямля гэтая сапраўды багатая на таленавітых і актыўных людзей. Пытанне ў тым, ці праявяць мясцовыя менеджары настойлівасць і знаходлівасць у пошуках фінансавання. 

Данііл ШЭЙКА 

Мінск — Браслаў — Мінск