Та­лент — гэ­та дар Бо­га чалавеку

Настаяцель мінскай парафіі ў гонар Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны — патомны святар і пры гэтым выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ён вядзе асветніцкія праваслаўныя тэлеперадачы, цікавіцца роллю мастацтва ў сучасным свеце, асабіста знаёмы з большасцю значных беларускіх і расійскіх творчых дзеячаў сучаснасці. Нядаўна выступіў з рэзананснай прамовай на з’ездзе Беларускага саюза мастакоў. У нашым інтэрв‘ю святар выказаў сваё стаўленне да мастацтва ўвогуле і да сучаснага ў прыватнасці, а таксама падзяліўся болем аб цяперашніх спажывецкіх адносінах да таго, што ва ўсе часы было прадметам шанавання і пакланення. 

— Айцец Фёдар, якое ваша асабістае азначэнне, што такое мастацтва? 

— Я доўга думаў над адказам на гэтае пытанне. Мастацтва — гэта форма выяўлення духу чалавека ў сутворчасці з Богам, закліканае ўдасканальваць як самога майстра, так і ўсіх, хто ўступае ў дыялог з яго творам. Нават праз стагоддзі. Пакуль чалавек шукае ў сабе вобраз Бога, пакуль дух лунае, а не поўзае, пакуль мастак выказвае ідэі, а не самавыяўляецца, ён творыць ars longa. Усё астатняе — ars brevis, мітусня, хаос, пошласць, разбэшчанасць і, як вынік, смерць. 

Мне думаецца, што мэта мастацтва — захаваць для нашчадкаў пасапраўднаму вялікія падзеі. У вачах Бога вялікія. Зафіксаваць сапраўдныя каштоўнасці. Але само па сабе мастацтва, у адрыве ад духу, ёсць рамяство. 

Важна памятаць, што нават сярод вытанчаных твораў ёсць крыніцы інфармацыі і дэзінфармацыі, якія ўплываюць на свядомасць людзей. Напрыклад, калі пытаюцца, як памёр сын Івана Грознага, у нас усплывае перад вачыма карціна Ільі Рэпіна як нейкае сведчанне. А было гэта так ці не было, чалавек не задумваецца. Таму ў мастацтве важная ісціна, а не чалавечыя здагадкі. 

Ці, я спытаю, вобраз беларускай жанчыны які? Вам адразу ўявіцца жанчына ў намітцы з нацыянальным арнаментам. Але ж пагадзіцеся, гэта штучная выява. Такіх жанчын даўно няма. Ды і падобны галаўны ўбор насілі не ўсюды. А калі насілі, то розныя! Культура занадта зацыкленая на нацыянальным пошуку. Сапраўднае мастацтва абавязкова знойдзе вобраз, які аб‘яднае жанчын з мінулага і сучасную беларуску. 

І каб завяршыць адказ на гэтае пытанне… Увогуле культура — гэта Каінава спадчына, па вялікім рахунку. Сыны і ўнукі Каіна пабудавалі першыя гарады, пачалі граць на жалейцы і гуслях, заняліся кавальскай справай. 

Старажытныя грэкі мастацтва ў цяперашнім яго разуменні не лічылі высокім заняткам, бо яно было другаснай мовай — не самай праўдзівай і не самай дакладнай. Грэкі высокімі, свабоднымі мастацтвамі лічылі граматыку, рыторыку, дыялектыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку, як вывераную гармонію. У іх ідэалам чалавека лічыўся чалавек разумны, sapiens. Як вызначыць сучаснага чалавека — не ведаю. Які шукае і часта дэзарыентаваны, бадай… 

— Калі сёння заходзіць гаворка пра мастацтва, мала хто згадвае пра тысячагадовую дамінуючую ролю царквы ў яго развіцці. Ці можна казаць аб тым, што шляхі сучаснага мастацтва і царквы разышліся? Калі так, то як, па-вашаму, можна ацаніць вынік? 

— Нельга сцвярджаць, што царква дамінавала. Царква і мастацтва ў яго некаторых відах увогуле ніколі не перасякаліся. З аўсёды былі дэкаратыўна-прыкладное мастацтва для ўпрыгожвання побыту і мастацтва, звязанае з рэлігійнымі культамі і вераваннямі. Проста ў чалавека да XVI—XVII стагоддзяў свядомасць была сакральнай. У ім прысутнічала вечнасць. Той чалавек выразна разумеў, што ёсць рэчы, пра якія нельга казаць, якія нельга адлюстроўваць. Не таму што іх няма, не таму што Бог не дазваляе. А таму што яны насамрэч патаемныя. Або святыя, або грахоўныя. Апублічванне абясцэньвае святыню. Паказ граху разбэшчвае ўсіх, вядзе да смерці народа і распаду грамадства. 

Той сакральна думаючы чалавек бачыў неба. Ён жыў вечнасцю, бачыў сімвалы, мог ствараць іх і чытаць. Ён ведаў, што створаны па вобразе і падабенстве Бога. Ён адчуваў геній і тварыў геніяльна. 

Эпоха Асветы прывучыла глядзець на чалавека як на малпу, прабачце. Пасля гэтага не стала патрэбнае неба. Н авошта геніяльнасць? Патрэбная індывідуальнасць! Прыкрытая геніяльнасцю або псеўдагеніяльная. З таго часу чалавек неба не бачыць, хоць і глядзіць угору. 

Калі для мінулага чалавека ў небе заключалася боская вечнасць, то цяпер для чалавека там цемра без дна. Я б сказаў, цемра над безданню. Тое, што было да боскага акту тварэння. 

Неба адно і тое ж тады і цяпер, а погляд на яго розны. Сучасны чалавек у большасці сваёй капаецца ў зямлі, шукае зямное і адлюстроўвае зямное. І мэты свае мяркуе ў зямлі, і сам у канцы жыцця туды кладзецца. Уваскрэсенне яго не цікавіць, таму і яго мастацтва нецікавае. 

Хрысціянства не стварала мастацтва. Яно адухаўляла майстра і плён яго творчасці. 

Ёсць аўтар у малітвы, аўтар у абраза, ёсць архітэктар у храма. Яны пажадалі ўзвялічыць Бога і пакінуць яго імя ў гісторыі. Яго імя, а не сваё. І калі раптам імя майстра заставалася, сапраўды вялікае было значэнне твора для гісторыі чалавецтва. У гэтым розніца. 

І цяпер ёсць людзі, якія робяць мастацтва для Бога. Не менш таленавітыя і геніяльныя. Проста раскручваецца іншае. Грамадству навязваюцца патрэбнасці нізкія. У тым ліку праз культуру і мастацтва. 

Культуру нельга аддаваць рынку і пакідаць без кантролю. Без духоўнага цэнзара, я так сказаў бы. Свабода слова і выказвання — гэта ілюзія, пачвара, якая паглынае тых, хто за ўяўную свабоду змагаецца. Гэта пачвара з вялізным апетытам. Ёй мала аднаго прамоўцы, яна паглынае яго народ. 

Можа, я занадта глыбока капнуў, але не хачу казаць трывіяльна аб гэтых рэчах. 

— Храм уяўляе сабой сінтэз архітэктуры, музыкі і жывапісу. Адпаведна, на працягу стагоддзяў храмы былі цэнтрамі культурнага жыцця. Ці магчымы нейкі рэнесанс гэтай функцыі ў сучасных умовах? 

— Мне думаецца, што храмы да гэтага часу застаюцца цэнтрамі культурнага жыцця. Прычым не толькі праваслаўныя, храмы ўсіх канфесій. Яны будуюцца максімальна велічнымі і па-ранейшаму ўяўляюць сінтэз мастацтваў. Толькі не трох, а больш. Трэба дадаць сюды ювелірнае мастацтва, разьбу, кераміку, мастацкае каванне, дэкаратыўнае шкло, мазаіку. 

Як добра ўпрыгожаны храм, які ў ім хор спявае ці які арган грае — залежыць не толькі ад настаяцеля, а ад усіх людзей, што ў гэты храм ходзяць, ад парафіі, ад мясцовых дабрачынцаў. Калі захочуць, яны знойдуць найлепшых майстроў і неабходныя сродкі. Жыццё храма, у тым ліку як цэнтра культуры, вызначаюць людзі. Да такой ініцыятывы трэба прывучаць сваю свядомасць: мы мусім, а не павінныя. Цяпер жа іншы, спажывецкі тып мыслення пранікае і ў саму царкву. Дайце, зрабіце, забяспечце, арганізуйце… На жаль, ужо не гучыць пытанне: чым дапамагчы? Дарэчы, пра культуру. Ведаеце, па якім крытэрыі цяпер выбіраюць іконы ў царкоўнай краме? Справа нават не ў кошце! Выбіраюць маленькія, каб можна было насіць з сабой. Абавязкова каб аберагала, ратавала і абараняла… 

А калі б чалавек любіў Божую Маці, ды любіў усім сэрцам, ён бы не хаваў яе вобраз як абярэг. Ён бы вешаў абраз у чырвоны кут, на бачнае месца. Уставаў бы на малітву і паклоны клаў той, хто намаляваная. І ўбіраў бы ў сябе чысціню яе аблічча, праведнасць яе жыцця. 

У праваслаўнай іканаграфіі адлюстраваны найглыбейшыя багаслоўскія сэнсы. У іх захавана гісторыя нашых земляў і нашых суседзяў: Смаленшчыны, Пскоўшчыны, усёй Русі, Літвы і ўсходняй Польшчы. У іх захаваная свяшчэнная гісторыя і гісторыя мастацтваў, у рэшце рэшт. Гэта наша культура і духоўная, і матэрыяльная, якую людзі часам не ведаюць і не хочуць даведвацца. Няўжо мала кніг, хіба няма інфармацыі ў інтэрнэце, хіба ў кожным храме няма лекцый? Я ж не магу прымусіць людзей прыходзіць у храм, не магу прымусіць іх чытаць. Гэта павінна быць іх унутранае жаданне. 

Акрамя таго, выхаванне сучасных людзей здзіўляе. Усе ж бачаць цудоўныя роспісы ў храме — яны захапляюць і замілоўваюць. Дык, прабачце, не трэба прыхіляцца да сцен ні лбом, ні далонькамі, ні спінай, ні бокам. Ёсць для гэтага крэслы ці лаўкі. Не трэба класці верхняе адзенне на падаконне, для гэтага ёсць вешалкі. Такое варварскае стаўленне да храма... Пазалота і фарбы сціраюцца, рукатворныя выявы цьмянеюць. 

Як вывад, магу сказаць, што храмы не змяніліся. Змяніліся свядомасць людзей і погляды грамадства. Бо свядомасць заўсёды фарміравалі рэлігійнае вучэнне і адукацыя. Рэнесанс магчымы. І ў гэтым канкрэтным храме (Усіхсвяцкім. — Заўв. рэд.) я яго бачу. У нас пажылыя людзі — рэдкасць. Шмат дзяцей і моладзі. Большасць — людзі сярэдняга ўзросту. І мужчын больш, чым жанчын. 

— Вашымі намаганнямі беларускую сталіцу ўпрыгожылі два ўнікальныя аб‘екты — Дом міласэрнасці і Усіхсвяцкі храм. У якой ступені іх мастацкая каштоўнасць абумоўлена тым, што вы асабіста маеце адпаведную адукацыю? Якія парады можаце даць творчым людзям і святарам, што працуюць над узвядзеннем або аднаўленнем культавых будынкаў? 

— Тут жа нельга не адзначыць і наш драўляны Траецкі храм. Ён пабудаваны ў традыцыях старарускага дойлідства без адзінага цвіка, ствараўся з мінімальнымі сродкамі. І ніводзін наведвальнік нашай парафіі не пакінуў яго незаўважаным, аддаючы належнае майстэрству дойлідаў. Такім чынам мы маем тры зусім розныя сучасныя аб'екты, якія ўпрыгожваюць горад. 

Безумоўна, вышэйшая адукацыя па спецыяльнасці “мастак інтэр'ера” ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вызначыла шмат у чым маё ўнутранае стаўленне да ўзвядзення храмавага комплексу. Аднак яго аблічча склалася з думак і вобразаў саборнага розуму і натхнення. Ён прайшоў праз канкрэтнае адзінае бачанне і выкананы па шэрагу вызначаных мною досыць цвёрдых патрабаванняў да якасці. Над многімі рашэннямі працавалі цэлыя камісіі і арцелі. А даваць парады — няўдзячная справа. Няўжо можна падказаць кампазітару, як лепш выказаць тое, што ён чуе ўсярэдзіне свайго сэрца? Гэта яму Бог даверыў. 

Калі камусьці патрэбнае маё меркаванне, я ніколі нікому не адмаўляю ні ў радзе, ні ў падказцы. А агульных парад не бывае, акрамя адной: Бог дапаможа ўвасобіць нават самы нездзяйсняльны на першы погляд праект. Калі… ён робіцца на славу Госпада і для людзей. 

— Ваш выступ на апошнім з’ездзе Беларускага саюза мастакоў, як кажуць, меў шырокі рэзананс… 

— Мая прамова шмат каго прымусіла задумацца. Яна нагадала мастакам, што яны закліканыя глядзець на свет суцэльна і непрадузята. Перадаваць драму чалавечага быцця і асабістага жыцця. 

Драму і адначасова веліч ахвярнасці, адмовы ад эгаізму і самавыяўлення на карысць таго, што святое. Я сказаў, што душэўныя перажыванні напаўняюць бачную рэальнасць зместам. У кожным палатне павінна быць адлюстраваная ісціна. А ісціна вымяраецца толькі глыбінёй пазнання Бога, глыбінёй унутранага погляду майстра, наколькі ён можа занурыцца ў сутнасць. 

— Часта можна пачуць: творца павінен быць галодным. Як бы вы гэта пракаментавалі? 

— Талент — гэта дар Бога чалавеку. Бог бачыць нас значна глыбей, чым мы самі, і давярае тое, што адпавядае яго задуме. Я бачыў сучаснае мастацтва ў Амерыцы і Еўропе. Яно не вытрымлівае ніякай крытыкі. Гэта адлюстраванне ўнутранага свету людзей, і гэта рэальная духоўная катастрофа. 

Сапраўднае мастацтва не вымяраецца грашыма, прызнаннем, патрэбай або багаццем. Гэта ўсё чалавечае, нізкае вымярэнне. У чым геніяльнасць Мікеланджэла, Эль Грэка, Тыцыяна? У натхненні, якое яны чэрпалі са свайго стаўлення да Творцы. І ў чым трагедыя Ван Гога?.. Я быў у майстэрні Ільі Глазунова, калі ён ствараў сваё палатно «Вечная Расія» («Сто стагоддзяў»). Я памятаю, як яго паласкала савецкая прэса. А ён пакорліва маўчаў. Але аднойчы Ілья Сяргеевіч сказаў чарговым крытыкам: «Вось вам пэндзлік, намалюйце лепш». І ўсе змоўклі пасля гэтага. Так, ёсць мукі творчасці. А ёсць натхненне творчасці. Напрыклад, вельмі па-рознаму ў нашым бамондзе ставяцца да такой з‘явы, як жывапіс Святланы Жыгімонт, але ж яна адлюстроўвае нашу сучасную гісторыю, адлюстроўвае таленавіта. Я быў у яе майстэрні, гутарыў з ёй. На жаль, цяпер яна падалася ў блогерства. Аднак яна развіваецца. Хто, акрамя яе, так адлюстраваў падзеі 2020 года? Пакажыце іншага мастака, праўдзівага і сумленнага… 

— Вы ўзначальваеце Сінадальны аддзел па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, які функцыянуе вельмі эфектыўна. А якім вам бачыцца супрацоўніцтва царквы са свецкімі ўстановамі культуры і творчымі грамадскімі аб’яднаннямі? 

— Наколькі мне вядома, існуе праграма супрацоўніцтва ў галіне культуры і творчай дзейнасці паміж Мінкультам і БПЦ. Яна накіраваная на ахову, аднаўленне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны. Галоўнае тут — знайсці людзей, гатовых узяць на сябе працу і адказнасць. Бо можна стварыць дзясяткі структур, але яны будуць толькі паглынаць бюджэт, калі іх не будуць узначальваць ініцыятыўныя і шчырыя людзі.

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Алега ДЫБАВА