Ярка восень сустракаем! Брэндавыя мерапрыемствы верасня

Апублiкавана: 29 жнiўня 2023 Стужка Традыцыі не указан

Аўтар: Аўтары

Дзень беларускага пісьменства ды “Белая вежа”. Што яшчэ ў календары брэндавых мерапрыемстваў?

Падборку значных імпрэз восені адкрывае ХХХ Дзень беларускага пісьменства. У Гарадку 2 і 3 верасня чакаецца насычаная праграма: узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, міжнародны круглы стол з удзелам айчынных і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя “Гарадоцкія чытанні”. 

Таксама пройдуць дзіцячы конкурс “Жывая класіка”, навукова-асветніцкая канферэнцыя “Дарога да святыні” і Фестываль кнігі і прэсы. Акцэнт форуму — стварэнне паэмы “Тарас на Парнасе” выхадцам з Гарадоцкага раёна Канстанцінам Вераніцыным.

XXVII Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа” разгорнецца з 8 па 16 верасня ў Брэсце. Горад стане цэнтрам прыцягнення рэжысёраў, акцёраў, музыкантаў і мастакоў з дзевяці краін свету. Пакажуць спектаклі на пяці мовах. У багатай праграме — пастаноўкі розных жанраў і напрамкаў тэатральнага мастацтва.

“Вераснёўская ноч — 2023” пройдзе 9 верасня. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь рыхтуюць новыя выставы, інтэрактыўныя лакацыі, экскурсіі, перформансы, канцэрты і нестандартныя калабарацыі.

Свята мастацтваў “Мелодыі ўздзенскай восені” правядуць 13 верасня. Для гасцей горада Узды зладзяць экспазіцыі і майстар-класы. Кульмінацыяй мерапрыемства будзе выступленне Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга.

Фестываль “На вяселле да Булгакаў” запланаваны на 16 верасня. На адзін дзень палацава-паркавы ансамбль у аграгарадку Жылічы збярэ аматараў гістарычных рэканструкцый. У праграме — вясельная ўрачыстасць, касцюміраванае прадстаўленне, абрады, якія існавалі сотні гадоў таму. Акрамя таго, будуць паказаны танцы, арганізаваны гульні і забавы ў стылі XIX веку.

Адна з найважнейшых падзей месяца — IV Фестываль мастацтваў беларусаў свету, які пройдзе з 19 па 24 верасня. Мэта форуму — прэзентацыя дзейнасці замежных суайчыннікаў па захаванні і папулярызацыі беларускай культуры, дэманстрацыя дасягненняў нашых суродзічаў. У рамках свята ў Мінску пройдзе гала-канцэрт індывідуальных выканаўцаў і калектываў, будуць прадстаўлены фотавыставы, экспазіцыі дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці землякоў. Таксама мяркуюцца сустрэчы паэтаў і пісьменнікаў, майстар-класы па беларускім народным вакале, харэаграфіі і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Свята народных рамёстваў “Слуцкія паясы” зладзяць 22 і 23 верасня. Мерапрыемствы ў Слуцку распачнуцца з Міжнароднай навуковапрактычнай канферэнцыі па захаванні і развіцці тэкстыльных традыцый і нацыянальнага касцюма як неад’емнай часткі гісторыка-культурнай спадчыны краіны. У праграме фестывалю — дэманстрацыя салома- і лозапляцення, разьбы па дрэве, ганчарства, вышыўкі і ткацтва пояса. Яшчэ адбудзецца абласное свята-конкурс “Беларуская лялька”, канцэрт.

Літаратурна-музычны фестываль “Восень у Завоссі” пройдзе 23 верасня ў Музеі-сядзібе Міцкевічаў “Завоссе”, што на Брэстчыне. Для гасцей рыхтуюць займальныя лекцыі, экскурсіі, выступленні пісьменнікаў, бібліятэчную пляцоўку, пленэр, выставы, квэсты, гульні, майстар-класы, а таксама канцэрт мастацкай самадзейнасці.

Свята музыкі і паэзіі “О Навагрудскі край — мой родны дом…”, прысвечанае 225-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча, адбудзецца 30 верасня. У Навагрудку разгорнецца адразу некалькі тэматычных пляцовак. У праграме — яркае тэатралізаванае адкрыццё (заслужаныя калектывы краіны выканаюць творы Адама Міцкевіча), канцэрты вядучых ансамбляў, гістарычная анімацыя і літаратурна-тэатральнае дзейства.

На верасень таксама запланавана шмат іншых мерапрыемстваў. Падрабязнасці — на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.