Казімір Бахматовіч. Мастак без біяграфіі

Казімір Бахматовіч, аўтар шматлікіх мініяцюр пра жыццё суайчыннікаў першай траціны ХІХ стагоддзя, у нацыянальным мастацтве трывала заняў ганаровую пазіцыю аднаго з піянераў літаграфіі. Мы працягваем знаёміць чытачоў з таямніцамі лёсу таленавітага творцы.

УРОКІ МІНУЛАГА 

Беларускія мастацтвазнаўцы савецкага перыяду сцвярджалі, што Казімір Бахматовіч паходзіў з прыгонных сялян графа Адольфа Гюнтэра. Насамрэч бацькі аўтара належалі да чыншавай шляхты Вілейскага павета, а Бахматовічы ў ВКЛ вядомыя з 1520-х гадоў. Удалося выправіць дату і месца нараджэння мастака — 8 сакавіка (24 лютага па ст. ст.) 1803 года, Івонцавічы. 

АДУКАЦЫЯ 

Верагодна, спярша Бахматовіч скончыў Краснасельскую парафіяльную школу, а за ёю — павятовую дваранскую вучэльню ў Маладзечне. Яе будынак (былы кляштар трынітарыяў) ацалеў, мае ахоўны статус і памятную дошку з імёнамі знакамітых вучняў. Але для турыстаў мясціна недасяжная: яна знаходзіцца на тэрыторыі станкабудаўнічага завода. У 1815 годзе пры гімназіі была адкрыта мастацкая семінарыя (!), аб чым згадвае ў публікацыях гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца Анатоль Кулагін. Прыкладна ў 1823-м Казімір паступае ў Віленскі ўніверсітэт, дзе ўвосень распачалося пераследаванне Таварыства філаматаў, створанага ў 1817 годзе з ініцыятывы Адама Міцкевіча, Ануфрыя Петрашкевіча і Юзафа Яжоўскага. 

У БЫЛОЙ СТАЛІЦЫ 

Пад кіраўніцтвам прафесара мастака Яна Рустэма (гл. “К” № 44—45, 2021) Казімір Бахматовіч дасягае выдатных поспехаў. Мастацтвазнаўцы называюць яго сярод найлепшых вучняў прафесара, а ў гэтым спісе Валенцій Ваньковіч, Канут Русецкі, Ян Дамель, Юзаф Аляшкевіч, Напалеон Орда, Ян Тысевіч і многія іншыя. Рэфарматарства Рустэма заключалася ў тым, што ён увёў маляванне з натуры. А яшчэ разам з графікам Джозэфам Саўндэрсам укараніў трохступенную школу малюнка, толькі пасля сканчэння якой трэба было выбіраць спецыялізацыю — жывапіс, гравюру ці скульптуру. Бахматовіч, як мы ўжо ведаем, заняўся гравюрай. 

НАСТАЎНІК МАЛЮНКА Ў ДАБРАЎЛЯНАХ 

У 1827 годзе навучанне Казіміра Бахматовіча завяршылася. Прыйшоў час шукаць свой шлях. І дапамог творцу з гэтым, пэўна, Рустэм, добры сябар Гюнтэра. Калі ў 1827-м былы настаўнік малюнка ў дачок графа Гюнтэра Тытус Бычкоўскі выехаў за мяжу, Рустэм, верагодна, параіў Бахматовіча. Дачка двараніна і вучаніца Казіміра Габрыэля Пузына пісала ва ўспамінах: “Не згубілі на замене. Бо трэба ведаць, што сярод вучняў Рустэма не было кепскага чалавека. Падавалася, што дабрата, шляхетнасць, паслужлівасць, бескарыслівасць пераходзілі з настаўніка на вучняў, і наш Бахматовіч хіба толькі тым грашыў, што цноты давёў да крайнасці: сціпласць да сарамлівасці, а бескарыслівасць да раздражняльнасці”.

Тут варта дадаць, што адначасова з выкладаннем малюнка Бахматовіч летам 1827 года ўзяўся за роспіс інтэр’ераў гатычнай капліцы, размешчанай у палацы. Выявы ўзброеных рыцараў ахоўвалі пакой ля дзвярэй, а алтар быў скапіраваны з алтара караля Казіміра Вялікага. Ад платы за гэтую працу мастак адмовіўся. 

З цягам часу з настаўніка і добрага знаёмага сям’і аўтар ператварыўся ў “нашага Бахматовіча”, “нашага Бахмета”. Ён мёў свой пакой у палацы ў Дабраўлянах або, калі Гюнтэры выпраўляліся ў Вільню, у арандаваным доме. Бахматовіч таварышыў Гюнтэрам на выездах, дапамагаў вырашаць хатнія праблемы. Але пры гэтым не забываў і сваё пакліканне — літаграфію. 

У ПОШУКАХ КАМЕНЮ 

У 1796 годзе нямецкі акцёр Алаіз Зенефельдэр выпадкова адкрыў спосаб друку пры дапамозе каменю (літаграфію). Менавіта дзякуючы кнізе вынаходніка “Дакладнае кіраўніцтва друкавання на камені” (1818) тэхніка атрымала шырокае распаўсюджанне ў свеце. Але для працы не падыходзіў “першы- лепшы” кавалак пароды, падняты на вуліцы. Патрэбны быў вапняк. І Бахматовіч яго знайшоў, прычым па суседстве, у Нястанішках (на захад ад Дабраўлянаў). Цяпер, маючы пад рукой радовішча, Казімір Бахматовіч узяўся за літаграфію ўсур’ёз. 

У 1835-м ён выпусціў альбом “Успамін аб Дабраўлянах” з аўтарскімі малюнкамі, у які трапілі выявы гаспадароў і жыхароў маёнтка, краявіды і архітэктурныя адметнасці — палац і каплічка (захавалася; ёй не так даўно нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці). За гэтым альбомам выйшлі яшчэ тры — “Арласіяда” (1836 год, з малюнкамі знакамітага мастака Аляксандра Арлоўскага), “Малюнкі Яна Рустэма” (1837) і “Успаміны пра Вільню. Тыпы і характары” (1837, аўтарскія малюнкі). Акрамя таго, Бахматовіч зрабіў партрэт знанага генерала Юзафа Двярніцкага, удзельніка войнаў 1812 і 1831 гадоў. І хто ведае, што б яшчэ мог стварыць таленавіты мастак, калі б не хвароба. 

АПОШНІ ГОД 

У 1836-м Бахматовіч аказаў Гюнтэрам апошнюю паслугу пры аднаўленні пакояў палаца. Зімой 1836—1837 гадоў аўтар не выправіўся з дваранамі ў Вільню, вярнуўшыся ў вілейскае эльдарада. А калі вясной прыехаў адтуль, то “быў гэта толькі цень Бахмета”, як занатавала Пузына. Выявілася, што за два гады перад тым Казімір сур’ёзна захварэў на запаленне лёгкіх. Здароўем графіка заняўся князь Геранім Любецкі, “фанатычна адданы сістэме Лероя”. Лекі аказаліся занадта моцнымі і загубілі Бахматовічу лёгкія. 

Вярнуўшыся ў Дабраўляны, мастак жыў у сваім пакойчыку, нікуды не выбіраючыся: ні на шпацыры, ні на паляванне. Не мог размаўляць, таму толькі пісаў, калі што-небудзь патрабавалася. Хваробу (сухоты) і немінучае пераносіў са спакоем. Але не было спакою ў душах Гюнтэраў. Уся сям’я з жалем назірала, як згасае чалавек, якога яны палюбілі ўсім сэрцам і якому не маглі ўжо нічым дапамагчы. 

9 верасня (28 жніўня) 1837-га Казімір Бахматовіч сканаў. У метрыцы запісалі, што ён меў 28 гадоў (адсюль і пазнейшыя памылкі ў датах нараджэння і смерці). Мастака аддалі зямлі ў той самы дзень на могілках у Свіры. У тастаменце Бахматовіч прасіў не хаваць яго ў фраку, а толькі ў старой вопратцы, грошы за літаграфіі — пакінуць яго сястры. Напрыканцы развітваўся з Гюнтэрамі, “як сын і брат”. “Доўга, яшчэ вельмі доўга сціскала сэрца, калі я праходзіла міма дзвярэй таго пакоя, ужо пустога і глухога, а ў сэрцы была яшчэ большая пустка”, — такі апошні ўспамін Габрыэлі Пузыны пра Казіміра Бахматовіча. 

А ШТО СКАЖАМ МЫ? 

Сёння ў беларускіх музеях літаграфій нашага земляка няма (іронія лёсу), хоць яны і не надта дорага каштуюць на замежных аўкцыёнах. Ці захавалася магіла творцы, паспрабуем высветліць. А пакуль што звяртаемся да мастакоў-суайчыннікаў. Прапануем правесці ў гонар Казіміра Бахматовіча пленэр у ваколіцах возера Свір, так шчыльна звязаных з аўтарам, і адначасова прысвяціць падзею рупліўцам беларускага мастацтва — Леаніду Дробаву і Уладзіміру Рынкевічу, што вярталі і папулярызавалі імя графіка ў нашай краіне. 

Газета "Культура" №30 ад 4 жніўня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ