Музыка, што яднае пакаленні. У чым сакрэт пастаўскіх цымбалаў?

Апублiкавана: 31 жнiўня 2023 Стужка Музыка Віцебск і воблась Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 11 жніўня прыняла рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Традыцыйнае інструментальнае выкананне на дыятанічных цымбалах”, які бытуе на тэрыторыі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. 

Прапанову аб прысваенні статусу падрыхтаваў Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна пры дапамозе Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і ўнесла ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама. На пасяджэнні былі заслуханы даклад вядучага навуковага супрацоўніка Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Таццяны Карпавай і экспертнае заключэнне магістра мастацтваў, саіскальніка кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Таццяны Бельмач. Таксама разглядалася экспертнае заключэнне прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народнага артыста Беларусі Яўгена Гладкова. 

ГУКІ З МІНУЛАГА 

Як адзначаюць знаўцы, традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва на дыятанічных цымбалах — гэта максімальна дакладнае прайграванне музыкі мінулага, як яна гучала ў арыгінале. Цымбалы — адзін з найбольш старажытных запазычаных нашымі продкамі музычных інструментаў: яны, як сведчаць іконаграфічныя і літаратурныя крыніцы, прыйшлі ў Беларусь у пачатку XVІ стагоддзя. Спецыфіка ігры на дыятанічных цымбалах праяўляецца ў дыскрэтнай прыродзе гуказдабывання, адсутнасці глушэння струн, у наяўнасці ў інструмента абертонаў, якія накладваюцца адзін на адзін, ва ўзнікненні акустычнага бурдона, што ўтварае непарыўны фон (таму і кажуць: “Цымбалы гудуць, шумяць, нібы жывыя”). Гук пастаўскіх цымбалаў адрозніваецца асаблівай звонкасцю, празрыстасцю і магутнасцю. 

Дыятанічныя цымбалы — гэта аўтэнтычны музычны інструмент, які захаваў найбольш старажытны выгляд. Такія цымбалы маюць гукарад, што адпавядае традыцыйнай беларускай музыцы і дазваляе выконваць творы толькі ў адной або дзвюх дыятанічных гамах. Сучасныя ж храматычныя цымбалы — гэта рэканструяваны інструмент з павялічаным дыяпазонам, трапецападобнай формы, пастаўлены на тры ножкі і з храматычным ладам, як ва ўсіх акадэмічных музычных інструментаў, які дазваляе выконваць музыку ў любой танальнасці, розных стыляў, жанраў і кірункаў. 

Важным фактарам, ад якога залежаць якасныя характарыстыкі інструментальнага гуку, з’яўляецца матэрыял. Для вырабу цымбалаў народныя майстры выкарыстоўваюць драбнаслойную елку або сасну, ліпу, а таксама дуб, клён, бярозу ці граб. У залежнасці ад уяўленняў аб эстэтыцы цымбальнага гуку кожны майстар кіруецца сваімі крытэрыямі пры нарыхтоўцы драўніны, улічваючы рэльеф мясцовасці, перыяд высечкі дрэва, яго ўзрост і многае іншае. Напрыклад, у ваколіцах Варапаева мяркуюць, што елка павінна расці ў вельмі дрэнных умовах, тады цымбальны гук будзе больш яркі. У адпаведнасці з характарыстыкамі за кожнай пародай дрэва замацавана бясспрэчнае пэўнае прызначэнне. Цвёрдая фактура дубу, грабу, клёну, бярозы падыходзіць для вырабу ўстойлівых канструкцый і дэталей — калкоў для нацяжэння струн і рамы. А сасна і драбнаслойная елка валодаюць добрай гукаправоднасцю, высокімі рэзаніруючымі ўласцівасцямі — таму выкарыстоўваюцца для стварэння верхняй дэкі. 

МЯСЦОВЫ ГОНАР 

Аналагаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь гэты элемент не мае. У розных рэгіёнах краіны цымбалы характарызуюцца сваімі памерамі, строем, дыяпазонам, колькасцю галаснікоў, радоў струн, іх колькасцю ў “хоры” (некалькі струн, што настройваюцца ва ўнісон). Усё гэта складае адметнасць той ці іншай лакальнай традыцыі. 

Паводле вынікаў фальклорных экспедыцый 1984—1996 гадоў і звестак даследчыцы Альбіны Скорабагатчанкі, у Пастаўскім раёне існуюць дзве выканальніцкія школы народных музыкантаў: у Варапаеве і Груздаве. У мінулым гэтыя два населеныя пункты з’яўляліся значнымі культурнымі цэнтрамі, куды ў дні рэлігійных і свецкіх свят з’язджаліся на кірмашы людзі з усёй акругі. Прыбывалі туды і музыканты — прадаць або купіць інструменты і паспаборнічаць у майстэрстве ігры. 

Дыятанічныя цымбалы вырабляюцца ў Пастаўскім раёне майстрамі Валянцінам Жагулам і Аляксандрам Пачкоўскім, раней таксама працавалі Восіп Новік (1908—1989) і Яўстафій Павініч (1927—2015). Там склаліся цэлыя музычныя дынастыі: Падгайскіх з Цешалава; Мацкевічаў, Новікаў і Мельцаў — з Пожарцаў; Крывенькіх — з Груздава і Ажарава; Крываносаў — з вёскі Біюці і іншыя. Многія музыканты добра гралі на некалькіх інструментах, вучылі гэтаму дзяцей у сям’і. Нашчадкі выканаўцаў захоўваюць звычаі і цяпер. Менавіта ў Паставах больш за 30 гадоў праходзіць фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. 

БУДУЧЫНЯ ТРАДЫЦЫІ 

На сённяшні дзень у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці налічваецца пяць носьбітаў і 17 пераемнікаў элемента гісторыка-культурнай спадчыны. Выкананне на дыятанічных цымбалах бытуе ў аграгарадках Дунілавічы, Варапаева і ў вёсцы Гута. Пры Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза дзейнічае клас дыятанічных цымбалаў, таксама працуюць дзіцячы інструментальны ансамбль “Пастаўскія цымбалісты” і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Паазер’е”. У рэпертуары апошняга — найгрышы груздаўскіх музыкантаў: полькі “Шабасоўка”, “Ражкоўская”, “Рум”, “Бежанка”, “Петраградка”, літоўскі вальс, вальсы “Восень”, “Ніначка”, “Гармошка”, кракавяк, мазурка, падэспань і іншыя. Традыцыя таксама працягваецца ў сям’і Мацкевічаў з Паставаў, элемент перадаецца ў мясцовай супольнасці музыкантаў ад пакалення да пакалення. У моладзі фарміруецца пачуццё самабытнасці, што садзейнічае развіццю павагі да культурнай разнастайнасці і творчасці. 

У адпаведнасці з рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Віцебскаму аблвыканкаму і Пастаўскаму райвыканкаму рэкамендавана разгледзець пытанне аб забеспячэнні пераемнасці элемента ў частцы стварэння музычных інструментаў і падрыхтоўкі майстроў, якія займаюцца вырабам і настройкай дыятанічных цымбалаў, а таксама пастаянна распаўсюджваць і папулярызаваць гэтую традыцыю. Звычай мусіць быць уключаны ў рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў на 2021—2025 гады па захаванні нематэрыяльных праяў творчасці чалавека, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА