БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. ВЕРАСЕНЬ

Апублiкавана: 01 верасня 2023 Каляндар Традыцыі не указан

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. 

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця. 

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе. 

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

5. а. Лупа. “Сей на Лупа — будзе жыта купа”.

7. ч. Баўтрамей. “Жыта на зіму сей”.

8. пт. Другая Прачыстая. “Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста”.

10. н. Мацей. Абаронца ад п’янства.

11. п. Калінавік, Іван Крываўнік. “Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й сам упрашу”.

13. с. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. ч. Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Сымон.Абрад “жаніцьбы коміна”.(Асенняе Навалецце / Навагоддзе з 1493 г.) Бабіна лета.

19. а. Цуды, Міхал. “Міхал з поля спіхаў”.

21. ч. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

23. сб. Асенняе раўнадзенства. Падпоўня, расце, 9-ы дзень.

24. н. Тадора. “На Тадору ўсякае лета заканчваецца”.

26. а. Стаўроўскія Дзяды.

27. с. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.

29. пт. Міхал. “Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор’е надзеі”. Сіцыян. “Святы Сацыян ды ляны пасцілаў”.