БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. КАСТРЫЧНІК

Апублiкавана: 01 кастрычнiка 2023 Каляндар Традыцыі не указан

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. 

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця. 

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе. 

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

2. п. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца  — мароз на Пакровы ўдарыць.

4. с. Пранцішак, Францішак. “На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка”.

8. н. Сяргей. “З Сяргея пачынаецца зіма”. Жалезны тыдзень. Чысцілі жалезныя рэчы.

9. п. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест. “Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова”. “Святы Багаслоў да буракі капаў”.

14. сб. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. “Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам”, “Пакровы  — зарыкалі каровы”, “Калі на Пакрову маладзік, то будзе лёгкая зіма. З поўначы вецер  — халодная зіма, з поўдня — цёплая”. Дзявоцкае лета (да 21.10). Прымалі “ў дзеўкі” сябровак.

21. сб. Зміцер. “Да Змітра баба хітра”. Трыфан, Палагея. “Золкім ветрам вее”.

25. с. Марцін — свята млынароў. Частаваліся гусяцінай на млынавым коле. “Марцін святы — любіцель гагаты”.

28. сб. Сымон і Юда. “Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць”. Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. н. Лонгін. Збаўца ад хвароб вачэй.

30. п. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. а. Лука. “Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі”. Дзень іканапісцаў. Юльян — ахоўнік дзяцей.