“Брыялін”: моладзевае рэтра?

Апублiкавана: 05 верасня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Маладзёжны тэатр эстрады толькі ў сярэдзіне верасня распачне сезон. Але і ў перапынку паміж папярэднім і новым артысты запатрабаваныя: яны і ў Мінску на адкрытых пляцоўках працавалі, і на культурна-спартыўным фестывалі “Вытокі. Крок да Алімпа” ў Касцюковічах паказалі 19 жніўня прэм’ерны мюзікл “Брыялін”. 

Аўтарамі спектакля ў чарговы раз выступілі мастацкі кіраўнік тэатра Улада Арцюкоўская, якая прапанавала ідэю, напісала лібрэта і ажыццявіла пастаноўку як рэжысёр, і кампазітар Аляксандр Сухараў — артыст гэтага калектыву. У творчым багажы тандэма ўжо цэлы шэраг падобных сумесных работ. Сярод нядаўніх — мюзікл-біяграфія “Гур’янаў”, што ўпрыгожыў сёлета праграму Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Але калі “Гур’янаў” быў першым зваротам у гэтым жанры да асобы айца Мікалая, святара, дык “Брыялін” можа падацца вельмі вольным рэміксам сюжэтных перыпетый аднайменнага мюзікла 1970-х, вядомага нам па сваёй экранізацыі. Уласна кажучы, адтуль пазычаны хіба не зусім зразумелая моладзі назва, атмасфера мінулых дзесяцігоддзяў з іх захапленнем рок-н-ролам і завязка з танцавальным конкурсам і закаханасцю між выдатніцай-ціхоняй і знешне хуліганістым хлопцам, што можа лічыцца адным з сюжэтных архетыпаў. Усё астатняе — прыдумка У. Арцюкоўскай: і размаітыя нечаканасці ў разгортванні дзеі, і глыбокія па сэнсе, вельмі вобразныя, кідкія вершы. Асабліва вылучаецца песня “Матылёк за шклом”. Бляск, дый толькі! 

Дарэчы, менавіта як “бліскучы” перакладаецца слова “брыялін”. Так называўся адзін з першых касметычных сродкаў, распаўсюджаны ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, што забяспечваў валасам бляск і моцную фіксацыю. Менавіта гэтым гелем карыстаўся Элвіс Прэслі — як, дарэчы, і ўсе рок-н-рольшчыкі і большасць вядомых акцёраў таго часу. 

На Элвіса падобны, і ўсе тое адразу заўважаюць, малады педагог — музыкант (Мікіта Касцюкевіч), што прыязджае ў студэнцкі гарадок з новымі ідэямі. Канечне, між выкладчыцамі адразу ўзнікае канкурэнцыя, смешна абыграная прадстаўніцамі тэатра Кацярынай Мядзведзевай, Кацярынай Шумскай і асабліва Інгай Кісялёвай, якая тут літаральна перасягае саму сябе. Але спектакль паказальны яшчэ і тым, што ў ім напоўніцу задзейнічана творчая моладзь калектыву. Сярод яе і будучыя артысты, якія пакуль яшчэ авалодваюць сольнымі спевамі, — той жа Кірыл Кучынскі, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Аднак “Брыялін” не мае ніякага адцення вучэбнай пастаноўкі — ён з’яўляецца цалкам высокапрафесійнай працай, надзіва зладжанай, да дробязей адточанай. І ўсё гэта нягледзячы на мноства складаных танцавальных нумароў, што выконваюць не толькі артысты балета, але і непасрэдна вакалісты, як таго і патрабуе жанр мюзікла (харэограф — Дзяніс Кашавой). Завадныя рухі зараджаюць публіку — выканаўцы і самі запрашаюць гасцей на сцэну танчыць разам, і ў зале пачынаюцца імправізаваныя па. 

У спектаклі шмат інтэрактыву, які абуджае ўвагу гледачоў і пашырае невялікую сцэнічную прастору да памераў усёй тэатральнай залы. Пры гэтым сцэнаграфія не перагружана — яе амаль цалкам замяняюць відэапраекцыі на задніку, якія не толькі акрэсліваюць лакацыю, але і часам дадаюць нумарам характару кліпаў. 

Агульны настрой залежыць найперш ад музыкі — гнуткай, інтанацыйна запамінальнай, рытмічна багатай. Пераважваюць энергічныя рок-н-рольныя нумары і цэлыя сцэны, што рухаюць дзеянне. Але ёсць месца і шчырай лірыцы. Насуперак усім законам музычнай драматургіі, кампазітар не баіцца паставіць адна за адной дзве павольныя лірычныя кампазіцыі — і яны зроблены настолькі цікава, крэатыўна, што глядацкая ўвага ніколькі не памяншаецца. 

Спектакль успрымаецца на адным дыханні. І справа не толькі ў шалёнай харызме ўдзельнікаў (а кожны з іх — з адметным характарам, замест натоўпу — чарада яркіх асоб і энцыклапедыя адносін між закаханымі: толькі вучыся на чужых памылках). Справа ў тым, што не гледача паглыбляюць у рэтра, а тое рэтра — набліжаюць да публікі. І робяць яго надзвычай актуальным, акцэнтуючы не прыкметы мінулага, а іх сугучнасць з сучаснасцю. 

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА