Як рыхтуюцца нашы землякі да IV Фестывалю мастацтваў беларусаў свету

Апублiкавана: 09 верасня 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Традыцыйная сустрэча землякоў пройдзе ў Беларусі з 19 па 24 верасня. Падчас форуму плануецца прадэманстраваць дасягненні нашай краіны суайчыннікам, падтрымаць іх творчыя праекты і актывізаваць культурныя сувязі з дыяспарамі. Да фестывалю далучацца самадзейныя калектывы, асобныя выканаўцы, мастакі, скульптары, дызайнеры, майстры народных рамёстваў, фатографы, празаікі, паэты. У праграме — канцэрты беларускай фальклорнай і сучаснай музыкі, выставы жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сустрэчы з кіраўнікамі і чальцамі творчых саюзаў рэспублікі, майстар-класы па розных напрамках традыцыйнай культуры.

АРМЕНІЯ — “РОДНЫЯ КАРАНІ” 

Ерэванская беларуская суполка “Беларусь” афіцыйна існуе ўжо 25 гадоў. Гэта вельмі актыўнае аб’яднанне. Яго ўдзельнікі захоўваюць традыцыі і мову продкаў, падтрымліваюць работу нядзельнай школы, у якой усе ахвотныя могуць пазнаёміцца з нацыянальна-культурнымі асаблівасцямі нашай краіны. Пры згуртаванні працуе бібліятэка, лялечны тэатр, што дапамагае маленькім беларусам у вывучэнні роднага слова. Яны асвойваюць народныя спевы ў дзіцячым гурце “Дударочкі” вакальнага калектыву “Родныя карані”, які і прыедзе на фестываль. У Мінск плануюць выправіцца 11 чалавек. 

Як паведаміла кіраўнік Ерэванскай беларускай суполкі Ірына Пагасян, ансамбль ганарыцца прыгожымі нацыянальнымі касцюмамі, перададзенымі ў дар ад нашай краіны. У іх “Родныя карані” выступаюць у Арменіі на фестывалях нацыянальных культур, на іншых прэстыжных мерапрыемствах. У рэпертуары — народныя песні і кампазіцыі сучасных айчынных аўтараў. Ён вельмі разнастайны. 

Фальклорны калектыў "Родныя карані" падчас выступлення

Фальклорны калектыў "Родныя карані" падчас выступлення

“Родныя карані” — самадзейны калектыў. Кіруе ім Дзіяна Аруцюнава, якая нарадзілася і вырасла ў Мінску. На форум ансамбль з Ерэвана таксама прывязе і армянскія народныя песні, якія будзе цікава паслухаць жыхарам нашай краіны. 

— Беларуская дыяспара Арменіі ўдзельнічала ва ўсіх фестывалях культуры беларусаў свету, — кажа Ірына Пагасян. — Але сёлета ўпершыню едзем такім шырокім складам. Усяго ў нашай арганізацыі цяпер звыш 120 чалавек. На жаль, з кожным годам чальцоў становіцца ўсё менш. Асноўная частка беларускай дыяспары ў Арменіі — гэта тыя, хто ў савецкі час прыехаў сюды жыць і працаваць, іх дзеці і ўнукі. Многія нарадзіліся ўжо ў змешаных шлюбах, але з задавальненнем прыходзяць і займаюцца ў нас. Шмат дзяцей, ёсць каму перадаць традыцыі. 

Па словах Ірыны Мікалаеўны, Фестываль мастацтваў беларусаў свету — вельмі вялікі стымул для беларусаў замежжа. Свята надае энтузіязму і сілы людзям, якія ў вольны ад працы і хатніх клопатаў час збіраюцца на рэпетыцыі. 

— Мы вельмі чакаем гэты форум, — гаворыць Ірына Пагасян. — Мы ж усе сябруем. Перапісваемся. І хочацца сустрэцца, каб убачыць, хто чаго дасягнуў за мінулы год, хто як выглядае. Бо нацыянальныя касцюмы, якія перадала Беларусь, вельмі пышныя і прыгожыя. І мы радуемся, бо зможам паказаць, што робім у Арменіі і як захоўваем традыцыі. Мы старанна рыхтуемся да вандроўкі ў Мінск. Для нас гэта вельмі вялікая падзея. 

ЭСТОНІЯ —“ЛЁС” І “СЯБРЫ” 

Ад Эстоніі на фестываль прыедзе творчы калектыў беларускай культурнай арганізацыі “Лёс” з Таліна. А муж і жонка Людміла Аннус і Віктар Байкачоў з Нарвскага беларускага таварыства “Сябры” будуць удзельнічаць у фотавыставе. Яны родам са Светлагорскага раёна. 

Людміла яшчэ школьніцай у 1960-я чула ад бабуль аповеды пра трагедыю ў вёсцы Ала. Няшчасце здарылася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Калі на месцы гібелі амаль дзвюх тысяч жыхароў гэтага і суседніх паселішчаў абнавілі мемарыял, муж і жонка адразу паехалі туды. Яны зрабілі фота і цяпер пакажуць на выставе, як месца страшнай падзеі выглядала раней і якім стала цяпер. 

Людміла Аннус распавяла, што дыяспара з 2013 года возіць суайчыннікаў з Эстоніі ў нашу краіну. Ініцыяваны праект “Нам хацелася б пабываць на Радзіме”, які падтрымалі ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур. Дзякуючы гэтаму беларусы Эстоніі могуць наведваць нашу дзяржаву і наадварот. У нарвскага таварыства добрыя сувязі з мінскай арганізацыяй эстонцаў “Ластаўка” і сапраўднае сяброўства з Уладзімірам Вааксам — кіраўніком ансамбля “Жытніца” з Клічава. 

— Падчас фестывалю мы абавязкова з’ездзім у Светлагорскі раён ускласці кветкі на магілы продкаў, блізкіх, — кажа Людміла Аннус. — А потым завітаем у Клічаў у госці да нашага сябра Ваакса. 

Таксама Людміла перадала прывітанне аглядальніку газеты “Культура” Юрыю Чарнякевічу: 

— Дзякуючы яму летась мы распавялі на Радзіме пра вельмі важную для нас падзею. Тады мы арганізавалі міжнародны дзіцячы конкурс, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. На творчым спаборніцтве былі прадстаўлены 398 малюнкаў і 21 верш з Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі і Эстоніі. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіваў дыяспар