Брэст тэатральны

Апублiкавана: 08 верасня 2023 Стужка Тэатры Брэст і вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Пачатак верасня ў горадзе над Бугам праходзіць пад знакам XXVII Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”. Вядома, рыхтуюцца да яго ўвесь год, а апошнія арганізацыйныя штрыхі ўносяць напярэдадні ўлетку. Але сёлета тут адбылася яшчэ адна вельмі важная падзея, звязаная з планамі і пашырэннем інтэрнацыянальнага супрацоўніцтва.

ФЕСТЫВАЛЬНАЕ РАЗГОРТВАННЕ… 

“Белую вежу” правядуць сёлета з 8 па 16 верасня. Форум збярэ 28 спектакляў (з іх пяць — тэатры лялек) з дзевяці краін: Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Даніі, Казахстана, Расіі, Славеніі, Узбекістана і, вядома, Беларусі. Наша тэатральнае мастацтва прадстаўлена 10 калектывамі, прычым не толькі з Мінска і ўласна Брэста, але і з Бабруйска, Віцебска, Гродна, Магілёва — атрымліваецца дастаткова шырокая нацыянальная палітра на фоне замежнай. Заўважым, што і міжнародная праграма складаецца не адно са сталічных калектываў, дэманструе самыя розныя тэатральныя плыні. Усяго ж за гады існавання фэсту на ім было паказана больш як 600 спектакляў з 60 краін. Ёсць чым ганарыцца! 

Адкрые цяперашнюю імпрэзу беларуская рок-опера “Граф МонтэКрыста” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Завершыць свята “Даходнае месца” А.Астроўскага ў пастаноўцы Разанскага абласнога тэатра (нагадаем, што гэтая п’еса ідзе ў нашым РТБД пад назвай “Профіт”: параўнаем прачытанні?). Не забыты і падзеі Вялікай Айчыннай вайны: у Год міру і стварэння ў Беларусі фестываль уключае спектаклі “Васіль Цёркін” Школы драматычнага мастацтва з Масквы і “Трыбунал” з Гродна паводле аднайменнай трагікамедыі Андрэя Макаёнка. 

...І ЛАБАРАТОРНЫ КАСТЫНГ 

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы плённа супрацоўнічае з Цэнтрам падтрымкі рускага тэатра за мяжой Саюза тэатральных дзеячаў Расіі. Краіна-суседка ў рамках дзяржаўнай праграмы за свой кошт дасылае рэжысёраў, якія разам з мясцовай трупай некалькі дзён рыхтуюць эскізы спектакляў. Фінальныя паказы ператвараюцца ў своеасаблівы кастынг: кіраўніцтва тэатра абірае, у каго з рэжысёраў-удзельнікаў замовіць пастаноўку. Пры гэтым работу расійскіх творцаў аплачвае іх краіна. А лабараторыі ладзяцца не толькі ў Беларусі, але і ў Абхазіі, Азербайджане, Казахстане, Кыргызстане, Малдове, Узбекістане, Эстоніі. 

Першая спроба такога супрацоўніцтва прынесла брэсцкаму тэатру спектакль “Нявольніцы” А. Астроўскага, увасоблены Ягорам Равінскім і прадстаўлены на “Белай вежы — 2018” і іншых фестывалях у краінах СНД. Сёлета тэма лабараторыі ахоплівала не толькі рускую класіку і гучала як “Разнастайнасць сусветнай літаратуры”. Да таго ж эскізы аказаліся вельмі разгорнутымі: кожны — на гадзіну і нават больш. Па сутнасці, гэта былі два паўнавартасныя аднаактовыя спектаклі і першая дзея трохактовага. І ўсё — за пяць дзён? Неверагодна! Але артысты і сапраўды тварылі з захапленнем, а службы тэатра ўсяляк дапамагалі: у выбары пляцоўкі, у пошуку магчымага сцэнаграфічнага афармлення і касцюмаў. Вынік атрымаўся добрым для ўсіх бакоў. Рэжысёры маглі апрабаваць не ў думках, а на справе пастановачныя ідэі. Нашы артысты — папрацаваць у розных манерах, нават змяніць амплуа. Кіраўніцтва тэатра і іншыя зацікаўленыя — убачыць патэнцыйныя шляхі далейшага развіцця калектыву і ўзбагачэння не толькі рэпертуару, але і самой тэатральнай эстэтыкі. 

Акцёр, рэжысёр і педагог Сяргей Шчадрын з Масквы звярнуўся да знакамітага “Танга” С. Мрожэка і паказаў цалкам першы акт. Класіка тэатра абсурду адлюстравалася ў акцёрскай эксцэнтрыцы і прыёмах сайт-спецыфік, бо дзеянне адбывалася не на стацыянарнай сцэне, а ў мастацкай майстэрні калектыву, што займае асобнае памяшканне ў двары асноўнага будынка. Рэжысёр удала скарыстаў асаблівасці незвычайнай прасторы, вылучыўшы хаос не толькі знешні, што пануе ў жыллі герояў, але і ўнутраны — у іх душах. З плоскасці адсылак да палітычных перыпетый 1960-х дзеянне было перанесена ў сферу культурных спрэчак між пакаленнямі адной сям’і: што абраць — захаванне традыцый мастацтва ці вольны творчы эксперымент? Прычым абодва гэтыя кірункі былі ўвасоблены парадыйна, што падкрэслівала: у любым выпадку — перамагае талент, а не сама па сабе мастацкая плынь. 

Дадатковым доказам гэтага сцвярджэння аказаліся акцёрскія працы — трапныя, яркія, скрозь выдатныя. Яны папраўдзе інтрыгавалі камедыйнасцю. Кожны выхад Сяргея Пяткевіча выклікаў непадробны смех і апладысменты. А любая дробязь у сцэнічным атачэнні нараджала безліч асацыятыўных сувязей. Галоўнай жа таямніцай засталося, як рэжысёр пабудаваў бы дзве астатнія дзеі і асабліва фінал, бо п’еса заканчваецца трагічна. 

З АДВАРОТНАГА БОКУ 

Эпатажны для пачатку 1980-х твор Э. Радзінскага “Яна ў адсутнасці кахання і смерці” ўвасобіла яшчэ адна масквічка — Вікторыя Чэрнікава. У мінулыя дзесяцігоддзі гэтая гісторыя абляцела ледзь не ўсе савецкія і постсавецкія тэатры, такі спектакль ішоў і ў горадзе над Бугам. Цяперашняя пастаноўка рабілася на сцэне брэсцкага калектыву, але з адваротнага боку пры поўнасцю апушчанай заслоне. Гледачы таксама змяшчаліся на сцэне, быццам з’яўляючыся непасрэднымі ўдзельнікамі. Прачытанне адрознівалася поўнай зменай характараў: многія героі сталі сваімі антыподамі. Сапраўды, чаму б не пераглядзець тэкст, каб знайсці ў ім супрацьлеглую трактоўку? Ды ўсе гэтыя нечаканасці павінны падмацоўвацца дакладным псіхалагічным абгрунтаваннем, а не толькі жаданнем рэжысёра. Таму, нягледзячы на сучасныя “фішкі”, спектакль падаўся не вельмі цікавым. 

Іван Мінеўцаў з Чэлябінска падрыхтаваў “Міцева каханне”. Аднаактоўка паводле апавядання І. Буніна на камернай сцэне тэатра паўстала... чорна-белай, прычым не толькі з-за абранай колеравай гамы, але і ў сэнсавым разуменні. Бо адносна “адмоўныя” персанажы, на думку рэжысёра вінаватыя ў смерці Міці, увасабляліся выключна парадыйна — у адрозненне ад лірычных “станоўчых”. Такі падзел пазбавіў гісторыю найтанчэйшых псіхалагічных адценняў, на якія багатая бунінаўская проза. А пачатак спектакля — бязмоўная сцэна, калі апранутыя ў чорнае асобы няўцешна аплакваюць збялелага героя, — ставіў эмацыйны клічнік на першых хвілінах гісторыі, пакідаючы далейшае разгортванне неабавязковым: публіцы і так ужо ўсё сказалі. Відовішча нагадвала набор студэнцкіх эцюдаў і не ўносіла нічога новага ні ў разуменне твора, ні ў яго тэатралізацыю. 

Што ж, засталося дачакацца, у каго з расійскіх рэжысёраў, якія паспяхова прайшлі гэты своеасаблівы “кастынг”, замовяць спектакль. Не менш важна і тое, якой менавіта п’есай ці інсцэніроўкай папоўніцца брэсцкі рэпертуар. Бо гэта не абавязкова павінна быць штосьці з прагледжаных эскізаў — магчымы і новы твор. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота аўтара