На адной мове

Апублiкавана: 11 верасня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: Аўтары

Галоўнай падзеяй тыдня стаў Першы беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, што праходзіў з 4 па 7 верасня у Мінску. Парламенцкая дэлегацыя, бізнес-супольнасць і прадстаўнікі буйных прадпрыемстваў, — каля сотні гасцей, прыехалі, каб пазнаёміцца з эканамічным і культурным патэнцыялам Беларусі для далейшага ўзаемадзеяння ў самых розных сферах. На пленарным пасяджэнні сабраліся каля 500 удзельнікаў, агулам жа мерапрыемства аб'яднала амаль тысячу чалавек.

Каля трапа самалёта гасцей сустракала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Разам са спікерам верхняй палаты Парламента дэлегацыя Узбекістана ўсклала кветкі да манумента на плошчы Перамогі, пасля чаго накіраваліся ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, дзе абмеркавалі пытанні развіцця сістэмы адукацыі з акцэнтам на інклюзію. 

ЖАНЧЫНЫ Ў БІЗНЕСЕ 

У складзе ўрадавай дэлегацыі з Узбекістана на чале са старшынёй Сената Узбекістана Танзілой Нарбаевай — члены сената і прадстаўнікі бізнес-колаў, ад лёгкай прамысловасці да будаўніцтва і сельскай гаспадаркі. Ключавое мерапрыемства форуму — пленарнае пасяджэнне “Жанчыны ў бізнесе — патэнцыял для развіцця дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана” — адбылося 6 верасня. Па выніках гэтай сустрэчы падпісаная дэкларацыя, якая падкрэслівае важнасць развіцця бізнес-сувязей паміж дзвюма краінамі. 

КУЛЬТУРНЫ ПАТЭНЦЫЯЛ 

У Вялікім тэатры Беларусі 5 верасня адбылася секцыя форуму “Культура і турызм — патэнцыял узаемных кантактаў” з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча, члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Таццяны Абель, генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Кацярыны Дулавай, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Ганны Конанавай, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алены Куракінай ды іншых. Прагучалі выступы на тэмы рэалізацыі сумесных культурных праектаў у галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, развіцця культурнага і падзейнага турызму на базе старажытных гістарычных цэнтраў Беларусі і экспарту адукацыйных паслуг. 

ЖАДАНЫЯ ГОСЦІ 

З прывітальным словам да ўдзельнікаў секцыі звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч: “Вельмі прыемна, што першы беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум праходзіць менавіта ў сэрцы нашай краіны, у горадзе-героі Мінску. Хацеў бы пажадаць удзельнікам форуму добрага настрою і плённай працы! Я абсалютна ўпэўнены, што падчас нашай размовы, абмену думкамі, мы знойдзем яшчэ больш кропак судакранання ў працы, якія дазволяць глыбей даведацца пра традыцыі нашых народаў і выведуць рэспублікі на больш якасны ўзровень”. 

У ходзе асвятлення тэмы культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан, міністр культуры адзначыў, што ўзбекскія выканаўцы — жаданыя госці і ўдзельнікі самых прэстыжных фестываляў і конкурсаў, акцэнтаваўшы ўвагу на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, кінафестывалях, гастролях творчых калектываў у рамках Дзён культуры, супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і навукі. У мінулым годзе быў выпушчаны сумесны беларуска-ўзбекскі фільм “Узбечка”, сёлета чакаецца прэм’ера фільма “Казбек”, вядуцца сумесныя здымкі дакументальнага фільма “Якуб Колас: кніга ташкенцкага быцця”. 

ПУНКТЫ СУПРАЦОЎНІЦТВА 

Агулам у рамках форуму прайшло шэсць секцыйных пасяджэнняў, на якіх былі вызначаныя пункты супрацоўніцтва двух народаў. Між іншага, былі разгледжаныя ўмацаванне і пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў сферы лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, медыцыны і фармацэўтыкі, навукі і адукацыі, культуры і турызму, было падпісана каля дваццаці пагадненняў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве. Таксама ўдалося наладзіць сувязі між маладзёжнымі арганізацыямі і грамадскімі аб’яднаннямі жанчын Беларусі і Узбекістана. 

ДА КОЖНАГА СЭРЦА 

Гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі для ўдзельнікаў Першага беларуска-ўзбекскага жаночага форуму адбыўся ў Вялікім тэатры Беларусі 5 верасня. Мова музыкі дайшла да кожнага сэрца. Авацыі суправаджалі і беларускі народны танец “Субота” ў выкананні ансамбля “Харошкі”, і “Карнавальны вальс” на музыку народнага артыста Узбекскай ССР Сулеймана Юдакова, увасоблены заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Аксанай Волкавай, Тарасам Прысяжнюком, артыстамі балета Вялікага тэатра Беларусі і навучэнцамі Балетнай школы Вежнавец, і творы сусветнай класікі. 

Стоячы слухала зала песню “Если бы камни могли говорить”. Пранікнёна-шчымлівае выкананне яе народным артыстам Беларусі Станіславам Трыфанавым і юнымі артыстамі прымусіла гледачоў выціраць слёзы. 

Словы “Белавежскай пушчы” ведаў, бадай, кожны і спяваў яе разам з артыстамі ансамбля “Песняры”. А тэкст песні “Добрыя людзі” ў выкананні народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі быў зразумелы і без перакладу. 

Магутным заключным акордам канцэрта прагучала песня “Край прыгожых людзей”. Народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна, лаўрэат Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” Яўген Ота, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнага танца “Чабарок”, салісты і хор Вялікага тэатра Беларусі і ўсе ўдзельнікі канцэрта разам праспявалі яе, быццам запрашаючы шаноўных гасцей не раз яшчэ наведаць нашу краіну. 

Артысты падарылі гледачам вечар велічнага мастацтва. Падзякай ім былі апладысменты і кветкі ад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Іванаўны Качанавай і старшыні Сената Алій Мажліса Рэспублікі Узбекістан Танзілы Нарбаевай.