Фестываль збірае сяброў

Апублiкавана: 14 верасня 2023 Стужка Народная творчасць Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

IV Фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе ў нашай краіне з 19 па 24 верасня. Напярэдадні падзеі “К” знаёміць чытачоў з удзельнікамі форуму. Сёння пра работу дыяспар у Казахстане расказвае старшыня грамадскага аб’яднання “Культурны цэнтр «Беларусь» Паўладарскай вобласці” Любоў Богнат. 

Важна адзначыць, што Любоў Іванаўна — ганаровы грамадзянін горада Паўладара і ветэран дзяржаўнай службы Рэспублікі Казахстан. Па словах гераіні, таварыства было заснавана ў 2000 годзе. Як і ўсе нацыянальныя арганізацыі, яно ўваходзіць у абласное аддзяленне Асамблеі народа Казахстана і атрымлівае пэўную дзяржаўную дапамогу. 

— Асноўныя напрамкі працы вызначаем, грунтуючыся на структуры цэнтра, — распавядае Любоў Богнат. — У яго складзе — Савет старэйшын, моладзевая група і творчыя калектывы. Напрыклад, вакальны гурт “Крыніцы” з этнічных беларусак, якія вучыліся яшчэ ў беларускіх школах і ведаюць родную мову. Выканаўцам ужо пад 80 гадоў, гэта наш залаты фонд. А яшчэ — моладзевы вакальны ансамбль “Надзея” і танцавальны калектыў “Жаўраначак”. 

Па словах Любові Іванаўны, прадуктыўна працуе ў Паўладары жаночы клуб “Беларусачка”. Моладзевы клуб “Вытокі” займаецца духоўнай асветай на аснове спадчыны прападобнай Ефрасінні Полацкай — штогод 5 чэрвеня ў Дабравешчанскім саборы Паўладара праходзіць дзень яе памяці. Гэта вельмі прыгожае свята, якое адбываецца ў адпаведнасці з рэлігійнымі традыцыямі. У клубе чальцы дыяспары завочна асвойваюць турыстычны патэнцыял нашай краіны з дапамогай тэлеканала “Беларусь 24”. Дзякуючы такому СМІ, ёсць магчымасць чуць матчыну мову і “падарожнічаць” па знакавых месцах Радзімы. 

— У Школе нацыянальнага адраджэння імя К. Б. Даржумана дзейнічае беларускае аддзяленне, — расказвае Любоў Богнат. — Там дзеці вывучаюць народную творчасць, займаюцца традыцыйным рукадзеллем: паглыбляюцца ў саломапляценне і выцінанку, да Дня маці робяць беларускую ляльку, вывучаюць традыцыйны арнамент. Па кожным прадмеце ёсць свой спецыяліст. Хлопчыкі і дзяўчынкі могуць пераймаць аўтэнтычны танец і музычную культуру. Праходзяць і заняткі па краязнаўстве. 

Культурны цэнтр “Беларусь” Паўладарскай вобласці актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах Асамблеі народа Казахстана і імпрэзах да дзяржаўных свят, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню. Калектывы грамадскага аб’яднання выступалі на Днях культуры Беларусі ў Казахстане і на міжнародным музычным фестывалі AlemGaz у Астане. Рэгулярна гурты цэнтра дораць творчасць на прыёмах беларускага пасольства ў Казахстане з нагоды Дня Незалежнасці. 

Наша дыяспара ў Паўладары падтрымлівае кругаварот каляндарна-абрадавых свят — адзначае Дажынкі, Каляды, Гуканне вясны, Купалле. Захоўваць традыцыі вельмі дапамагаюць стажыроўкі ў Беларусі, зладжаныя Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур. Былі на такой вучобе кіраўнік суполкі, педагог па вакале, выкладчык нядзельнай школы, іншыя адмыслоўцы. 

— Акрамя свят каляндарна-абрадавага цыкла, у нас ёсць адно асаблівае штогадовае мерапрыемства — “Невоевавшие, мы помним…”, — распавядае Любоў Іванаўна. — Кожны раз у яго новая тэма, якая адпавядае падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. Мы шчыльна працуем над усебаковым умацаваннем беларуска- казахстанскага сяброўства на аснове агульнай гістарычнай памяці. Так, летась у Беларусь з Казахстана выязджаў пошукавы атрад “Майдан жолы” (“Франтавая дарога”). У Віцебскай вобласці быў адкрыты мемарыял казахстанскаму салдату, які вызваляў Беларусь. А сёлета штогадовае мерапрыемства прысвяцілі памяці аб трагедыі ў Хатыні. 

Удзельнікі грамадскага аб’яднання "Культурны цэнтр «Беларусь» Паўладарскай вобласці" на фестывалі AlemGaz

Удзельнікі грамадскага аб’яднання "Культурны цэнтр «Беларусь» Паўладарскай вобласці" на фестывалі AlemGaz

Паводле інфармацыі ад старшыні грамадскага аб’яднання, у Паўладары толькі актыў дыяспары складае прыблізна 100 чалавек, а па ўсёй вобласці пражывае каля тысячы нашых суайчыннікаў. У Казахстане іх ужо чатыры пакаленні! Нядзіўна, што там шмат беларускіх арганізацый. Яны ёсць практычна ў кожным абласным цэнтры. Паўладарскія суродзічы не прапускалі ніводнага Фестывалю культур беларусаў свету, вельмі моцна жадаюць захоўваць сувязь з Радзімай. Таму абавязкова прыедуць і гэтым разам. Акрамя таго, форум дае ўдзельнікам магчымасць падзяліцца досведам і расказаць землякам пра краіну пражывання. 

— Прадстаўляць казахстанскую дыяспару будуць пяць чалавек са складу нашага калектыву “Надзея”, — паведаміла Любоў Богнат. — Далучыцца і гурт з вёскі Ольгінка “Сяляне” — яшчэ пяць чалавек. Апошнім ансамблем кіруе Пётр Пятровіч Пучок, беларус, аўтар песень, заслужаны работнік культуры Казахстана. Абодва калектывы прэзентуюць песенную культуру. А яшчэ з Паўладара прыедзе Яўген Трыстан, які пляце традыцыйныя беларускія паясы. Ён прывязе каля дзесяці твораў, пакажа майстар-клас. Хацелася б, каб на фестывалі паднялі сцягі краін, ад якіх удзельнічаюць беларускія дыяспары. Гэта было б прыгожа і годна. 

Віктар ГАЎРЫШ