Вяр­тан­не ве­ка­пом­най да­ты

Апублiкавана: 16 верасня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: РУДАК Антон

Дзень народнага адзінства, які святкуецца 17 верасня, прымеркаваны да пачатку паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе. У выніку вызваленчай кампаніі наша нацыя зноў уз’ядналася. Якія таму папярэднічалі падзеі, як змагаліся беларусы і чаму гэтая дата такая важная для нас сёння? 

НАКОНАДНІ ПАДЗЕІ 

Падчас Рэспубліканскага семінара па пытаннях гістарычнай палітыкі і музейнай справы, што адбыўся ў жніўні ў Нацыянальнай бібліятэцы, генеральны дырэктар установы і старшыня праўлення Беларускага таварыства “Веды”, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін адзначыў, што абвяшчэнне Года народнага адзінства і ўсталяванне Дня народнага адзінства ў 2021-м — важны этап рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі. Эксперт падкрэсліў: такім чынам было выканана рашэнне Народнага Сходу Заходняй Беларусі, прынятае яшчэ ў кастрычніку 1939-га, — аб’явіць 17 верасня святочным днём. 

Сустрэча чырвонаармейцаў з жыхарамі Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года

Сустрэча чырвонаармейцаў з жыхарамі Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года

НОВЫЯ ТРАДЫЦЫІ 

На пачатку месяца ў сталічным Доме літаратара зладзілі круглы стол “Шляхі вялікіх выпрабаванняў”, прымеркаваны да Дня народнага адзінства і прысвечаны гістарычным вытокам свята. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Інстытут гісторыі і Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук. У сустрэчы паўдзельнічалі беларускія даследчыкі мінуўшчыны, мовазнаўцы, пісьменнікі і выдаўцы. 

Як адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў, Дзень народнага адзінства варта трактаваць у больш шырокім сэнсе, не толькі як гадавіну падзей 17 верасня 1939-га, бо тэма еднасці цягам усёй гісторыі была актуальнай для беларускай нацыі. Сёння наша дзяржава надае багата ўвагі патрыятычнаму выхаванню і зберажэнню духоўных каштоўнасцей, а прывіванне любові да радзімы немагчымае без ведання айчыннага мінулага, культуры, літаратуры і мовы. Мова — адзін з найважнейшых складнікаў нашай культуры і патрыятычнага выхавання. Менавіта роднае слова заўсёды служыла вызначальным фактарам, які садзейнічаў кансалідацыі народа, фарміраванню нацыі і ўмацаванню адзінства. Што тычыцца 1939 года, у Заходняй Беларусі на чатыры мільёны нашых суайчыннікаў не было ніводнай беларускай школы, вышэйшай навучальнай установы, бібліятэкі альбо тэатра, а беларускамоўныя газеты, калі і выходзілі, ліквідаваліся адразу пасля выпуску некалькіх нумароў. Усё было накіравана на тое, каб беларусы страцілі ідэнтычнасць. 

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што апошнім часам актывізавалася ўшанаванне памяці аб падзеях 1939 года. У рамках праекта “Бацькаўшчына. У пошуках страчанага” пабачыла свет кніга-альбом “17 верасня. Дзень народнага адзінства”, укладзеная лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімірам Ліхадзедавым. У выданні прадстаўлены фотаздымкі і дакументы, звязаныя з гісторыяй Заходняй Беларусі ў міжваенныя гады і яе далучэннем да Савецкага Саюза. 

Кіраўнік Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч дадала, што ў гэтым заходнім рэгіёне нашай краіны заўжды зберагаліся памяць аб уз’яднанні і цікаўнасць да спадчыны творцаў міжваеннага перыяду. Была адзначана і важная роля даследчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, супрацоўнікаў устаноў культуры — напрыклад, Дома Валянціна Таўлая ў Лідзе. 

АДРАСЫ ПАМЯЦІ 

Літаратары міжваенных часоў — Міхась Васілёк, Піліп Пестрак, Максім Танк, Валянцін Таўлай — не толькі зберагалі родную мову, але і актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за нацыянальныя інтарэсы народа ў шэрагах Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, за што пераследаваліся польскімі ўладамі і былі зняволены. Недарма ў адным з “давераснёўскіх” вершаў Максім Танк зазначаў, што “скрыпачоў і паэтаў” у яго краіне больш, чым каласоў. Заходняя Беларусь, нягледзячы на ўціск, з’яўлялася мясцінай сапраўднага росквіту нацыянальнага мастацтва, дзе жылі і працавалі, насуперак усім неспрыяльным абставінам, дзясяткі выдатных пісьменнікаў, жывапісцаў, кампазітараў і музыкантаў. 

Сёння памяць аб тых творцах зберагаецца ў многіх кутках на захадзе краіны. У Пількаўшчыне Мядзельскага раёна, дзе нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі Максім Танк, захавалася яго родная хата, якой ужо больш за сто гадоў, — сёння яна мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і адпаведную мемарыяльную шыльду. У суседніх Сватках, дзе паэт вучыўся, пры школе існуе прысвечаная яму музейная экспазіцыя. А ў Лідзе шануюць памяць аб Валянціне Таўлаю: у доме, у якім паэт жыў з 1939 па 1941 год, калі працаваў у мясцовай газеце, адкрыты мемарыяльны пакой. 

У Нясвіжы з 1996-га даступная Кватэра-музей мастака Міхаіла Сеўрука, дзе можна пабачыць яго жывапісныя, графічныя работы, у тым ліку гравюры на дрэве, медзі, лінолеуме, а таксама асабістыя рэчы майстра — эцюднік, альбомы для замалёвак, пастэльныя алоўкі, пэндзлі, разцы. А ў экспазіцыі Германавіцкага музея культуры і побыту, што ў Шаркаўшчынскім раёне, захоўваецца мноства матэрыялаў, звязаных з біяграфіяй славутага Язэпа Драздовіча, а таксама некаторыя яго творы, напрыклад славутыя маляваныя дываны. 

Адным з найбольш вядомых сімвалаў трагічнай гісторыі Заходняй Беларусі стаў канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, заснаваны ў 1934 годзе. Сюды адпраўлялі тых, каго тагачасная польская ўлада лічыла “грамадска небяспечнымі элементамі”, — у тым ліку і ўдзельнікаў барацьбы за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Таму недарма да Дня народнага адзінства ў 2021-м у будынку Чырвоных казармаў, дзе размяшчаўся адзін з карпусоў лагера, была створана часовая, а годам пазней — і пастаянная музейная экспазіцыя. Тут сабраны фота і дакументы, транспаранты і ўлёткі, задакументаваныя ўспаміны і асабістыя рэчы вязняў, адноўлена абстаноўка камеры і карцара. 

ДА АГУЛЬНАЙ МАРЫ 

Спадчына паэтаў і мастакоў Заходняй Беларусі прасякнута любоўю да роднай зямлі і агульнай мінуўшчыны народа. Яны бачылі і адлюстроўвалі Беларусь непадзельнай, без штучна праведзеных меж. Таму сёння важна захоўваць памяць аб гэтых творцах. Іх жыццёвыя і мастацкія шляхі хоць і былі поўныя нягод ды перашкод, але ўпэўнена вялі да здзяйснення агульнай мары ўсіх беларусаў аб уласнай адзінай дзяржаве. 

Антон РУДАК