Апантаныя Беларуссю

Апублiкавана: 19 верасня 2023 Стужка Музыка Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

“Мы непарыўна звязаны з Днём народнага адзінства. Калі гэтую дату афіцыйна яшчэ не адзначалі, 17 верасня 2020 года адбылася прэм’ера нашай песні «Любімую не аддаюць». Такое супадзенне знітавала нас з дзяржаўным святам на ўсё жыццё”, — кажуць удзельнікі групы Юлія Быкава і Яўген Алейнік. 

Сёлета на канцэрце ў “Мінск-арэне” яны прадставілі новую песню “Час выбраў нас”. Таксама прадзюсарскі цэнтр “Аўра” паказаў дэбютнае выступленне народнага калектыву “Добрыя людзі”, які выканаў песню “Сапраўдны беларус”. Юлія і Яўген распавялі нам пра іншае дзіўнае супадзенне, перыпетыі творчага шляху, заработкі за мяжой і зорны статус. А пачнем расказ з гісторыі фота, якое ўпрыгожыла вокладку №36 газеты "Культура".

Я. А.: “На Дзень Незалежнасці, 3 ліпеня, мы выступалі на канцэрце ў Мінску каля Палаца спорту. Вакол была святочная атмасфера: тысячы людзей, сучасныя будынкі, пойма Свіслачы, гасцініца «Беларусь», кафедральны сабор. І так захацелася сфатаграфавацца з галоўным сцягам краіны. Ад душы, зусім без падрыхтоўкі зрабілі здымак”. 

Ю. Б.: “Мы пранікліся момантам. Усё атрымалася спантанна. Майку з арнаментам я купіла там жа, на кірмашы каля Палаца спорту. А здымак зрабіў наш сябар Аляксей Іванчанка, галоўны фатограф Нацыянальнай школы прыгажосці”. 

— У адным інтэрв’ю вы сказалі, што ў гурта “Аўра” спецыфічны рэпертуар. Як вы самі вызначаеце гэтую своеасаблівасць? Яна дапамагае ці перашкаджае? 

Ю.Б.: “Наша спецыфіка— у разнастайнасці рэпертуару. Мы даўно пішам песні. З цягам часу развіваемся, мяняюцца густы. У розныя гады нас хвалююць розныя рэчы. Але нязменным застаецца галоўнае — любоў да народнай творчасці. Што б і на якой бы мове мы ні спявалі, у кампазіцыях заўсёды будуць элементы беларускай этнікі. Наша творчасць прасякнута беларускасцю. І гэта выдатна”. 

— Хто вашы галоўныя слухачы? Яны пастаянныя або мяняюцца з часам? 

Я. А.: “Я сачу за мэтавай аўдыторыяй вельмі пільна, паколькі вяду ўсе нашы сацыяльныя сеткі. Пераважна гэта прадстаўнікі паўднёвых і ўсходніх рэгіёнаў краіны. У апошнія два гады нас вельмі палюбілі, мяркую па праглядах, у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, а таксама ў Мінску. Узрост публікі — 35+. Жанчыны складаюць 80 %, мужчыны — 20 %. 

Нядаўна мы выпусцілі відэаролік на новую песню «Мая старонка». Статыстыка па ім цалкам пацвярджае згаданыя выкладкі”. 

Ю. Б.: “Хацелася б дапоўніць, што, незалежна ад полу і ўзросту, гэта патрыёты Беларусі”. 

— Пытанне да Юліі. Ваш дзесяцігадовы досвед працы ўрачом-тэрапеўтам накладае адбітак на стаўленне да людзей і творчасць? 

Ю. Б.: “Чалавек такі, які ён ёсць, у якой бы сферы ён ні быў заняты. Для мяне ў любой галіне дзейнасці прыярытэтам застаюцца адносіны да людзей, жаданне дапамагчы ім. Доктар лечыць цела, мастацтва лечыць і ўдасканальвае душу. І тым, і іншым павінны займацца асо- бы, што шчыра жадаюць дапа- магаць навакольным”. 

— “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць...” Вы маеце досвед працы за мяжой. Якія зрабілі высновы? 

Я. А.: “Творчасць у сучасным свеце не мае меж. На пачатку кар’еры мы з Юляй працавалі ў арабскіх краінах, ААЭ і Бахрэйне. Зусім маладымі з’ехалі з дому, вучыліся самастойнасці — хапала прыгод. Мы закахаліся і прызналіся ў гэтым адзін аднаму 11 верасня 2001 года, у дзень тэрактаў у Нью-Ёрку. Нам ёсць што ўспомніць. 

Потым мне даводзілася працаваць у Германіі, Францыі, ЗША, Кітаі. Гэта не значыць, што было дрэнна ў Беларусі. Проста я шукаў розныя магчымасці расці прафесійна, знаёміцца з новымі людзьмі, рэалізоўваць цікавыя праекты. 

Як гэта паўплывала на творчасць? Напрыклад, папулярная песня «Сінявокая», якую выконвае Анатоль Ярмоленка, з’явілася ў Кітаі ў 2016 годзе, калі Юля даслала з Беларусі СМС, што нарадзіла сына. Я ад’язджаў, калі жонка была на сёмым месяцы цяжарнасці... Для кожнага з нас гэтая песня вельмі асабістая і шчырая. Яна ўзнікла ад суму расстання, ад любові да Радзімы. 

Работа за мяжой навучыла мяне дзвюм рэчам. Першая — трэба шмат і напружана працаваць. Пры ўсёй павазе да беларусаў скажу: амаль усюды, дзе мне давялося пабываць, людзі працуюць у значна больш інтэнсіўным рэжыме. Асабліва гэта тычыцца сферы культуры. У нас прывыклі, што дзяржава ўсім дапамагае. У іншых краінах артыст разлічвае хіба сам на сябе. Калі яго творчасць не прадаецца, ён проста не можа існаваць. І толькі заваяваўшы прызнанне, выканаўца думае пра чыюсьці падтрымку. А ў Кітаі працаздольнасць людзей наогул няўяўная… 

І другая рэч. Як бы да цябе за мяжой ні падлашчваліся, што б ні прапаноўвалі, ты там застанешся чужынцам. Таму мае высновы простыя: працуй больш і любі Радзіму. З’язджай толькі для таго, каб прывезці сюды новы досвед і выкарыстаць яго тут”. 

— Адкуль у вас веданне беларускай мовы, якое дазваляе складаць такія прыгожыя тэксты? 

Ю. Б.: “Я з дзяцінства займалася ў ансамблі «Зорачка», у якім мы пераспявалі ўвесь беларускі фальклор. Таму я закахана ў народныя песні на нашай мове. А калі стала артысткай і пачала пісаць, мне не прыйшлося вучыць роднае слова, яно было ўва мне. 

Дарэчы, наша першая кампазіцыя па-беларуску «Затрымай мяне» прабіла, як тады здавалася, непрабіўны для беларускамоўных песень бар’ер на радыё. Калі яна стала суперхітом у 2010 годзе, перамагла ва ўсіх конкурсах і пачала актыўна круціцца ў эфіры, мы зразумелі, што гэта запатрабавана. Раней радыёстанцыі вельмі скептычна адносіліся да беларускамоўнага рэпертуару, лічылі яго местачковым”. 

— У які момант вы адчулі сябе зоркамі? 

Я. А.: “Здаецца, такі момант яшчэ не надышоў. Мне даводзілася камунікаваць з многімі вядомымі артыстамі. Калі яны пачыналі адчуваць сябе зоркамі, гэта часта азначала канец іх кар’еры. 

Зорная атрыбутыка — адно: строі, піратэхніка, дэкарацыі, інтэрв’ю, фатаграфіі. Але рэальнае жыццё — зусім іншае. І мы паводзім сябе, як усе: купляем прадукты ў звычайнай сельскай краме ў аграгарадку. Я езджу на метро. 

Распавяду, дарэчы, гісторыю пра зорнасць. У нас у вёсцы ёсць класная школа з басейнам, які наведваюць мясцовыя жыхары. І мы з Юляй неяк вырашылі туды схадзіць. Супрацоўніца нас пазнала: «Ой, а што ж, вы разам з усімі будзеце плаваць? Давайце мы вам асобны час знойдзем». Гэта вельмі міла і пацешна, але не для нас”. 

— Што з’яўляецца ўнікальнай стылістычнай асаблівасцю “Аўры”? 

Я. А.: “Гурту ўжо амаль 20 гадоў, і ў нас было некалькі творчых перыядаў. Спачатку, года да 2009-га, мы арыента- валіся на радыйны фармат. Выконвалі модныя песні на розных мовах. Такія кампазіцыі і цяпер папулярныя, яны круцяцца ў эфіры. 

Далей быў перыяд бурнага развіцця, да 2015-га, калі мы пісалі шмат і для ўсіх. Наштампавалі каля 300 песень для розных артыстаў з розных краін: Малдовы, Расіі, Францыі, Швецыі, ЗША, Кітая, ААЭ. Я многа здароўя патраціў тады, цалкам збіў рэжым. З тых часоў кладуся ў 5—6 ра- ніцы і сплю да 11—12. Не магу вярнуцца да нармальнага графіка, бо ноч цяпер — самы плённы час. 

Пасля надышоў перыяд пераасэнсавання нашай творчасці і месца ў айчыннай культуры. Пачалася праца над альбомам «Куточак Беларусі», за які мы ў 2019-м атрымалі прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». З тых часоў у нас няма выпадковых песень”. 

— Дарэчы, пра 500 створаных вамі кампазіцый... Хапіла б на 50 альбомаў. Іншыя трасуцца над кожнай мелодыяй і тэкстам, якія заляцелі ў галаву. А вы — так шчодра раздаяце. Не шкада? 

Я. А.: “Па-першае, мы іх прадаём. Гэта істотная частка заробку. Па-другое, мы вельмі рана зразумелі, што стварэнне песень — наша справа. Ёсць два розныя шляхі. Перфекцыяніст можа гадамі даводзіць да дасканаласці нейкую ідэю. У Кітаі я працаваў з прадзюсарам альбома «Сцяна» Pink Floyd Бобам Эзрынам, які расказваў, што яны менавіта так і дзейнічалі. Але нам з Юляй гэта не падыходзіць. Нас перапаўняюць ідэі. Мы павінны паспець падзяліцца імі, пакуль яны не страцілі актуальнасць. Стараемся запісваць новыя песні адразу, як толькі яны нараджаюцца ў нас”. 

Віктар ГАЎРЫШ