Вітаем крымскае зямляцтва!

Апублiкавана: 20 верасня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Спадчына

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

У ІV Фестывалі мастацтваў беларусаў свету, які праходзіць у нашай краіне з 19 па 24 верасня, паўдзельнічае прадстаўнічая дэлегацыя з Крыма. Старшыня Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Крыма”, дарадца кіраўніка Рэспублікі Крым па супрацоўніцтве з Беларуссю Раман Чагрынец распавёў пра дзейнасць дыяспары. 

Гэтая беларуская суполка існуе яшчэ з 1991 года. Яна некалькі разоў праходзіла перарэгістрацыю і цяпер называецца Рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Крыма”. Сёння актыў таварыства налічвае больш за тысячу чалавек. 

— Беларуская дыяспара ў Крыме з’яўляецца чацвёртай па колькасці чальцоў і аб’ядноўвае каля 40 тысяч асоб, — адзначае Раман Чагрынец. — Людзей шмат, працы таксама. І нам ёсць чым пахваліцца. На паўвостраве 25 муніцыпалітэтаў. У 12 з іх дзейнічаюць афіцыйна зарэгістраваныя аддзяленні аўтаноміі. Цэнтральны офіс арганізацыі знаходзіцца ў сталіцы рэспублікі — Сімферопалі. 

Па словах кіраўніка дыяспары, у Крыме ёсць гістарычныя месцы кампактнага пражывання выхадцаў з Беларусі: Паўднёвы бераг Крыма, Сімферопаль з прыгарадамі, Феадосія і Стары Крым. Звязана гэта з трагічнымі падзеямі мінулага. 

— Першыя перасяленцы масава прыбылі сюды пасля заканчэння Крымскай вайны 1853— 1856 гадоў, — распавядае старшыня аўтаноміі. — У той узброенай барацьбе ўдзельнічала шэсць беларускіх палкоў. У Сімферопалі ёсць мемарыяльныя могілкі. На іх пахаваны героі, якія загінулі тады. Шмат было і параненых у шпіталях. Такім людзям за мужнасць падаравалі зямлю ў Крыме. 

Другая хваля перасяленцаў хлынула пасля Грамадзянскай вайны ў Расіі 1918—1923 гадоў. І трэцяя — пасля Вялікай Айчыннай. У трэцюю хвалю патрапілі і бацькі Рамана Чагрынца. А пасля 2014-га з нашай краіны ў Крым пераехала каля 9 тысяч чалавек. Некаторыя з іх захоўваюць айчыннае грамадзянства, але набываюць нерухомасць і развіваюць разнастайныя бізнесы на тэрыторыі паўвострава. 

У беларускай дыяспары Крыма ёсць некалькі пастаянных праектаў. Галоўныя з іх звязаны з дзейнасцю Максіма Багдановіча. Двойчы на год тут праводзяцца літаратурныя фестывалі ў памяць пра яго. У маладых аўтараў нават з’явілася традыцыя прыязджаць на магілу паэта ў Ялце, рабіць яму прысвячэнні, чытаючы свае вершы або апавяданні, што лічыцца сімвалічным стартам пісьменніцкай кар’еры. 

На фінішную прамую выходзіць стварэнне музея Максіма Багдановіча ў Ялце. Паводле слоў Рамана Чагрынца, кіраўніцтва Крыма разумее важнасць пытання, таму рашыла выдзеліць памяшканне. У курортным горадзе дамагчыся гэтага было няпроста. Таксама ёсць дамоўленасці з музеямі Ялты, што яны возьмуць на сябе напаўненне экспазіцыі і экскурсійнае абслугоўванне. Гатовы дапамагчы і Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску. 

— Падчас фестывалю мы плануем правесці на гэтую тэму шэраг сустрэч, — сказаў Раман Чагрынец. — Нам здаецца, што стварэнне такога музея можа стаць выдатным сумесным праектам дзяржаўнага ўзроўню. 

Кіраўнік нацыянальнай аўтаноміі “Беларусы Крыма” распавёў і пра тое, што дыяспара штогод ладзіць мерапрыемства, прысвечанае трагедыі ў Хатыні. У Крыме ёсць мемарыял “Чырвоны” на месцы фашысцкага канцлагера. Там арганізуецца ўрок памяці пад адкрытым небам для студэнтаў і старшакласнікаў. Ім расказваюць, што здарылася ў беларускай вёсцы, праводзячы паралель з падзеямі ў Крыме таго часу. Гэтая масавая акцыя добра вядомая ў рэгіёне. У ёй удзельнічае да 500 чалавек. Далучаюцца і афіцыйныя асобы. Так, у апошні раз прысутнічаў старшыня крымскага парламента Уладзімір Канстанцінаў. 

Па традыцыі асноўныя імпрэзы дыяспары праходзяць у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Адмысловы фестываль штогод праводзіцца ў новым месцы. Ён ужо быў у Ялце, Сімферопалі, Судаку, Краснаперакопску, у знакамітым замку “Ластаўчына гняздо”. 

Да Дня беларускага пісьменства аўтаномія падрыхтавала і выпусціла кнігу паводле рукапіснага зборніка Максіма Багдановіча “Зеленя”, складзенага з арыгінальных аўтарскіх перакладаў на рускую мову. Нашы крымскія суайчыннікі дабавілі ў выданне яшчэ і ўнікальны пераклад на ўкраінскую. 

Таксама беларуская суполка актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, прымеркаваных да дзяржаўных свят Расійскай Федэрацыі. Самая арыгінальная падзея ў нашых крымскіх суайчыннікаў — Дзень драніка. Сёлета яны збіраюцца стварыць найбольшую аладку з бульбы, таму падалі заяўку, каб дасягненне было адлюстравана ў Кнізе рэкордаў Расіі. 

Дзейнасць дыяспары не абмяжоўваецца паўвостравам. У Мінску яна стварыла ўстанову “Крымскае зямляцтва”, якая аб’ядноўвае выхадцаў з паўднёвай рэспублікі. 

— На фестываль у Мінск ад нацыянальна-культурнай аўтаноміі прыедуць 13 чалавек, — паведаміў Раман Чагрынец. — Гэта перш за ўсё душа крымскіх беларусаў — Віталь Бартохаў, які прысвяціў жыццё развіццю і папулярызацыі айчыннай культуры ў Крыме. Віталь Мікалаевіч выступае і сола, і ў творчых праектах. Цяпер ён выйдзе на сцэну ў складзе дуэта “Гасцінец”. Каб разумець гэтага чалавека, трэба ведаць, што ён з групай неабыякавых таварышаў на працягу ўжо некалькіх дзясяткаў гадоў даглядае магілу Максіма Багдановіча ў Ялце. 

Беларускіх аматарскіх гуртоў у Крыме больш за 20. Адзін з іх — калектыў “Сяброўкі” Дома культуры “Прыморскае” з Феадосіі — таксама завітае ў Мінск. Сёлета Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур зрабіў нам велізарны падарунак — перадаў беларускія нацыянальныя касцюмы, і мы змаглі адзець у іх нашы асноўныя калектывы. Вялікі дзякуй Міністэрству культуры і РЦНК за гэтую дапамогу. 

Віктар ГАЎРЫШ