"Кар­ней" ука­ра­ніў­ся ў РТБД

Апублiкавана: 23 верасня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі адкрыў 32-і сезон, названы “Сезон скарбаў”, нядаўняй прэм’ерай. Гэта “Карней” паводле твораў Уладзіміра Караткевіча.

Упершыню спектакль рэжысёра Алены Зміцер быў двойчы прадстаўлены на закрыцці папярэдняга сезона — пры поўным аншлагу, нягледзячы на перадпаказ і прамую трансляцыю на відэасэрвісе. Такая глядацкая ўвага для тэатра не навіна. Але і не якісьці падарунак лёсу: папулярнасць напрацоўвалася ўсе гэтыя гады — папраўдзе добрымі спектаклямі, арыентаванымі найперш на найлепшую айчынную драматургію і, шырэй, на беларускую нацыянальную культуру (прычым у яе самых розных праявах — ад фальклору да сутыкнення з агульначалавечымі сусветнымі тэндэнцыямі), на творчыя эксперыменты і найноўшую тэатральную эстэтыку. 

Усё гэта ёсць і ў згаданай пастаноўцы. Цэнтральную сюжэтную лінію складае апавяданне У. Караткевіча “Карней — мышыная смерць”. Але галоўнае ў літаратурнай аснове спектакля — шчодра дададзеныя развагі пісьменніка з яго іншых твораў, уключаючы вершы і эсэ (аўтары інсцэніроўкі — Мікалай Музычэнка і рэжысёр Алена Зміцер). Гэтыя філасофскія разгалінаванні часам увогуле засланяюць сюжэт, асабліва ў першай палове дзейства, і могуць выклікаць у гледача некаторую разгубленасць: часцей яны гучаць з вуснаў насельнікаў... “мышынага царства”. 

Сапраўды, мышы тут незвычайныя, пра што сведчаць ужо іх сцэнічныя строі (мастак — Марына Алекна). Грызуны надзелены адметнымі характарамі, высокім інтэлектам. У пэўны момант постаці гэтых жывёл з чамаданамі ўвогуле асацыююцца з рознага кшталту эвакуацыямі людзей, з вымушанымі раптоўнымі пераездамі, нагадваюць і пра заснаванне мяжы аседласці, і пра Чарнобыль. І выклікаюць думкі, што мышы куды больш чалавечныя, чым фашысты, якія з’явяцца на сцэне пазней. 

Карней таксама адрозніваецца ад літаратурнага прататыпа. У выкананні Дзяніса Аўхарэнкі з яго знешнасцю рамантычнага каханка герой поўнасцю пазбаўляецца былога медыцынскага дыягназу, становячыся цалкам самадастатковым, ды незвычайным, не падобным да іншых. Яго адносіны да мышэй-пацукоў адпавядаюць сусветнай гармоніі ў прыродзе. Карней не рые, як у літаратурным творы, на выхадах з нор глыбокія ямы з вадой, каб даказаць якасць працы пацукалова, — проста пхае ў шчыліны траву, якую мышы не пераносяць, і робіць выгляд, што вымусіў іх пакінуць абжытае месца замовамі. 

Жывёл і людзей яднае тэма дому, заўжды вельмі важная для самога У. Караткевіча. Пісьменнік даносіць яе найперш праз Карнея. Бадзяга, той нарэшце знаходзіць прыстанак і сям’ю, дапамагаючы ўдаве Алесі (Ганна Семяняка) і яе сыну Янку (Арцём Курэнь). І губляе ўсё гэта ў вайну. Але жанравае азначэнне “гісторыя аднаго дома”, падмацаванае аўдыяпраектам “Насіць сэрца дома з сабой”, што гучыць у фае перад пачаткам, нельга ўспрымаць літаральна — толькі на ўзроўні сімвалаў. Побытавая гісторыя знаходжання і страты дому ўзрастае да падзей мінуўшчыны — асэнсавання і магчымай страты радзімы ўсім народам. 

Таму ў сцэнаграфіі вялікую ролю адыгрывае не толькі выява хаты, але і пясок, вада, дрэва, карані, таксама напоўненыя глыбокім сімвалізмам. Вобразам-пярэваратнем ёсць і піяніна на перасоўнай платформе. Яно выкарыстоўваецца і па прамым прызначэнні ў жывым атмасферным гучанні, і як дадатковая прылада, на якую можна ўзлезці, — тым больш ззаду прымацавана шырокая планка, сіметрычная клавіятуры. Праз гэта ў момант, калі піяніна паварочваецца бокам, узнікаюць відавочныя абрысы чорнага крыжа — як прадказанне трагічных падзей. 

Спектакль гаворыць пра многае, вымушае шмат над чым паразважаць, вяртаючыся да гэтага зноў ды зноў. Але па форме ён, на жаль, не адбудаваны, асабліва ў першай палове. Пэўна, рэжысёр баялася, што матэрыялу будзе замала. Атрымалася — замнога. Больш як дзве з паловай гадзіны без антракту абавязваюць да вельмі прадуманага сцэнічнага разгортвання. Як артысты ні намагаюцца трымаць глядацкую ўвагу, дзеянне часам не толькі затарможваецца-замірае, але і губляецца-блытаецца. І толькі бліжэй да фіналу выходзіць на фінішную прамую. Тым не менш цяперашняя прэм’ера можа лічыцца чарговым духоўным здабыткам у адкрытым “Сезоне скарбаў”: далучэнне да творчасці У. Караткевіча, прычым з дапамогай сучаснай тэатральнай мовы, не можа не быць актуальным і запатрабаваным. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва РТБД 

На здымках сцэны са спектакля