Да­лё­кія-бліз­кія: сябры з Паволжа

Наша краіна прыняла Дні культуры Рэспублікі Татарстан. Выставачныя праекты, сустрэчы, канцэрты, спектаклі, кінапаказы — расійская дэлегацыя ярка прэзентавала самабытныя традыцыі і сучасныя дасягненні свайго краю. Размаітая праграма не толькі падарыла незабыўныя эмоцыі беларускай публіцы, але і дазволіла адмыслоўцам абмяняцца досведам, выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва. 

Падмурак гэтай традыцыі заклалі ў 2018 годзе, калі ў Белдзяржфілармоніі адбыўся гала-канцэрт майстроў мастацтваў Татарстана. З таго часу творчы абмен трывала ўвайшоў у культурнае жыццё Мінска і Казані. Летась расійскі рэгіён цёпла прывітаў беларускую дэлегацыю. І сёлета наша зямля з не меншай гасціннасцю прыняла калег, што прыбылі з візітам у адказ. Адной з ключавых падзей стала сустрэча творчай інтэлігенцыі Беларусі і Татарстана, падчас якой бакі выказалі зацікаўленасць у развіцці доўгатэрміновых надзейных сувязей і намецілі кірункі супрацоўніцтва. 

ЗБЕРАГЧЫ СПАДЧЫНУ РАЗАМ 

Як зазначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, наша краіна бачыць вялізны патэнцыял у сумесных патрыятычных праектах. Трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны ўжо адлюстраваліся ў шэрагу беларуска-расійскіх ініцыятыў. Да прыкладу, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны плённа ўзаемадзейнічае з Нацыянальным музеем Татарстана для стварэння часовай экспазіцыі “Адзінай памяці адданыя” да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ліпені завяршылася выстава “Вайна прыйшлася на наша юнацтва” мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” у Казанскім крамлі. Сумесную работу ў гэтым кірунку належыць працягваць і развіваць, лічыць Анатолій Маркевіч. 

Міністр культуры Рэспублікі Татарстан Ірада Аюпава падтрымлівае меркаванне калегі: “Сфера культуры востра рэагуе на выклікі і змены сучаснага свету. Адной з нашых задач з’яўляецца недапушчэнне рэабілітацыі фашызму і перапісвання гісторыі”. Кіраўнік ведамства высока ацаніла вопыт нашай рэспублікі ў захаванні гістарычнай памяці, спадчыны. 

Упэўніцца ў руплівым клопаце аб памятках мінулага міністр і іншыя чальцы дэлегацыі змаглі падчас візітаў ва ўстановы культуры. Госці наведалі дзве беларускія славутасці, уключаныя ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” і замкавы комплекс “Мір”. 

Таксама прадстаўнікі расійскага рэгіёна наведалі Нацыянальны мастацкі музей. Яны азнаёміліся з пастаяннай экспазіцыяй і часовымі выставамі, агледзелі фондасховішчы і рэстаўрацыйныя майстэрні, адзначылі багацце калекцыі. Асаблівую цікавасць у замежных калег выклікалі досвед па даследаванні, аднаўленні і ўмацаванні прадметаў мастацтва, а таксама сучасная матэрыяльна-тэхнічная база нашай скарбніцы. Цягам Дзён культуры беларускія адмыслоўцы абменьваліся досведам з рэстаўратарамі Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў і Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан. 

Вынікам сустрэч сталі двухбаковыя пагадненні аб супрацоўніцтве паміж установамі культуры. Афіцыйныя дакументы цяпер звязваюць музей-запаведнік “Казанскі крэмль” з замкавым комплексам “Мір”, Нацыянальны музей Рэспублікі Татарстан з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальным гістарычным і Нацыянальным мастацкім музеямі Рэспублікі Беларусь. 

ДРУКАВАНАЕ СЛОВА АБ’ЯДНОЎВАЕ 

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава “Рэспубліка Татарстан: кнігі ў прасторы культуры”. Прадстаўленыя ў часовай экспазіцыі выданні беларускі “алмаз ведаў” атрымаў у падарунак ад галоўнага кнігасховішча Татарстана. 

— Мы з любоўю сабралі для вас гэтыя кнігі — упершыню такую вялікую калекцыю. І калі вы азнаёміцеся за зместам, зразумееце, наколькі мы блізкія ў талерантнасці, дружалюбнасці, імкненні да ведаў і інтэлектуальнай магутнасці,— падкрэсліла дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Татарстан Мадына Тымерзянава. 

У экспазіцыі прэзентавана звыш паўсотні кніг — ад энцыклапедычных да рэпрынтных. Гэтая калекцыя дасць аб’ёмныя звесткі пра гісторыю рэспублікі ад старажытнасці да нашых дзён і пра вядомых асоб. Збор уключае альбомы і іншыя друкаваныя работы, прысвечаныя музейным калекцыям, тэатральнаму мастацтву, кіно, фатаграфіі, народным промыслам, традыцыйным святам. Сярод падарункаў— 26 выданняў на татарскай мове. Акрамя таго, фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніліся алічбаванымі арабаграфічнымі рукапісамі на старабеларускай мове, арыгіналы якіх захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Татарстан. 

— Яшчэ з часоў Волжскай Булгарыі і Полацкага княства ў нас моцныя культурныя сувязі. Наша нацыянальнае адраджэнне адбывалася амаль сінхронна. Васіль Іванавіч Качалаў, у гонар якога названы казанскі тэатр, ураджэнец Віленшчыны, сын беларускага праваслаўнага свяшчэнніка. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія культурныя, адукацыйныя ўстановы Беларусі былі вывезены ў татарскую сталіцу. Гэтыя шматвяковыя сувязі цяжка пераацаніць, яны вельмі важныя для нас, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. 

ПАЭТ НА ВОЛЖСКІМ БЕРАЗЕ 

У лістападзе 1941 года Янка Купала разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай прыехаў у Татарстан. Прытулкам творцы на час эвакуацыі стала кватэра на тэрыторыі мукамольнага камбіната ў сяле Пячышчы, што пад Казанню. Гэтаму перыяду жыцця народнага паэта прысвечана выстава “Тут усякая рэч як гавора з табой…” у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. 

Праект рэалізаваны ў супрацоўніцтве з музеем нашага Песняра ў сяле Пячышчы — адзіным на тэрыторыі Расіі. Як расказала загадчыца Рыма Абызава, работнікі ўстановы амаль паўстагоддзя папулярызуюць у Татарстане ды ў суседніх рэгіёнах творчасць беларускага класіка, заўсёды падтрымліваюць сувязь з мінскімі калегамі. 

У часовай экспазіцыі — дакументы, фотаздымкі і рэчы, якімі Янка Купала карыстаўся, жывучы пад Казанню. Наведвальнікам прадстаўляюць успаміны дырэктара мукамольнага камбіната Івана Наякшына пра знаёмства і сяброўства з паэтам, адшуканы літаратарам на волжскім беразе крэмень і іншыя цікавінкі. На стэндах даступныя звесткі пра гісторыю сяла, дзе майстар слова знайшоў прытулак, і згадкі мясцовых жыхароў пра Песняра. Дапаўняюць выставу жывапісныя і графічныя работы Мікалая Гусева, Хаіма Ліўшыца і іншых аўтараў. 

ТЭАТРАЛЬНЫЯ СКРЫЖАВАННІ 

Упершыню ў Беларусь з гастролямі прыехаў Казанскі акадэмічны рускі Вялікі драматычны тэатр імя В.І.Качалава — адзін з найстарэйшых у Расіі. Яго рэпертуар заснаваны на самых адметных творах рускай і замежнай класікі, а таксама сучаснай драматургіі. 

Найлепшыя набыткі калектыў прэзентуе ў Купалаўскім тэатры. Што цікава, беларускую і расійскую ўстановы звязвае адна слынная асоба: Леў Літвінаў паспеў папрацаваць галоўным рэжысёрам у абедзвюх трупах. І неўзабаве яго спектакль пакажуць на сцэне, дзе пастаноўшчык працаваў апошнія гады жыцця. Са славутай “Паўлінкай” акцёры Купалаўскага ў кастрычніку выступяць на ІІІ Качалаўскім тэатральным фестывалі. 

Гастролі казанцаў адкрыліся прэм’ерным “Рэвізорам” па матывах аднайменнай камедыі Мікалая Гогаля ў прачытанні мастацкага кіраўніка калектыву, народнага артыста Татарстана і Расіі Аляксандра Славуцкага. Таксама ў афішы пазначаны мюзікл “Скрыпач на даху”, камедыі “Пыл у вочы”, “Жаніцьба Фігара” і “Баль зладзеяў”, рэтраканцэрт “Калі запаляцца ліхтары”. Паказы казанскай трупы ў Мінску прадоўжацца па 26 верасня. 

СТУЖКІ ПРА ЛЮДЗЕЙ 

Сталічны кінатэатр “Беларусь” прыняў Дні татарскага кіно. Фільмам адкрыцця стаў “Ісэнмесез?” (“Ці жывыя вы?”) рэжысёра Ільдара Ягафарава. Карціна — прызёр Усерасійскага Шукшынскага фестывалю і Міжнароднага фестывалю “Заходнія вароты” ў Пскове. Твор распавядае аб традыцыйнай татарскай сям’і і закранае глыбокія пытанні адзінства нацыі. Ключавая думка, якая пранізвае ўвесь сюжэт стужкі, — калі народ згуртаваны, яму не страшная ніякая нягода. 

На другі дзень гледачоў чакала карціна “Свяціцель” з трылогіі Аляксея Барыкіна пра абраз Казанскай Божай Маці. “Фільм прысвечаны патрыярху Гермагену, знакамітаму герою вызвалення Масквы ад палякаў у 1612 годзе. Гэта не проста расказ пра канкрэтную гістарычную асобу, а цэлае даследаванне, якое пераклікаецца з падзеямі сённяшняга жыцця”,— распавёў рэжысёр. 

Заключнай стала стужка “Мы дзеці 41-га года”, знятая вучнем Аляксея Барыкіна — рэжысёрам Амірам Галіяскаравым— па матывах аднайменнага твора пісьменніка Мухамета Магдзеева. Фільм прысвечаны падлеткам, якія ў няпросты час Вялікай Айчыннай вайны праходзяць падрыхтоўку ў педагагічным вучылішчы. На думку дырэктара “Татаркіно” Міляўшы Айтуганавай, гэтая тэма недастаткова вывучана: шмат карцін пра тое, што адбывалася ў тыле, на перадавой, але мала хто распавядае, як жылі школьнікі, студэнты. 

— Я ў захапленні ад беларускай аўдыторыі. Пасля паказу першай стужкі ўжо разумею, што тут неабыякавы глядач, — дзеліцца ўражаннямі Міляўша Лябібаўна. — Вельмі спадабаўся “Беларусьфільм”. Гэта вялікае шчасце, што ў вас ёсць такая студыя. Бо ў нас у рэгіёнах, на жаль, кінафабрыку падобнага ўзроўню складана пабудаваць, таму мясцовыя ўстановы абіраюць свой шлях далейшага развіцця. “Татаркіно”, напрыклад, у асноўным займаецца постпрадакшнам і здымкамі на натуры. І мы з задавальненнем бы папрацавалі з вашай студыяй. Тым больш што задумы і нават сцэнарый сумеснага праекта ўжо ёсць, засталося толькі яго рэалізаваць. Але і на гэтым мы не спынімся: мяркуем неўзабаве арганізаваць Дні беларускага кіно ў Татарстане. Будзем чакаць новыя стужкі “Беларусьфільма” ў праграме нашага Казанскага фестывалю і спадзяёмся аднойчы патрапіць са сваімі карцінамі на “Лістапад”. 

СІМФОНІЯ СЯБРОЎСТВА 

Яркім акордам Дзён культуры сталі канцэрты майстроў мастацтваў Рэспублікі Татарстан у вялікай зале Белдзяржфілармоніі і ў Палацы культуры горада Маладзечна. Дарэчы, адчуць каларыт усходняга краю наведвальнікі маглі яшчэ да пачатку выступленняў: у фае ўстаноў разгарнуліся выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сувенірнай прадукцыі. 

Сваю творчасць беларускай публіцы прэзентавалі Дзяржаўны ансамбль фальклорнай музыкі пад кіраўніцтвам Айдара Файзрахманава і Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Татарстан, вакальны гурт “Прэм’ер”, народная артыстка Рэспублікі Татарстан Аліна Шарыпжанава, заслужаныя артысты Айрат Ганіеў, Чулпан Юсупава і іншыя выканаўцы. Канцэрт быў поўны сюрпрызаў. Акрамя татарскай і рускай музыкі, прагучала беларуская народная песня “Ехаў Ясь на кані”. А ўдзел у праграме айчынных калектываў і салістаў засведчыў наш настрой умацоўваць культурныя сувязі і еднасць з гасцямі. 

Данііл ШЭЙКА 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА