На кры­лах пес­ні

Апублiкавана: 27 верасня 2023 Стужка Музыка Мінск Заслужаны калектыў

Аўтар: Аўтары

Заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь узорнаму вакальна-эстраднаму ансамблю “Буслік” сёлета спаўняецца 30 гадоў! 

КРЫХУ АСАБІСТАГА…

У дзяцінстве я вельмі любіла спяваць і танцаваць, марыла выступаць перад натоўпам гледачоў і чуць іх гучныя авацыі. І такую магчымасць тады я атрымала, дзякуючы вакальна-эстраднаму ансамблю з добрай назвай “Буслік”. Гэтая дружная сям’я дарыла мне цяпло і зараджала пазітыўнай энергіяй... Хто б мог падумаць, што праз дзесяцігоддзе я сустрэнуся са сваёй настаўніцай, каб узяць інтэрв’ю пра лёс і творчы шлях калектыву? І зноў мяне накрыла хваля радасці і натхнення. 

ЛЯ ВЫТОКАЎ 

Пра тое, з чаго пачыналася гісторыя “Бусліка”, з настальгіяй успамінае кіраўнік ансамбля Зінаіда Аляксандраўна Скалазубава: 

— Я пазнаёмілася з кампазітарам Змітром Яўтуховічам, які пісаў дзіцячыя песні на беларускай мове. У яго была маленькая дачка, у мяне — двое дзяцей, у маіх прыяцеляў таксама — дзяўчынка. І вось з імі мы вырашылі стварыць вакальна-эстрадны калектыў. Спачатку ў ансамбля не было будынка, не было нічога. Зміцер званіў па стацыянарным тэлефоне, дыктаваў словы песень, і вось так мы іх развучвалі. Новыя кампазіцыі запісвалі ў аркестры Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. 

Назву прапанаваў Яўтуховіч. Буслік — маленькая птушка, якая дорыць людзям радасць і шчасце. Так і вакальна-эстрадны ансамбль спевамі панёс у народ станоўчыя эмоцыі і асалоду. 

“БУСЛІК” УЗЛЯЦЕЎ 

Праз некаторы час ансамбль афіцыйна асталяваўся ў мінскай 11-й школе з музычным ухілам. Калектыў працягваў актыўна працаваць. Вакальныя нумары суправаджаліся арыгінальнай харэаграфіяй. Спачатку педагогі і дзеці прыдумлялі танцавальныя рухі самі. “Як адчувалі, так і рабілі, — падкрэслівае кіраўнік. — Цяпер хлопцы і дзяўчаты займаюцца з харэографам”. Яркія касцюмы для канцэртаў дапамагалі шыць бацькі. 

Вакальна-эстрадны ансамбль “Буслік” быў створаны ў 1993 годзе, у 2001-м атрымаў званне “Узорны”, а ў 2012-м — “Заслужаны вакальна-эстрадны калектыў Рэспублікі Беларусь”.

— Наш калектыў можна лічыць заснавальнікам дзіцячай музычнай эстраднай творчасці ў Беларусі, бо ў той час такіх ансамбляў, як “Буслік”, не было. У нас вучыліся: капіявалі выступленні, пераймалі вопыт, — распавядае Зінаіда Аляксандраўна. — Мы ж не сядзелі на месцы: нашай мэтай было паказваць сябе, свае таленты і, вядома, перамагаць. 

Калектыў шмат выступаў у Беларусі. Першае замежнае турнэ здарылася ў 1995 годзе. Пасля на крылах песні “буслікі” абляцелі амаль увесь свет. І ўсюды іх прымалі з адкрытай душой, з цяплом. 

Рэпертуар ансамбля, назапашаны за 30 гадоў творчасці, велізарны. Калектыў выконвае песні і сусветных, і беларускіх аўтараў, такіх як Уладзімір Сарокін, Таццяна Шурынава, Генадзь Сыракваш, Уладзімір Сукалінскі і многія іншыя. Кампазіцыі разнастайныя: дзіцячыя, патрыятычныя, ваенныя, народныя ў эстраднай апрацоўцы. “Буслікі” выступаюць на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, балгарскай, нямецкай, англійскай, французскай, іспанскай і нават турэцкай. “Спяваем на роднай мове гледачоў, да якіх прыязджаем з канцэртамі”, — адзначае педагог. 

А ШТО СЁННЯ? 

Сёлета ў маі калектыў наведаў фестывалі “Чароўная феерыя” і “Творчыя людзі” ў Санкт-Пецярбургу. Пяцігадовая салістка Арына Бараннікава стала лаўрэатам ІІ і ІІІ ступеней, а малодшая ансамблевая група (5—6 гадоў) атрымала два дыпломы ІІ ступені. 

— Мы так спадабаліся суддзям арт- аб’яднання “Творчыя людзі”, што нам нават выдалі сертыфікат на бясплатны ўдзел у адным з будучых конкурсаў-фестываляў, — з гонарам дапаўняе другі настаўнік “буслікаў” Вера Сяргееўна Карачун. — Нам таксама ўручылі спецыяльны дыплом прызнання журы за эмацыянальнае выкананне і ўменне перадаць творчую атмасферу ў нумары. На гэтых фестывалях нашы самыя маленькія артысты выступалі на сцэне ўпершыню, за што атрымалі заслужаныя дыпломы “Творчы дэбют”. 

ДАРЫЦЬ УСМЕШКІ 

Далучыўся “Буслік” і да іншых міжнародных конкурсаў-фестываляў, такіх як “Жар-птушка Расіі”, “Веснавое натхненне”, “Новыя вяршыні — 2023”, “Сябры-2023”. А 4 верасня калектыў выступіў у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах на свяце, прымеркаваным да Дня ведаў. 

Цяпер “буслікі” твораць у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска. Хлопцы і дзяўчаты ад 4 да 22 гадоў трапляюць у калектыў пасля адбору: на ім правяраюць музычны слых, пачуццё рытму. Але самае галоўнае для патэнцыйнага артыста ансамбля — шчырае жаданне вучыцца, развівацца і дарыць гледачам усмешкі, добры настрой. 

Калектыў не збіраецца спыняцца на дасягнутым, пастаянна рухаецца наперад, радуючы публіку якаснымі і эфектнымі выступленнямі. І я дакладна ведаю, што ў такой зладжанай каманды пад чулым кіраўніцтвам выдатных педагогаў усё найлепшае яшчэ наперадзе. 

Арына МІКАЛАЕВА