Най­ста­рэй­шы лі­та­ра­тур­ны

Навагрудскі Дом-музей Адама Міцкевіча адзначыў 85-годдзе. Яшчэ адна важная лічба ўнесена ў летапіс старажытнага беларускага горада. 

Музей аднаго з найвялікшых славянскіх паэтаў Адама Міцкевіча размешчаны там, дзе ў ХІХ стагоддзі жылі бацькі аўтара, дзе стаяў іх дом. Афіцыйна ўстанова адкрылася ў 1938-м. У часы Вялікай Айчыннай будынак быў знішчаны. Аднавілі ж яго ў даваенным выглядзе ў 1955-м. Сёння музей Адама Міцкевіча — сапраўдны культурны маяк Навагрудчыны і візітоўка горада.

Са скарбніцай і яе калектывам “К” злучаюць даўнія сяброўскія і творчыя сувязі. Неаднойчы мы асвятлялі падзеі ўстановы, удзельнічалі ў навуковых канферэнцыях і культурных імпрэзах, якія адбываліся ў гэтых сценах. А ўжо колькі разоў імя Міцкевіча з’яўлялася на старонках газеты, пэўна, не злічыць. 

У гожы дзень 9 верасня гасцей на ганку сардэчна сустракалі дырэктар музея Ганна Апановіч і навуковы супрацоўнік Ганна Гейсік. Па традыцыі свята пачалося з урачыстых прамоў. Намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каролька ад імя кіраўніцтва краю павіншавала калектыў і, падкрэсліваючы яго місію па зберажэнні памяці аб геніяльным паэце, адзначыла: 

— Музей — гэта цэлы свет, у якім можна даведацца пра жыццё і творчасць Адама Міцкевіча, гісторыю малой радзімы. Усцешна, што менавіта Навагрудак мае годных захавальнікаў літаратурнай і краязнаўчай спадчыны — сапраўдных энтузіястаў, здольных адукоўваць, весці навукова-асветніцкую і даследчыцкую дзейнасць, ствараць унікальныя экспазіцыі, арганізоўваць балі, паэтычныя і музычныя вечарыны… За перыяд існавання музей стаў буйным навукова-культурным цэнтрам Беларусі. 

З падзякай былым і сённяшнім работнікам установы выступіла начальнік аддзела культуры і па справах моладзі Марына Шабановіч, уручыўшы старшаму навуковаму супрацоўніку Мікалаю Гайбу і Ганне Гейсік ганаровыя граматы. Ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку, падкрэсліў, што музей — цэнтр культурнага жыцця не толькі горада, але і ўсёй Беларусі, і падзякаваў мясцовым уладам за ўсебаковую падтрымку гэтага важнага для краіны асяродка. Шмат добрых слоў гучала ў святочны дзень. Таксама музею падарылі два каштоўныя артаб’екты: “Перголу сустрэч” і “Лаву натхнення”. У сваю чаргу калектыў установы ганаровымі лістамі аддзячыў кіраўніцтву завода газавай апаратуры, завода металавырабаў, лясгаса ды іншым даўнім сябрам за фінансавую дапамогу. 

А яшчэ на падворку музея высадзілі арабіну. Некалі ў памяць аб Радзіме гэтак жа паступіў у Парыжы Адам Міцкевіч. Выдатную ідэю прапанаваў Мікалай Гайба. 

Пасля ўрачыстай праграмы кожны ахвотны пад кіраўніцтвам дасведчаных майстроў мог паспрабаваць сябе ў традыцыйнай беларускай выбіванцы, вырабе керамічнага посуду і значкоў з выявай Адама Міцкевіча. 

Святлана Каролька, Зміцер Юркевіч, Ганна Апановіч, Марына Шабановіч

Святлана Каролька, Зміцер Юркевіч, Ганна Апановіч, Марына Шабановіч

Імпрэза працягнулася прэзентацыяй гісторыі музея (Мікалай Гайба) і аповедам пра найбольш цікавыя старонкі літаратарскага радаводу (Зміцер Юркевіч), а завяршылася ўзнёслым акордам — чытаннем вершаў Адама Міцкевіча.

Зміцер ЮРКЕВІЧ