Тэатральнасць “па-белавежску”

Апублiкавана: 28 верасня 2023 Арт-блог Тэатры Брэст і вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

ХХVII Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”, які працягваўся больш за тыдзень, завяршыўся 16 верасня. Гран-пры сярод амаль 30 пастановак з 9 краін атрымаў спектакль “Навальніца. Апокрыф” з Масквы. Але вынікі форуму і асабліва назіранні за ім не вычэрпваюцца толькі пералікам пераможцаў.

У АТМАСФЕРЫ ДЫЯЛОГУ 

Любы фестываль пачынаецца з адмысловай атмасферы. У Брэсце яна была! Самая святочная. Не перашкодзіла нават адсутнасць вулічных спектакляў, што ўпрыгожвалі праграму раней. У некаторай ступені іх замяніла цырымонія адкрыцця, што пачалася з вулічнага перформанса пад жывое гучанне духавых. Па чырвонай дарожцы ў той вечар маглі прайсціся ўсе гледачы, адчуўшы сябе не проста зоркамі, а галоўнымі дзейнымі асобамі. І гэта сапраўды было так! На кожным спектаклі — аншлагі, працяглыя апладысменты. Многія артысты прызнаваліся, што такога гарачага прыёму не бачылі нідзе. Гарачым было і надвор’е: усе фестывальныя дні — па летнім “графіку”, градусаў аж да 30. І без дажджоў. Але з “Навальніцай” на сцэне. І з агеньчыкам! Прычым не толькі ў вачах акцёраў і ўзрушаных іх талентам гледачоў, але і ў рэальнасці: першы фестывальны дзень завяршыўся маштабнай вогненна-піратэхнічнай пастаноўкай калектыву Rey Shoy. 

На святочнасць працавала і афармленне. Ля цэнтральнага ўвахода ў Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы былі ўсталяваны не толькі афішы, банеры, сцяжкі, але і вялізныя драўляныя літары, што складаліся ў назву форуму. Як жа не сфатаграфавацца побач з імі? Па традыцыі на лесвіцы між партэрам і балконам была яшчэ адна прыкметная фотазона — выява той вежы ў Камянцы непадалёк ад Брэста, што дала фестывалю імя. 

Адчуванне ўтульнасці, гасціннасці, асаблівай сардэчнасці стваралі і так званыя фестывальныя “кватэрнікі” — канцэрты, што адбываліся ўвечары пасля праглядаў. Сёлета такія імпрэзы ўпершыню перанеслі з тэатральнага бара на вуліцу — у зялёны ўнутраны дворык, дзе ўсталявалі не толькі невялікую сцэну, але і навес з ліхтарыкамі над глядацкімі крэсламі на выпадак дрэннага надвор’я. 

Уладальнік Гран-пры — спектакль "Навальніца. Апокрыф"

Уладальнік Гран-пры — спектакль "Навальніца. Апокрыф"

Канцэрты былі рознымі, уключалі і пранікнёна-паэтычныя, змястоўныя аўтарскія песні Кацярыны Праневіч (Prana), і дыскатэку перад службовым уваходам у фінале форуму.

Выступалі выключна запрошаныя артысты, а не акцёры тэатра, як раней, але фестывальная атмасфера захоўвалася, у тым ліку дзякуючы дыялогам вядучага Ігара Пашэчкі з музыкантамі — замест звыклага аб’яўлення нумароў. 

Раптам падумалася: тэатральны фестываль — гэта ж таксама дыялог. Напрыклад, артыстаў і крытыкаў на чале з Алісай Літвінавай (Масква), якія праводзілі публічныя абмеркаванні кожнага спектакля. Гэта дыялог розных нацыянальных культур, бо ўдзельнічалі калектывы не толькі з Беларусі, але і з Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Даніі, Казахстана, Расіі, Славеніі, Узбекістана. А яшчэ — дыялог розных відаў мастацтва, з’яднаных размаітай тэатральнай эстэтыкай. Бо сучасны тэатр ахоплівае розныя сферы жыцця і аспекты культуры, не толькі забаўляе ці прасвятляе гледача, але і разам з ім разважае пра ўсё — іншымі словамі, вядзе дыялог з рэчаіснасцю і наваколлем. 

ТЭАТР ЗАЎЖДЫ МАЕ РАЦЫЮ 

Загаловак гэтай часткі артыкула — перафразаваная назва балгарскай пастаноўкі “Тата заўжды мае рацыю”, што была прызнана найлепшым спектаклем малой формы. Пакладзеная ў аснову казка Х. К. Андэрсена “Што муж ні зробіць, усё добра” мае багата аналагаў у розных нацыянальных культурах. Звычайна яна распавядае пра чалавека, які праз дурасць застаўся ні з чым. Тэатр “Крэда” з Сафіі прапанаваў сваю версію — пра залішнюю даверлівасць (бо сцэны падману ператвораны ў вясёлае парадзіраванне рэкламных хітрыкаў) і, галоўнае, пра вялікае ўсёдаравальнае каханне, захаванае старымі: невыпадкова ў спектаклі так многа палкіх і адначасова сарамліва-цнатлівых пацалункаў бабулі з дзядулем. 

Азначаная жанрам “снежная камедыя” пастаноўка скарыла крэатыўнасцю. Сцэнічныя строі, рэквізіт — абсалютна ўсё зроблена з танных сродкаў накшталт ваты, марлі, сінтэпону. Дзіўнаватыя скруткі на нашых вачах ператвараюцца ў снежнае покрыва. А з палкамі (амаль што для скандынаўскай хады) — у каня, карову, авечку, нават у курыцу ў кошыку. Гумару— процьма! Добрага, гулліва-гульнёвага. Уся дзея поўная нечаканых фантазійных прыдумак. А белы колер, якім спектакль прасякнуты наскрозь, — яшчэ і сімвал душэўнай чысціні цэнтральных герояў. 

“Сны Гамлета” (Арменія) праз збег абставін перавандравалі з леташняй “Вежы”, стаўшы спектаклем не конкурснай, а дадатковай гасцявой праграмы, — і здзівілі нанова. Гэта было яшчэ большае ўдасканаленне і без таго выбітнага ўвасаблення п’есы Ніны Мазур. Рэфлексія памерлага героя, які пераасэнсоўвае падзеі шэкспіраўскай трагедыі, у сцэнічным творы з’яднана з элементамі мастацтвазнаўчага даследавання. 

У межах гасцявой праграмы паказваўся і “Васіль Цёркін” А. Твардоўскага, прывезены тэатрам “Школа драматычнага мастацтва” (Масква). Спектакль стаў прыкладам новага прачытання патрыятычнай тэмы — з выкарыстаннем не толькі відэа, але і пантамімы, пластыкі, тэатра ценяў, з апорай на традыцыі пляцовачнага тэатра. Яшчэ больш нечаканай аказалася згаданая “Навальніца” таго ж калектыву, ахарактарызаваная рэжысёрам Яўгенам Закіравым як “мяцеж па п’есе А. Астроўскага” і прызнаная найлепшым спектаклем буйной формы. У назву было дададзена яшчэ адно слова — “апокрыф”, што насамрэч не мела ніякага дачынення да рэлігійнага жанру, азначаючы некананічную літаратурную аснову. Сапраўды, тэкст п’есы добра перамяшаны, рэплікі адных персанажаў часцяком агучваліся іншымі. Кацярына была акрылена не каханнем, а жаданнем выплюхнуць кудысьці нерастрачаныя сілы, што прападаюць дарма. Перадусім — на мужа, ды той збягае (Ціхан у выкананні Андрэя Харэнкі прызнаны найлепшай мужчынскай роллю). Тады — на Барыса, які не супраць. У фінале гераіня цытавала школьныя сачыненні, спрачаючыся з хрэстаматыйнай трактоўкай. Бо Кацярына, пачынаючы з фанатычнай адданасці дабру — аж на мяжы з лёгкім вар’яцтвам, прыходзіла да думкі пра татальнае знішчэнне “змрочнага царства”. У руках персанажа апынаўся вялізны нож — і ўсе навокал падалі долу, пакідаючы гераіню сам-насам са школьнай дошкай, на якой Кацярына малюе крэйдай правільную фінальную карцінку “па Астроўскім”. Пры ўсёй экстравагантнасці спектакля яго аўтары разам з гледачамі разважалі пра кошт свабоды і адказнасць за яе. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва тэатра