Ды­ялог мас­тац­тваў

Апублiкавана: 30 верасня 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У рамках Міжнароднага кангрэса “ВНУ культуры і мастацтваў у міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве: глабальныя выклікі і стратэгіі дзеянняў” адкрылася выстава “Дыялог школ”. У экспазіцыі прадстаўлены найлепшыя работы студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ды Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры.

ВУЗЕЛЬЧЫКІ СЯБРОЎСТВА 

Міжнародны кангрэс, прысвечаны сумеснай рабоце ВНУ культуры і мастацтваў, адбыўся ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве МДІКа ў сферы адукацыі, навукі, культурна-асветніцкай дзейнасці і творчасці з БДУКМ. Мэта форуму — кансалідацыя інтэрнацыянальнай супольнасці творчых устаноў вышэйшай адукацыі як важнага складніка міжкультурнага дыялогу краін і народаў. 

— Важна было паказаць, што стратэгіі дзеяння, накіраваныя на захаванне міру і прымнажэнне дасягненняў культуры, могуць выпрацоўвацца толькі ў дыялогу, — распавядае рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская. — У сучасным зменлівым свеце такая гутарка на мове мастацтва вельмі значная. Выстава — першае мерапрыемства кангрэса. Мы праводзім яе, каб нашы студэнты і прафесары бачылі, як развіваюцца творчыя школы дзвюх краін. Спадзяёмся, экспазіцыя прынясе задавальненне і дазволіць у чарговы раз пераканацца, што ні адна культура не бывае замкнёнай на сабе, што мы ўбіраем ўсе найлепшыя дасягненні мастацтва. Для нашага ўніверсітэта гэта, бадай, адзін з самых буйных праектаў, рэалізаваны, што вельмі прыемна, да Дня народнага адзінства. 

Рэктар МДІКа Кацярына Кудрына шчыра прызналася: не чакала, што нядаўна падпісанае пагадненне выльецца ў такую маштабную падзею. 

— Сёння мы з вялікім задавальненнем прысутнічаем на адкрыцці сумеснай выставы, — кажа Кацярына Кудрына. — Гэта выдатная магчымасць не толькі для нашых студэнтаў, але і для прадстаўнікоў усіх творчых ВНУ паглядзець на работы таленавітых людзей, гатовых развівацца ў крэатыўнай прасторы. На мой погляд, тут сёння б’ецца жывая думка. Думка моладзі, выкладчыкаў, якія па-свойму глядзяць на гэты свет. Хацелася б, каб наш дыялог у далейшым ператварыўся ў сеткавае ўзаемадзеянне, каб школы розных напрамкаў змаглі абменьвацца досведам работы па падрыхтоўцы адмыслоўцаў.

СІНТЭЗ ТРАДЫЦЫЙ… 

У работах, прэзентаваных на выставе, увасоблены шырокі спектр ведаў і навыкаў, якімі паспелі авалодаць студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ды Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры за час навучання ў сваіх альма-матар. Прадстаўлены і крэатыўны дызайн, і выяўленчае, і сучаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: кераміка, ткацтва, бацік, саломапляценне, разьба па дрэве, роспіс па шкле, выцінанка, маляванка… Экспанаты, створаныя на аснове векавых народных традыцый з улікам сённяшніх тэндэнцый культуры, сапраўды адлюстроўваюць нацыянальны каларыт дзвюх краін. 

Працы кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКМ самабытныя. Беларусы дэманструюць мастацкі тэкстыль (габелены, вырабы ткацтва, лямец), выцінанку, сучасную маляванку, бацік. Акцэнт на прадметах, якія адсылаюць да народнай творчасці, невыпадковы — так аўтары выставы змаглі падкрэсліць асаблівасці айчыннай школы і здзівіць прадстаўнікоў маскоўскай ВНУ. 

— Работы нашых студэнтаў і выкладчыкаў выкананы ў больш традыцыйных тэхніках з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў, такіх як чырвоная кар’ерная гліна і шамот, саломка і лугавыя травы, папера, лён. У працах прыкметны ўплыў народнага дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, іх вобразы звязаны з беларускімі святамі і абрадамі, міфалогіяй, — распавядае майстар вытворчага навучання і выкладчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКМ Наталля Лінькова. — У экспазіцыі прадстаўлены традыцыйныя віды керамічных вырабаў: гаршкі, глякі, міскі, якімі карысталіся нашы продкі, а таксама копіі дробнай дэкаратыўнай пластыкі з Ракава, Валожына і іншых ганчарных цэнтраў Беларусі першай паловы мінулага стагоддзя. Ёсць, аднак, творы, у якіх аўтары эксперыментавалі з формай, але захавалі аўтэнтычны дэкор. Такія метамарфозы можна пабачыць у кераміцы, выцінанцы, маляванцы. 

…І СУЧАСНАСЦІ 

У працах студэнтаў і выкладчыкаў Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры адчуваецца дух сённяшняга дня. Таму побач з атмасфернымі беларускімі экспанатамі гэтыя прадметы выглядаюць кантрасна, чым і прыцягваюць увагу. Расіяне прывезлі ў Мінск акадэмічны жывапіс, кераміку, шкло, тэкстыль і нават праекты па графічным дызайне і дызайне асяроддзя. Прызнаюцца, што выстаўляцца ў Беларусі для іх — гонар.— Ідэя сумеснай экспазіцыі ўзнікла нечакана, — дзеліцца дацэнт Аляксей Зінчук. — Але рады, што ўсё атрымалася, бо для мастака вельмі важна мець пляцоўку для абмену думкамі. Праект якраз называецца “Дыялог школ”. У нас розныя інтарэсы, вопыт, але тым цікавей паглядзець, хто як працуе і што з гэтага выходзіць.

Загадчыца кафедры дызайну і дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва МДІКа Юлія Мярзлікіна адзначыла, што вельмі натхнілася работамі беларускіх студэнтаў: “У вас прыкметна больш традыцыйных падыходаў у адукацыі, таму, лічу, варта і далей дзяліцца вопытам адны з аднымі, праводзіць агульныя мерапрыемствы. Бо цяпер тое, што мы разам расцём, — выдатна. Спадзяюся, што вашы педагогі ў наступным годзе прыедуць да нас і мы працягнем абмен досведам”. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ