"Я не спяваю, я жыву". Інтэрв'ю з Інгай Кісялёвай

Апублiкавана: 02 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Культурны праект “Разам з мастацтвам” крочыць па краіне. Сярод яго ўдзельнікаў — і артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады, вакалістка кавер-бэнда DeTroit Інга Кісялёва. На сустрэчах з юнымі талентамі яна шчыра дзеліцца досведам. А сёння раскажа нам пра ўласны творчы шлях і пра аншлагі на дыялогавых пляцоўках. 

— Інга, у Вас разнастайны выканальніцкі вопыт… 

— Мая эстрадная творчасць пачалася з тэатра-студыі “Вясёлка” Нінелі Мікалаеўны Бардуновай. Гэты заслужаны дзіцячы калектыў з Магілёва даў беларускай эстрадзе цэлую плеяду вельмі яркіх зорак, уключаючы Ірыну Дарафееву. Затым я скончыла Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. У каледжы я выступала ў суправаджэнні аркестра. Ужо тады на рэспубліканскіх конкурсах былі магчымасці спяваць з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь, з аркестрам Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. 

Падчас вучобы ў БДУКМ тры гады працавала бэк-вакалісткай у Ірыны Дарафеевай. Мы ездзілі па ўсёй краіне. На дзень бывала па тры жывыя канцэрты. Гэта ашаламляльны досвед! Я бачыла, як артыстка выкладваецца, і вучылася ў яе. 

А ўжо з чацвёртага курса пачалася мая работа ў кавер-бэндзе. Гэта цяпер модна і крута. А тады да нас ставіліся з нейкай доляй пагарды. Маўляў, што ўзяць з рэстаранных музыкантаў... Мы былі ў ліку тых, хто мяняў падобныя адносіны да кавер-бэндаў. 

Я пра гэта распавядаю хлопцам і дзяўчатам на дыялогавых пляцоўках. Кажу, што ў такіх калектывах сярод музыкантаў шмат тых, хто мае годны выканальніцкі ўзровень. Часам яны паралельна працуюць у Прэзідэнцкім аркестры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры імя Міхаіла Фінберга. Тлумачу, што на любым міжнародным конкурсе выканальніцкага майстэрства артысты выконваюць праграму з некалькіх песень. І часцей толькі адна з іх арыгінальная. Удзельнік творчага спаборніцтва ў першую чаргу павінен паказаць, як ён спраўляецца з добра вядомымі, пазнавальнымі кампазіцыямі. 

Цяпер я з задавальненнем спяваю ў гурце DeTroit і з гонарам удзельнічаю ў праекце Маладзёжнага тэатра эстрады. Мне падабаецца спалучаць неспалучальнае. А наш рэжысёр Уладзіслава Арцюхоўская прапануе вельмі вартыя рэчы. Напрыклад, я сола выканала песню “Голас”, якую спявалі Ганна Нятрэбка і Філіп Кіркораў. Дарэчы, яны ў дадзеным выпадку таксама ўзяліся за кавер арыгінальнай кампазіцыі La Voix шведскай удзельніцы “Еўрабачання-2009” Малены Эрнман. Яшчэ адной цікавай для мяне працай стала цудоўная кампазіцыя Валерыя Шмата “Продкаў славутых імёны”. У арыгінале яе спяваў дуэт нашых оперных зорак Уладзіміра Громава і Аксаны Волкавай. 

На працягу ўсяго прафесійнага станаўлення мяне суправаджалі людзі, у якіх я багата чаму навучылася і якім я вельмі ўдзячная. А сёння ўжо мне ёсць чым падзяліцца з моладдзю, і гэта вельмі прыемна. 

— Якія вашы ўражанні ад марафону “Разам з мастацтвам”? 

— Дыялогавыя пляцоўкі — вельмі цікавая форма ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. Для мяне, як і для іншых артыстаў, гэта новы і незвычайны досвед. Верасень пачынаецца для нас ударна. Тры тыдні запар мы будзем выязджаць у розныя гарады краіны на тры дні і сустракацца з творчай моладдзю. 

У праекце ўдзельнічаюць і зоркі айчыннай эстрады, такія як Жанет або Валерый Шмат (кіраўнік арт-групы “Беларусы”. — Заўв. аўт.), і менш вядомыя новаму пакаленню выканаўцы. Вопыт кожнага з нас па-свойму ўнікальны і цікавы тым, хто плануе звязаць прафесійную будучыню з мастацтвам. 

На дыялогавых пляцоўках я магу расказаць і пра тэатральную, і пра спеўную творчасць. Распавесці, як гэта сумяшчаць, якія ёсць падводныя камяні, якія нюансы. З чым трэба змагацца, а чаму — вучыцца. 

— Якім словам вы акрэсліваеце сваю прафесію? 

— Артыст. Для мяне сцэна — гэта больш сапраўдны свет, чым усё паза яе межамі. І галоўнае — быць там. Няважна, у якім амплуа. Што б мне ні прапанавалі зрабіць на сцэне, я зраблю. Скажуць танцаваць — станцую, скажуць быць дрэвам — буду дрэвам, скажуць памерці — памру. Можа, гэта дзіўна для чалавека, чыя праца — спяваць. Але на сцэне я не спяваю, я жыву. 

— Якія вялікія мэты ставіце перад сабой? 

— Шчыра? Мне да гэтага часу ў душы 15 гадоў. Таму жыву наіўнай верай, што ўсё атрымаецца і будзе добра. Я працягну ўдасканальвацца. І хачу калі- небудзь прэзентаваць публіцы ўласныя песні. 

— Ёсць меркаванне, што ў шоу-бізнес людзі ідуць, каб атрымаць славу і грошы. А вас што туды прывяло? 

— Не крывячы душой, скажу, што грошы для мяне наогул не маюць асаблівага значэння. Гэта частка сістэмы жыццезабеспячэння. Таму яны не могуць быць мэтай. Іх павінна хапаць на задавальненне элементарных патрэб. Калі больш — добра. Калі не — нічога страшнага. 

Дарэчы, на дыялогавых пляцоўках ёсць бліц для артыстаў ад мадэратара. Сярод іншага нас пытаюцца: што абярэш — славу ці грошы? Многія шчыра кажуць — грошы. Логіка такая: калі будуць яны, будзе і слава. Але я б, адказваючы на такое пытанне, абрала папулярнасць. 

— Часта бацькі наракаюць, што сёння педагогі абыякавыя да выхаванцаў. Хочаш — вучыся, не хочаш — твая праблема… 

— Зыходзячы са свайго досведу, не магу з гэтым пагадзіцца. Я шчыра прызнаюся на пляцоўках, што галоўная прафесійная школа ў мяне была ў каледжы. Менавіта там — хочаш не хочаш — у цябе запіхваюць веды. А калі не спраўляешся, адсылаюць дадому. Ва ўніверсітэце іншы падыход. Дысцыплінавана наведваеш заняткі — і табе ў рэшце рэшт даюць дыплом. Але калі жадаеш атрымаць сапраўдныя веды, трэба старацца. Трэба даказаць педагогу, што ты іх варты. І тады — толькі паспявай убіраць у сябе карысныя парады. Аднак такая практыка ва ўсіх універсітэтах па ўсім свеце. 

— Вы ўжо ўдзельнічалі ў вясновых дыялогавых пляцоўках. Ці ёсць прапановы, як скарэкціраваць фармат акцыі? 

— Мабыць, толькі адна. Большая частка нашай аўдыторыі — моладзь. Яе куміры сёння ў сацыяльных сетках. Новае пакаленне амаль не глядзіць тэлевізар, не слухае радыё. Мы размаўляем з хлопцамі і дзяўчатамі, а яны слаба ўяўляюць, з кім маюць справу. Таму, думаю, было б лепш дыялогавыя пляцоўкі пачынаць з невялікага канцэртапрэзентацыі. Тады, магчыма, пытанні да нас былі б больш асабістыя, адрасныя і канкрэтныя. 

Дарэчы, хочацца падзякаваць Міністэрству культуры за гэтую ініцыятыву. Дыялогавыя пляцоўкі карысныя і нам, артыстам. Пасля кожнай з іх адразу рэзка ўзрастае колькасць падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Праект “Разам з мастацтвам” — шанц пашырыць аўдыторыю, прычым за кошт найлепшых з магчымых слухачоў — будучых прадстаўнікоў творчых прафесій. Гэта выдатна! 

Віктар ГАЎРЫШ