Святочны бібліябум: пешшу па выставах

Кожны год 15 верасня супрацоўнікі бібліятэк, а з імі і шматлікія чытачы, адзначаюць  прафесійнае свята. Дзень бібліятэк з'явіўся ў нашай краіне па ўказе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2001 годзе. І дата святкавання абраная не выпадкова —у гонар дня заснавання  Нацыянальнай бібліятэкі, якая сёлета спраўляе 100-гадовы юбілей. Што зараз адбываецца ў галоўным кнігасховішчы краіны? Пройдземся разам з наведвальнікамі па актуальных праектах “дыямента ведаў”.

МІР І БЯСПЕКА ДЛЯ ЎСІХ

Тэматычная кніжная выстава, прымеркаваная да Міжнароднага дня міру, знаёміць карыстальнікаў бібліятэкі  са  шматграннай дзейнасцю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацый у галіне падтрымання міру і міжнароднай бяспекі. Экспазіцыя налічвае каля 100 дакументаў на рускай, англійскай і нямецкай мовах. Сярод экспанатаў — міжнародныя прававыя дакументы, энцыклапедыі і даведнікі, манаграфіі, матэрыялы даследаванняў па праблемах вайны і міру, палітыка­прававыя даследаванні па мерах умацавання даверу і бяспекі, матэрыялы навукова­практычных  канферэнцый, круглых сталоў, навуковыя даклады, навучальныя дапаможнікі.

КНІЖНАЕ СТАГОДДЗЕ

У цэнтры экспазіцыі, якая была падрыхтавана да Дня беларускага письменства, — Год гістарычнай памяці. Гэта інтарактыўная прастора — магчымасць дакрануцца да ўзнаўленняў знакавых узораў айчыннай кніжнай культуры, стаць удзельнікам тэматычнай віктарыны “Загадкі кніжнай скарбніцы”, павіншаваць бібліятэку і пакінуць свае пажаданні. А паглыбіць веды пра гісторыю роднай краіны дапамогуць электронны інфармацыйны рэсурс “Гісторыя бібліятэчнай справы Беларусі” і тэматычная прэзентацыя “Гомельшчына ў рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”.

БІБЛІЯКОМПАС

У межах святкавання 100­гадовага юбілею адкрыўся адмысловы выставачны праект. У ім прадстаўлены шматлікія падарункі партнёраў, гасцей, сяброў і чытачоў бібліятэкі: кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, даследчыкаў, вучоных, мастакоў; нацыянальныя сувеніры і прадметы адзення з розных краін свету, факсімільныя ўзнаўленні кніжных помнікаў, альбомныя выданні ад прыватных асоб і замежных дэлегацый з краін Еўропы, Азіі, Афрыкі; жывапісныя палотны, калажныя работы, акварэльныя замалёўкі, фотапластыка. Асобнае месца ў экспазіцыі — узнагароды і падзякі, атрыманыя бібліятэкай. Сярод іх: за паспяховую працу ў ажыццяўленні выдавецкіх праектаў па захаванні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, за актыўную дзейнасць у сферы міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва і іншыя.

УЧОРА, СЁННЯ, ЗАЎТРА

Гэты фотапраект таксама прымеркаваны да 100­гадовага юбілею бібліятэкі. Тут можна ўбачыць архіўныя і сучасныя мастацкія фотаздымкі, большасць з іх экспануецца ўпершыню. У праекце прынялі ўдзел вядомыя сучасныя беларускія  фотамастакі, члены Саюза фатографаў Беларусі і народнага фотаклуба “Мінск”. Фотаздымкі вобразна ўзгадваюць мінулае бібліятэкі, нібыта  гартаюць старонкі яе стогадовай гісторыі. Індывідуальныя стыль, почырк фота­мастакоў дазваляюць убачыць сучаснае і будучыню ўстановы праз прызму аўтарскага творчага ўяўлення.

ТУРЫЗМ У XXI СТАГОДДЗІ

Дадзеная кніжная выстава прысвечана Сусветнаму дню турызму. Тут прадстаўлена больш за 100 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы. Вялікую частку складаюць дакументы міжнародных арганізацый на рускай, французскай і англійскай мовах. Матэрыялы экспазіцыі датычаць прававога забеспячэння міжнароднага турызму, ролі і значэння турызму ў эканамічным і сацыяльным развіцці краін і рэгіёнаў, развіцця індустрыі турызму і турыстычнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь і інш.

УЗЛЁТ МУЗЫЧНАЙ ДУМКІ

Канцэрт­лекцыя — сумесны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і арт­прасторы “Свет класічнай музыкі”.Цыкл сустрэч “Прагулкі скрозь стагоддзі” раскрывае гісторыю развіцця класічнай музыкі. Кожную апошнюю суботу месяца наведвальнікаў бібліятэкі чакае знаёмства з шэдэўрамі акадэмічнай музыкі ў выкананні музыкантаў­аматараў. Выкананне будзе дапоўненае расповедам пра кампазітараў і гісторыю з'яўлення асобных твораў, а таксама маляўнічай прэзентацыяй з панарамай культурнага жыцця эпохі: яе архітэктуры, жывапісу, літаратуры, моды.

Ганна САКАЛОВА