Прасякнуцца беларускасцю…

Апублiкавана: 03 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Яркімі фарбамі нацыянальных традыцый гала-канцэрт “Ручнікі — шляхі да дому” IV Фестывалю мастацтваў беларусаў свету расквеціў Мінск. Амаль кожная дэлегацыя была прадстаўлена творчым калектывам. А майстры народных рамёстваў прэзентавалі сталічнай публіцы свае здабыткі на выставе дэкаратыўнапрыкладнога і выяўленчага мастацтва. Мерапрыемствы прайшлі ў Мінскім гарадскім палацы культуры з аншлагам. 

Фестываль стаў сапраўдным святам беларускасці. Палац культуры быў прасякнуты адмысловай атмасферай. Экспазіцыя запоўніла, здаецца, усе яго вольныя памяшканні, акрамя галоўнай залы. Айчынныя майстры народнай творчасці здзіўлялі выкшталцонымі ўзорамі беларускага саломапляцення. Кветкі, звяры, птушкі і нават самакат — з саломы можна, аказваецца, зрабіць любы, нават самы незвычайны, прадмет для ўпрыгожання інтэр’ера. 

— Аднойчы ў мяне замовілі саламяны велатрэнажор, — распавяла майстар Вольга Аскірка. — Просьба падалася дзіўнай, але арыгінальнай. Чаму б не паспрабаваць? Я зрабіла. Пасля гэтага раз-пораз адмыслова ствараю нешта такое, чаго не чакаюць пабачыць на выставе саломапляцення. Вось як гэты самакат, напрыклад. Дарэчы, ён нескладаны. Многія элементы для яго плялі дзеці, якіх я навучаю свайму майстэрству. 

Госці з замежжа прывезлі свае ўзоры нацыянальных строяў, вышыўкі, карціны. Эдуард Ліцвіноўскі з Даўгаўпілса прэзентаваў фотавыставу — партрэты беларусаў Латвіі, якія займаюцца грамадскай дзейнасцю. Дарэчы, мала хто ведае, што ў гэтай краіне наша дыяспара выпускае аж дзве газеты: “Прамень”, агульнае выданне беларусаў Латвіі, і “Уздым”, газету аднайменнага Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства. Гэтая перыёдыка таксама была паказана ў экспазіцыі. 

Асобна варта адзначыць выдатную працу каманды, якая стварала галаканцэрт. Імпрэза “Ручнікі — шляхі да дому” была сапраўднай сустрэчай сваякоў пасля доўгага расстання. Здзіўляе, наколькі арганічна спалучыліся таленты гасцей і прафесійных беларускіх зорак. Да таго ж ставілі канцэрт фактычна за адзін дзень галоўны рэжысёр Ніна Осіпава і галоўны балетмайстар Ірына Канавальчык. Уражвалі сцэнаграфія Галіны Холад і відэакантэнт Ліліі Шкарупа. 

Наступны дзень быў самым насычаным у фестывальнай праграме. Творчая сустрэча замежных беларускіх майстроў слова з членамі Саюза пісьменнікаў нашай краіны прайшла ў музеі Янкі Купалы. Прадстаўнікі дыяспары маглі абмяняцца досведам з сябрамі Беларускага саюза мастакоў у Нацыянальным мастацкім музеі. Беларускі саюз майстроў народнай творчасці зладзіў майстар-класы ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Таксама госці форуму наведалі мемарыялы ў Хатыні і Трасцянцы, дзе ўсклалі кветкі да помнікаў людзям, закатаваным фашысцкімі карнікамі, і ўшанавалі памерлых. 

У апошні фестывальны дзень беларусы замежжа раз’ехаліся па рэгіёнах, каб паказаць сваё мастацтва і пазнаёміцца з мясцовымі асаблівасцямі традыцыйных народных культуры і побыту. 

Светлагорскі раён Гомельскай вобласці прымаў дыяспары з Італіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі і двух расійскіх гарадоў (Самара і Санкт-Пецярбург). Суродзічаў сустракалі хлебам-соллю. Пасля ветлівага прыёму госці ўшанавалі загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны салдат і мірных жыхароў ля памятнага знака ў гонар аперацыі “Баграціён” і ў мемарыяльным комплексе “Ала”. Веліч гістарычных аб’ектаў не магла пакінуць наведвальнікаў абыякавымі. Затым у Светлагорскім цэнтры культуры адбыўся канцэрт аматарскіх вакальных калектываў беларусаў замежжа. Ён прайшоў у цёплай і душэўнай атмасферы. 

У Аршанскі раён Віцебскай вобласці адправіліся прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў з Арменіі, Латвіі, Літвы і расійскага Томска. Госці завіталі ў мастацкую галерэю імя В. А. Грамыкі, этнаграфічны музей “Млын”, Ваеннагістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава. У Палацы культуры “Орша” прайшоў канцэрт творчых калектываў беларусаў замежжа. На мясцовым узроўні дасягнуты дамоўленасці аб рэалізацыі сумесных міжнародных культурных праектаў. 

Госці форуму наведалі мемарыял у Хатыні

Больш за 40 гасцей наведалі Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці. Яны азнаёміліся з працай дзіцячай школы мастацтваў Клічава. Ва ўстанове арганізавалі творчую этнасустрэчу “Патанцуем, пачастуем” з удзелам узорнага фальклорнага ансамбля “Купалачка” і заслужанага аматарскага калектыву ансамбля народнай музыкі і песні “Жытніца” ДШМ Клічава, майстаркласы па рэгіянальных традыцыйных рамёствах і дэгустацыю страў беларускай кухні. Затым беларусы замежжа паўдзельнічалі ў канцэрце і наведалі помнік спаленым вёскам Вязень і Сялец, а таксама мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Усакіна”. 

На Случчыне для ўдзельнікаў фестывалю падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне, пасля якога яны ўшанавалі загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да знака ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. Адмысловыя мерапрыемствы і цікавыя сустрэчы з творчымі калектывамі дыяспар адбыліся і ў іншых рэгіёнах Беларусі. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА