Да Шастаковічаў на Міншчыну

Апублiкавана: 02 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мiнская вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

З 23 верасня да 3 кастрычніка на Міншчыне праходзіць VII Міжнародны фестываль “У Шэметаве ў Шастаковічаў”. Шэсць адметных канцэртаў ладзяцца ў Мядзеле, пасёлку Нарач, Маладзечне і Мінску. 

Сусветна вядомы расійскі кампазітар Дзмітрый Шастаковіч меў беларускія карані: яго прадзед па бацькавай лініі нарадзіўся ў мястэчку Шэметава на Мядзельшчыне. Расказваюць, што ў 1953-м сюды прыязджаў і сам вялікі творца, каб адшукаць, дзе жылі яго продкі і дзе хрысцілі яго прадзеда. Задума праводзіць такі форум у родных для кампазітара мясцінах належыць знакамітаму беларускаму спеваку Аркадзю Валадосю, які ў 1979 годзе пераехаў у Францыю. Завяршыўшы оперную кар’еру, артыст працягнуў выкладаць, заснаваў нотнае выдавецтва, не згубіў сувязей з радзімай. Ён па-ранейшаму папулярызуе беларускую нацыянальную культуру. Ідэю фестывалю, што ладзіцца з 2016 года, падтрымалі на дзяржаўным узроўні, форум курыруецца Мінскім аблвыканкамам. 

Канцэртныя праграмы ўключаюць не толькі музыку Д. Шастаковіча, але і сусветную ды беларускую класіку. Сёлета, да прыкладу, на адкрыцці выконвалі Другі струнны квартэт Дзмітрыя Смольскага. Ноты гэтага твора былі выпушчаны Аркадзем Валадосем у Францыі і прадаюцца ў розных краінах свету, прыцягваючы ўвагу адмыслоўцаў. 

Сярод удзельнікаў фэсту — капэла “Санорус”, што не абмінула ніводнага форуму, знаныя салісты, шэраг якіх сёлета папаўняе знакаміты французскі габаіст Жэром Гішар, уладальнік першай прэміі міжнароднага конкурсу ў Токіа. Гэты музыкант не толькі ўдзельнічае ў канцэртах, на якіх разам з капэлай “Санорус” пад кіраўніцтвам дырыжора Вячаслава Ларына выконвае буйныя габойныя творы Моцарта і Альбіноні, але і правёў майстар- клас для студэнтаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дарэчы, чарговае выступленне Жэрома Гішара адбудзецца 1 кастрычніка, у Міжнародны дзень музыкі, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. А закрыецца фестываль там жа 3 кастрычніка — творамі Д. Шастаковіча і А. Шнітке. На заключнай імпрэзе на сцэну выйдуць фартэпіянны дуэт Наталлі Котавай і Валерыя Баравікова, струнны квартэт Белдзяржфілармоніі і вядомы піяніст, мастацкі кіраўнік установы Юрый Гільдзюк. 

— Фестываль пачынаўся непасрэдна з Мядзельшчыны, — гаворыць Аркадзь Валадось. — Літаральна штогод да яго далучаюцца ўсё новыя канцэртныя пляцоўкі, і ўсюды публіка горача вітае артыстаў. У Нарачы ўвогуле быў фурор! Ідэй у мяне шмат. Хацелася б шчыльна супрацоўнічаць не толькі з капэлай “Санорус”, але і з іншымі творчымі калектывамі Беларусі — найперш з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам, што дало б магчымасць выконваць музыку, разлічаную на вялікія інструментальныя склады. У будучыні жадаю замаўляць для форуму новыя творы беларускіх кампазітараў, бо такія нацыянальныя прэм’еры заўжды робяць гонар фестывальным канцэртам. Да ўдзелу хацелася б запрашаць не толькі знаных салістаў, але і нароўні з імі найлепшых выхаванцаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Рэспубліканскага каледжа пры ёй: сумесныя выступленні сталых прафесіяналаў і маладых артыстаў, якія толькі пачынаюць кар’еру, карысныя для абодвух бакоў. І вельмі прыцягальныя для слухачоў. Акрамя таго, у мяне ўзнікла думка заснаваць у Беларусі суполку, што яднала б музыкантаў і мастакоў, літаратараў. Часцяком так здараецца, што прадстаўнікі адной сферы мала што чуюць пра іншыя. А між тым можна ладзіць сумесныя праекты! Таленавітыя людзі павінны ведаць адзін аднаго, бо такія кантакты будуць пашыраць творчыя далягляды і прыводзіць да цікавага сінтэзу мастацтваў, вельмі запатрабаванага цяпер. Да таго ж фестывальныя канцэрты можна было б сумяшчаць з жывапіснымі выставамі, паэтычнымі і, шырэй, літаратурнымі чытаннямі, сустрэчамі з беларускімі кампазітарамі, мастакамі, пісьменнікамі, артыстамі тэатра і кіно. Такое пашырэнне фестывальнай палітры адпавядае не толькі сучасным тэндэнцыям, але і самой асобе Дзмітрыя Шастаковіча, тым яго творам, якія закранаюць розныя віды мастацтваў. Я вельмі люблю сваю родную краіну і хачу зрабіць як мага больш для развіцця яе музычнай культуры. 

Аркадзь Валадось: — Жадаю замаўляць для форуму новыя творы беларускіх кампазітараў, бо такія нацыянальныя прэм’еры заўжды робяць гонар фестывальным канцэртам.

Надзея БУНЦЭВІЧ 

На фота: канцэрты фестывалю