Ад­крыць се­зон — за­стац­ца з “Но­сам…”

Апублiкавана: 04 кастрычнiка 2023 Арт-блог Тэатры Гомель і вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Новы сезон Гомельскі абласны драматычны тэатр пачаў 20 верасня. Вядома, з нядаўніх прэм’ер. Сярод іх —“Жаніцьба Бальзамінава”, што з’явілася ў рэпертуары ў чэрвені, сакавіцкія “Дзве гадзіны шчасця”, больш ранняя патрыятычная пастаноўка “Пайсці і не вярнуцца” паводле Васіля Быкава (яе творчая каманда ў канцы месяца запрошана на Міжнародны фестываль “Радзіма мая…” у Смаленску).А 23 і 24 верасня гомельскім тэатралам прапанавалі пастаноўку “Нос маёра Кавалёва”, першыя паказы якой завяршалі ліпеньскую афішу. 

Вялізная скульптура носа, не менш як на два метры, сустракае гледачоў ужо ў фае (мастак-пастаноўшчык — Таццяна Стысіна). Трэба абавязкова сфатаграфавацца з такім героем! А пасля спектакля можна распісаць-размаляваць фігуру фламастарамі — падзяліцца ўражаннямі ад прагляду. Гомельскі тэатр і раней рабіў цікавыя фотазоны — да прыкладу, вялікі банер да пастаноўкі “Пушкін. Маленькія трагедыі”. А з цяперашняй статуяй — не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Спачатку тая грандыёзная выява мусіла з’яўляцца на сцэне ў фінале, у момант кульмінацыі, сімвалізуючы ўзрастанне значнасці, сэнсавай вагі гэтага дзіўнаватага персанажа. Але тэхнічна было складана выкаціць супернос бясшумна, не перашкаджаючы дзеянню. І спыніліся на цяперашнім варыянце. 

Ды ўсё ж галоўнай неспадзяванкай становіцца іншы крэатыў — уздзеянне кінамастацтва і найперш… мульцікаў, прычым без моднай сёння дэманстрацыі відэа. Справа ў тым, што адны артысты ўвасабляюць герояў пластыкай цела, а іншыя — голасам, змяняючы тэмбры і агучваючы адразу некалькіх персанажаў. Апавядальнікі (Вера Грыцкевіч і Сяргей Юрэвіч) шчодра расквечваюць дыялогі імітацыяй разнастайных шумаў і не хаваюцца за кулісамі, а займаюць месцы ў аркестравай яме — на ўзроўні дырыжора, каб зала магла іх бачыць. У выніку падзеі разгортваюцца паралельна: між асноўнымі персанажамі гогалеўскага “Носа” — і між нашымі сучаснікамі, што выступаюць майстрамі агучкі. Дарэчы, апошнія таксама з’яўляюцца ўласна на сцэне — у ролі самога Гогаля і таямнічай дамы ў чорным. 

Увогуле, маленькі бенефіс ёсць у кожнага з занятых у спектаклі акцёраў. Мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Лагуценка ў ролі цырульніка — проста зорка французскіх камедый! Юрый Марціновіч (Нос) выдае цудоўную пародыю на штампы опернай жэстыкуляцыі. Дзмітрый Попчанка, што паўстае ў якасці цэнтральнага героя — маёра Кавалёва, скарае выкшталцонай, неверагодна выразнай пластыкай, дапоўненай элементамі спартыўнай гімнастыкі. 

Асобным персанажам, гэткім пераасэнсаваным шэрым кардыналам, становіцца тэатральнае святло, якім кіруе пецярбургскі мастак Максім Ахрамееў. Асабліва ўражвае фінал, калі відарыс Паўночнай сталіцы Расіі на задніку павольна-няўмольна змяняецца на нашых вачах — менавіта праз святло, здольнае на па- добныя цуды ператварэння. Чым не майстар-клас для мастакоў па святле, чыя прафесія набывае ўсё большую вагу? 

Ды ўсё ж галоўная роля ў гэтым спектаклі належыць рэжысёру і адначасова аўтару незвычайнай інсцэніроўкі — заслужанаму дзеячу мастацтваў Паўднёвай Асеціі, галоўнаму рэжысёру Санкт-Пецярбургскага тэатра “Майстэрня” Раману Габрыа. Гэта ўжо другая сустрэча гамяльчан з яго эксперыментальнай творчасцю: год таму адмысловец выпусціў спектакль “Пушкін. Маленькія трагедыі”, які ўдастоіўся і замежных гастролей, і бліскучай перамогі на ХV Міжнародным фестывалі “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. 

Упэўнена, што цяперашняе прачытанне Гогаля, з гумарам і безліччу дадатковых асацыятыўных сэнсаў перакладзенае з літаратурнай мовы на сцэнічную, прыцягне не толькі спрактыкаваных тэатралаў, гатовых да авангарднай эстэтыкі, але і моладзь, у тым ліку падлеткаў. Аказваецца, звыклая школьная праграма можа быць зусім не сумнай! Яна здольная ўключаць глядацкую фантазію лепш за любыя камп’ютарныя гульні. Тыя ж, каму больш даспадобы тэатральны традыцыянізм, усё роўна застаюцца з “Носам…”: з новай трактоўкай можна не пагаджацца, але забыць гэты спектакль — не. 

Надзея БУНЦЭВІЧ