Ноу-хау му­зыч­най ад­ука­цыі. Інтэрв'ю з Аленай Куракінай

Апублiкавана: 04 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: ЧАРНЯКЕВІЧ Юрый

Навучальны год толькі пачаўся.Якім ён стане для выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі? Як тут размеркавалі выпускнікоў і які конкурс быў пры паступленні сёлета? Што за маштабны міжнародны форум зладзілі ва ўстанове днямі? Пра ўсё гэта ды пра многае іншае–у інтэрв’ю з рэктарам акадэміі, кандыдатам мастацтвазнаўства,дацэнтам Аленай Куракінай.

— Алена Віктараўна, перш за ўсё віншуем вас з пачаткам навучальнага года. І раскажыце, калі ласка, што за маштабная падзея нядаўна адбылася ва ўстанове. 

— Дзякую за віншаванні! Сапраўды, 4—5 верасня ў акадэміі ўпершыню праходзіў Міжнародны форум прадстаўнікоў прафесійнай музычнай адукацыі краін Еўразіі. У ім удзельнічалі госці з Расіі, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана, Манголіі. Было вельмі адказна прымаць падобнае мерапрыемства. Думаю, мы справіліся з усімі арганізацыйнымі пытаннямі. 

— Якія галоўныя тэмы абмяркоўваліся? 

— Напрыклад, нацыянальныя варыянты сістэмы непарыўнай музычнай адукацыі. Акрамя таго, як казалі нашы госці, у Беларусі існуе мноства ідэй і напрацовак у галіне музычнай адукацыі, таму некаторыя з гэтых задумак з цягам часу плануюць укараніць расійскія калегі. Падымаліся і пытанні міжнароднага супрацоўніцтва. Аб’ём нашых замежных кантактаў праз эпідэмію COVІD-19 часова зменшыўся, але цяпер мы іх актыўна аднаўляем: падпісваем дамовы аб супрацоўніцтве з арганізацыямі і ўстановамі адукацыі, удзельнічаем у міжнародных конкурсах і праектах. Прычым да іх далучаюцца як выкладчыкі, так і студэнты. 

— А якія асноўныя вынікі форуму? 

— Іх шмат. Так, у рамках форуму прайшло першае сумеснае пасяджэнне Савета па пытаннях прафесійнай музычнай адукацыі (Беларусь), Федэральнага вучэбна-метадычнага аб’яднання ў сістэме вышэйшай адукацыі (Расія) і Асацыяцыі музычных адукацыйных устаноў. У нас сабраліся прадстаўнікі кансерваторый — Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Ніжняга Ноўгарада, Саратава, Астрахані, Петразаводска ды іншых, музычных вучылішчаў, каледжаў і ВНУ Расіі, устаноў адукацыі Беларусі. У анлайн-рэжыме да сустрэчы далучыліся Узбекістан, Казахстан, Таджыкістан і Манголія. Апошнія дзве краіны выказалі жаданне стаць членамі асацыяцыі, якая сёння налічвае больш за 70 устаноў адукацыі. 

— Маштабны форум яшчэ раз пацвердзіў высокае становішча Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў свеце. Відавочна, пра гэты статус ведалі і тыя, хто сёлета паступаў да вас. 

— Так, у гэтым годзе былі абітурыенты не толькі з Беларусі, але і з Калінінграда, Томска ды іншых гарадоў Расіі. Конкурс — 1,2 чалавека на месца (184 чалавекі на 150 месцаў), але ў такую ВНУ, як наша, конкурс і не можа быць большым. Сваіх абітурыентаў мы нярэдка ведаем яшчэ са школы, уважліва за імі сочым, таму яны паступаюць у акадэмію мэтанакіравана, разумеюць, чым хочуць займацца. Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці сёлета — піяніст, кампазітар і спецыяліст па струнных народных інструментах. Год ад году самыя папулярныя напрамкі мяняюцца. 

— Ці былі нейкія абнаўленні, звязаныя з прыёмнай кампаніяй? 

— Безумоўна. Праз уступленне ў дзеянне абноўленага Кодэкса аб адукацыі і класіфікатара змяніўся фармат некаторых адукацыйных праграм. У новым класіфікатары ўсе акадэмічныя музычныя спецыяльнасці — гэта спецыяльнасці бесперапыннай адукацыйнай праграмы з мінімальнай для яе пяцігадовай падрыхтоўкай. Таму першакурснікі, у адрозненне ад цяперашніх магістрантаў, атрымаюць ступень магістра, адвучыўшыся менш — усяго пяць, а не шэсць гадоў. Наколькі мне вядома, падобных адукацыйных праграм у сферы музычнага мастацтва ў іншых нацыянальных сістэмах адукацыі няма. 

— А што з размеркаваннем выпускнікоў? Ці задаволены вы яго вынікамі? 

— Сёлетняе размеркаванне, як і мінулагодняе, выклікала ў мяне гонар за ўзровень ведаў нашых выпускнікоў, за іх запатрабаванасць у беларускіх арганізацыях сферы культуры. Нашы былыя студэнты працуюць і ў Вялікім тэатры, і ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, і ў Прэзідэнцкім аркестры, і ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры ды шмат дзе яшчэ. Гэта я кажу пра творчых асоб. А каля 60 % выпускнікоў прыступіла да работы ва ўстановах адукацыі, у тым ліку ў якасці выкладчыкаў нашай акадэміі, каледжаў, дзіцячых школ мастацтваў. — Ці поўнасцю ўдалося задаволіць заяўкі рэгіянальных устаноў культуры? Напрыклад, на размеркаванні ў БДУКМ падобныя запыты часам нават не разглядаліся: усіх выпускнікоў забрала сталіца. — Ёсць падобная праблема. Мы імкнёмся да таго, каб нашы выпускнікі працавалі ў рэгіёнах, праўда, Мінск усё адно забірае многа маладых спецыялістаў. Напрыклад, сёлета мы атрымалі больш за 250 заявак на 130 выпускнікоў. Канешне, усіх ахвотных мы задаволіць не змаглі. Заявак па спецыяльнасцях “Фартэпіяна” і “Музыказнаўства” ўвогуле паступіла ўтрая больш, чым мы чакалі. 

— Ці працуе Акадэмія музыкі з рэгіёнамі? Напрыклад, ездзячы па раёнах Беларусі, у розных гарадах і нават сёлах я неаднойчы бачыў філарманічныя пляцоўкі. Як вы лічыце, ці апраўдваюць яны сябе? 

— Адназначна. Больш за тое, яны неверагодна патрэбныя! І нашым студэнтам ды выкладчыкам, і людзям, якія жывуць у раённых цэнтрах ці аграгарадках, карысна, калі са сталіцы ці з абласнога цэнтра прыязджаюць выканаўцы з канцэртамі. Да таго ж студэнты акадэміі жадаюць не толькі атрымліваць тэарэтычныя веды, не толькі быць вядомымі ў вузкіх колах, але і практыкавацца, паказваць здольнасці і ўменні шырокай публіцы. 

— Ці быў у Акадэміі музыкі вопыт, каб яе прадстаўнікі выязджалі з выступленнямі ў раёны Беларусі? 

— Некалькі гадоў таму мы выйгралі грант, дзякуючы якому наведалі многія мястэчкі краіны з канцэртамі. Сёлета падалі заяўку на яшчэ адзін, каб аднавіць падобныя гастролі. Можам ладзіць іх і самастойна, але ўзнікае лагістычная праблема: патрэбны транспарт, каб даставіць наш аркестр да месца прызначэння і прывезці калектыў назад. Калі, скажам, газета “Культура” дапаможа дамовіцца з кіраўнікамі тых ці іншых устаноў, то мы заўсёды гатовыя прыехаць з выступленнямі ў розныя куткі Беларусі. 

— Будзем старацца, і, магчыма, нават пасля гэтага інтэрв’ю нейкія прадстаўнікі рэгіёнаў адгукнуцца на вашу прапанову. І апошняе. Наколькі я ведаю, у вас чакаецца рамонт… 

— Так, у наступным годзе мы сыходзім з галоўнага будынка на вуліцы Інтэрнацыянальнай, бо тут адбудзецца капітальны рамонт з элементамі рэканструкцыі і рэстаўрацыі. У выніку чакаем аднаўлення аўтэнтычных інтэр’ераў, рэканструкцыі вялікай залы (галоўная праблема — захаванне адметных акустычных уласцівасцей), стварэння сучаснай гуказапісвальнай студыі ды шмат чаго яшчэ. Канешне, будзе цяжка перабірацца ў іншыя карпусы (напрыклад, у нас ёсць калекцыя ўнікальных музычных інструментаў, а ўсе яны патрабуюць пэўных умоў захоўвання), але, спадзяюся, усё атрымаецца. І праз два гады, калі плануецца завяршыць работы, мы сустрэнемся з “Культурай” і ўсё вам пакажам, асабліва абноўленыя інтэр’еры і залу. — Вядома, мы абавязкова пабываем на адкрыцці адрамантаванага галоўнага корпуса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі! Дзякуй за гутарку. Поспехаў! 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Фота з архіва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Алены Куракінай