Звя­за­ныя ад­ным по­ясам

Апублiкавана: 05 кастрычнiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Культурная дыпламатыя

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Паглыбленне стратэгічнага партнёрства з Кітаем лічыцца ключавым кірункам беларускай знешняй палітыкі ўАзіі. На ўмацаванне міждзяржаўных сувязей істотна ўплывае культурная дыпламатыя. “К”расказвае, як творчы дыялог дзвюх краін прасунуўся апошнім часам.

Сёлета пяты раз адбылося пасяджэнне Камісіі па культурным супрацоўніцтве Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. Падчас дзелавой сустрэчы падпісаны адмысловы план да 2025 года. У адпаведнасці з дакументам бакі прадоўжаць развіваць сувязі паміж рэстаўратарамі помнікаў гісторыі і культуры, ладзіць абмены ў рамках ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”, падтрымліваць тэатры і бібліятэкі, працягнуць узаемадзеянне паміж нацыянальнымі і буйнымі рэгіянальнымі музеямі і ў сферы кінематографа. 

Важны напрамак супрацоўніцтва — абменныя Дні культуры. Яны ладзяцца ў дзвюх краінах з 2011 года. Летась Дні культуры Беларусі ў Кітаі праз строгія антыкавідныя абмежаванні адбыліся анлайн. Дзякуючы трансляцыі на платформах вядучых СМІ, замежныя гледачы пазнаёміліся з традыцыйнай культурай нашай краіны і ўбачылі праграмы найлепшых творчых калектываў — балетнай трупы Вялікага тэатра, ансамбля “Харошкі”, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. І. Цітовіча. Цяпер бакі абмяркоўваюць правядзенне налета Дзён культуры КНР у Беларусі. 

ВАРОТЫ НА ВЯЛІКІМ ШЛЯХУ 

У пачатку верасня дэлегацыя Міністэрства культуры паўдзельнічала ў VI Міжнародным культурным ЭКСПА краін Шаўковага шляху ў Дуньхуані. Форум сабраў звыш тысячы гасцей з розных куткоў свету. Падзея заклікана будаваць гуманітарныя масты паміж дзяржавамі і наладжваць супрацоўніцтва ў галіне спадчыны. Дуньхуань спрадвеку быў адным з цэнтраў абмену паміж Усходам і Захадам. Горад, што з’яўляўся варотамі ў Кітай на Вялікім шаўковым шляху, сёння зноў злучае народы, прыцягвае турыстаў багаццем славутасцей. 

Першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада выступіў на цырымоніі адкрыцця форуму. Прадстаўнік ведамства адзначыў, што сумесная дзейнасць Беларусі і Кітая прырастае новымі ідэямі і формамі. “З улікам сучасных тэндэнцый і патэнцыялу абедзвюх дзяржаў намечаны перспектывы супрацоўніцтва, заснаваныя на багатых традыцыях культурнага абмену”, — сказаў Валерый Грамада. 

У рамках ЭКСПА беларуская дэлегацыя сустрэлася з сакратаром партыйнага камітэта правінцыі Ганьсу Ху Чаншэнам, старшынёй Народнага ўрада Жэнь Чжэньхэ і віцэ-губернатарам рэгіёна Лі Ганам. Адбыліся перамовы з Гун Цзяцзя, намеснікам дырэктара Дэпартамента культуры і турызму правінцыі, і кіраўніцтвам устаноў культуры. У выніку бакі прыйшлі да пагаднення пра паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва між музеямі, тэатрамі, установамі адукацыі ў сферы культуры. 

Праграма форуму напоўнена выставамі, творчымі прэзентацыямі, выступленнямі ансамбляў. Традыцыйную культуру нашай краіны прэзентаваў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Купалінка”. 

ГОМЕЛЬ — СЫЧУАНЬ 

Развіваюцца сувязі і на ўзроўні рэгіёнаў. У пачатку верасня афіцыйная дэлегацыя Гомельшчыны, узначаленая старшынёй аблвыканкама Іванам Крупко, наведала правінцыю Сычуань. Супрацоўніцтва з ёй пачалося ў 2015 годзе з падпісання пагаднення ў прысутнасці Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. З 2021-га рэгіёны з’яўляюцца пабрацімамі. У першую чаргу ўвага надаецца пытанням эканомікі, аднак у гуманітарнай сферы таксама ёсць амбітныя планы. 

Падчас візіту ў Сычуань Іван Крупко сустрэўся з дырэктарам Музея Чэнду, Жань Кэ, і абмеркаваў з ім перспектывы абменных выстаў. Неўзабаве гомельскія аматары даўніны атрымаюць новыя магчымасці пашырыць кругагляд. Музей Чэнду валодае найбагацейшай калекцыяй старажытных артэфактаў у Кітаі. У зборы захоўваюцца каштоўныя прадметы з бронзы, керамікі, нефрыту і золата. Штодзень установу наведвае да 15 тысяч чалавек. 

ГОЛАС З СІНЯВОКАЙ 

Днямі з гастролей у Кітаі вярнуўся аркестр Вялікага тэатра Беларусі. Музыканты пад кіраўніцтвам дырыжора Мікалая Калядкі, а таксама вядучыя майстры опернай сцэны — народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна і лаўрэат міжнародных конкурсаў Віктар Мендзелеў — выступілі на буйных пляцоўках у гарадах Шанхай, Ухань, Чанша, Сяагань. У выкананні айчынных артыстаў прагучала музыка Пятра Чайкоўскага, Джакама Пучыні, Іагана Штрауса, Луіджы Дэнца, Франчэска Чылеа, а таксама кітайскіх кампазітараў. 

— Гэты кірунак для нас вельмі важны, таму што канцэртных пляцовак, на якіх можна выступаць, у КНР шмат. Сёння гэта каштоўны партнёр для прасоўвання Вялікага тэатра Беларусі, — адзначыла генеральны дырэктар установы Кацярына Дулава. — Канешне, найбольш вядомы ў Кітаі наш балет, аднак мы будзем спрабаваць прэзентаваць усе творчыя формы. Ідуць перамовы з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у КНР пра тое, каб працягнуць супрацоўніцтва. 

Вялікі тэатр Беларусі мае багатую гісторыю кітайскіх гастролей. З 2013 года дзейнічае мемарандум аб двухбаковым супрацоўніцтве з Нацыянальным цэнтрам выканальніцкіх мастацтваў у Пекіне — адным з галоўных музычных тэатраў усходняй краіны. Да пандэміі ў кітайскай сталіцы паспяхова прайшлі гастролі нашага Вялікага са спектаклем “Спартак”. 

Данііл ШЭЙКА 

На фота: фальклорны гурт "Купалінка" на культурным ЭКСПА ў Кітаі