Так здарыларылася, што мама Кацюшы Пракаповіч памерла ў маладым узросце. Кацю, яе братоў і сясцёр выгадавала бабуля Алена Арцёмаўна. Адукацыі ў яе не было, была жыццёвая мудрасць. Яна казала дзецям: "Сырое — сырым, чужое — чужым, а адно аднаго ніколі не кідайце, будзьце разам і ў горы, і ў радасці. Ды імкніцеся, каб слава пасля вас заставалася".
Алена Арцёмаўна хораша спявала народныя песні і дзяцей навучыла бачыць і шанаваць прыга жосць. Возьме букецік красак: “Ах, як салодка пахне! Глядзіце, дзеткі, якія кветачкі ўсе розныя, а над імі лётаюць матылі з размаляванымі крылцамі. Пабачце, якія стракозы прыгажунькі!” Кацюша заўсёды збірала букет і ставіла яго на стол у самым вялікім пакоі дома, каб прынесці радасць бабулі. Суседкі спачувалі: “Ой, Алена, якое ў цябе гора, як табе цяжка — семярых гадаваць трэба”. Бабуля заўсёды адказвала: “Дзеці — гэта не гора, а радасць. Нічога, цяжка з маладосці, а ў старасці будзе лёгка”.
Кацярынцы ўжо ў дзіцячым садку давяралі чытаць самыя доўгія вершы. Выхавальнікі захапляліся тым, што малая не толькі выразна чытае, але і ўмее данесці сэнс верша. У школе дзяўчынка вучылася ахвотна, акрамя таго з поспехам займалася спортам і з вялікім жаданнем прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Пасля заканчэння Чыркавіцкай васьмігадовай школы Каця паступіла ў Калінкавіцкі сельска-гаспадарчы тэхнікум. Тут асабліва ярка выявіліся выхаваная бабуляй актыўная жыццёвая пазіцыя, любоў да народнай песні і пачуццё прыгожага.
Дзяўчына была старастай групы, актыўна ўдзельнічала ў прафсаюзнай працы і мастацкай самадзейнасці. За гэта яе ўзнагароджвалі граматамі, каштоўнымі падарункамі і экскурсійнымі паездкамі.
Кацярына з адзнакай скончыла тэхнікум і была накіраваная на працу ў саўгас “Палессе” Светлагорскага раёна. Прывітая бабуляй любоў да народнай песні дала свой плён: дзяўчына арганізавала даярак у калектыў мастацкай самадзейнасці. Пасля паспяховага выступлення спявачак на раённым аглядзе да Каці падышла загадчыца аддзела культуры Валянціна Ліпніцкая і сказала: “Вы не работнік сельскай гаспадаркі, вы — работнік культуры!” І прапанавала перайсці на новае месца працы. Дзяўчына параілася з роднымі. Бацька катэгарычна запярэчыў, а брат падтрымаў: “Не заладзіцца ў яе на новым месцы — вернецца на ферму”. Так Кацярына Пракаповіч прыйшла на пасаду загадчыцы аддзела па працы з моладдзю і падлеткамі Светлагорскага цэнтра культуры. З велізарным жаданнем і натхненнем акунулася ў працу. Паступіла ў Мінскі інстытут культуры, але па сямейных абставінах давялося адмовіцца ад вучобы. Праз год Кацярына паступіла на завочнае аддзяленне Магілёўскага каледжа мастацтваў і скончыла яго з адзнакай. Вучобу сумяшчала з актыўнай працай, часцяком сама пісала сцэнарыі культурна-масавых мерапрыемстваў. Складзеная ёю гульнявая праграма “Сварлівыя суседкі” станоўча адзначана і на Гомельскім абласным конкурсе, і на рэспубліканскім. Зноўтакі жыццёвыя абставіны прымусілі сысці з пасады загадчыцы секцыі на паўстаўкі і заняцца разам з мужам прыватным прадпрымальніцтвам. Па справах калінікалі бывала ў Расіі і ў Польшчы і заўсёды сумяшчала працу і наведванне музеяў, выстаў, гістарычных славутасцей.
У душы паранейшаму жыло жаданне заняцца творчай працай у поўную сілу. У 2010 годзе Кацярыне Іванаўне прапанавалі перайсці на пасаду культарганізатара ў Стракавіцкі сельскі дом культуры, і яна пагадзілася. Да працы прыступіла з велізарным жаданнем і энтузіязмам, вызначыўшы галоўны кірунак: арганізацыя вольнага часу насельніцтва з максімальным задавальненнем культурных і эстэтычных патрэб усіх катэгорый жыхароў вёскі Стракавічы. Падрыхтоўку і правядзенне кожнага мерапрыемства культарганізатар імкнецца арганізаваць на высокім узроўні. Для СДК стала традыцыйным правядзенне святпровадаў юнакоў у войска, а ветэранаў працы — на пенсію, фальклорных акцый, тэатралізаваных гулянняў, пазнавальна-забаўляльных і гульнявых праграм рознай тэматыкі, віктарын, конкурсаў, тэматычных выстаў, інфармацыйных гадзін, майстар-класаў, гутарак, лекцый, квэст-гульняў, вечароў адпачынку. Вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню: мітынг у Дзень Перамогі, сустрэчы з ветэранамі, вечары франтавой песні... У Доме культуры створана пяць клубаў па інтарэсах, у працы якіх бяруць удзел больш за пяцьдзясят чалавек. З вялікай цікавасцю вяскоўцы ўдзельнічаюць у традыцыйным “Свяце вёскі Стракавічы”. У канцэртных праграмах і многіх іншых мерапрыемствах з поспехам выступаюць калектывы, якімі кіруе К. Пракаповіч: вакальны гурт “Сударушка” і тэатр мініяцюр.
Атрымалася ў Кацярыны Іванаўны арганізаваць працу па экалагічным выхаванні, прапагандзе здаровага ладу жыцця і спартыўна-масавую работу. У гадавым плане работы прадугледжана правядзенне каля ста васьмідзесяці розных мерапрыемстваў, гэта не лічачы заняткаў клубаў па інтарэсах, асобнага плана работы для дзяцей на час школьных канікул, удзелу ў выязных канцэртах і раённых мерапрыемствах.
Галіна КАПЕЦКАЯ
Светлагорск
Фатаграфіі з архіва
Кацярыны Пракаповіч