Любаншчына: фестывальнае закуліссе

Апублiкавана: 12 лiстапада 2023 Стужка Бібліятэкі Брэст і вобласць

Аўтар: РАГІН Яўген

Пісана-перапісана ўжо, што творчасць развівае не толькі фантазію, кемлівасць, кругагляд, але і крытычнае мысленне. Менавіта творчасць робіць з чалавека асобу з непаўторным неабсяжным сусветам. Словам, асоба — галоўная адзінка вымярэння якаснага складу нацыі. 

Пад усім, што адзначана вышэй, гатовы падпісацца Васіль Каткавец — загадчык тэатральнага аддзялення Любанскай дзіцячай школы мастацтваў, рэжысёр узорнага тэатра “Летуценнікі”, адзін са стваральнікаў фестывалю “Чароўны куфэрак”, які на сёння мае статус абласнога. 

ШЧЫРАСЦЬ ПЕРЫФЕРЫІ 

Тэатр натхняе. І не мае асаблівага значэння, самадзейны ён ці прафесійны. Мне даводзілася бываць на буйных святах аматарскага тэатральнага мастацтва. Гэта вулкан жарсцей, у якім кожны — найлепшы ды ўнікальны… 

Спачатку была мара. Потым Каткавец прыдумаў “Куфэрак”. А перадгісторыя такая. “Летуценнікі” Васіля Сцяпанавіча займелі званне ўзорных ды скіраваліся ў Магілёў на рэспубліканскі тэатральны фэст. Там Каткавец, агаломшаны маштабам ды якасцю падзеі, вырашыў неадкладна стварыць сваё свята, рэгіянальнае, дзіцячае і не менш выразнае па падборы ўдзельнікаў. 

Ідэю падтрымалі калегі ў Салігорску, Слуцку і Мінску. Так у 1987-м узнік “Чароўны куфэрак”, які зрабілі ў складчыну. Цягам трох дзён на сцэне Любанскага дома культуры выступіла каля сямі дзіцячых тэатральных калектываў. Праз 10 гадоў фестываль стаў абласным. І вось тут кіраўнік “Летуценнікаў” агучыў, на мой погляд, самае галоўнае. Калі з’явілася магчымасць і прапанова надаць мерапрыемству рэспубліканскі размах, Васіль Сцяпанавіч выказаў катэгарычную нязгоду. Маўляў, перыферыйнасць — рэч не ганебная, наадварот — шчырая і камерная. Урэшце, самая чыстая вада ў той лясной крынічцы, якая знаходзіцца ў самым гушчары. “Чароўны куфэрак” зберагае шчырую чысціню і сёння. Але любанская крынічка не хаваецца ў дрымучым лесе: да яе пратаптана надзейная сцяжына, а ў куфры любы ахвотны знойдзе сюрпрыз. 

ДЗЕЯ Ў РАЗВІЦЦІ 

Кожны фэст у Любані прысвечаны пэўнай асобе ці з’яве. Да прыкладу — Коласу, Купалу, беларускаму кнігадрукаванню… Асноўнай задачай праекта застаецца папулярызацыя нашай літаратуры і драматургіі. На кожным “Чароўным куфэрку” прысутнічаюць беларускія пісьменнікі, ладзяцца майстар-класы, адмысловыя гасцёўні. 

Сёлета прайшоў 14-ы фэст. На ім паказалі тэатральнае майстэрства два дзясяткі дзіцячых калектываў. Да слова, калісьці “Куфэрак” быў толькі драматычным. Сёння ён лялечна-драматычны. Мерапрыемства 2023 года прысвячалася Уладзіславу Галубку, пры дапамозе якога ў Любані створаны народны тэатр. 

Так, “Куфэрак” развіваецца: на свяце выступаюць найлепшыя тэатральныя суполкі літаральна з усіх абласцей Беларусі. На спектаклі прыходзяць не толькі падлеткі. Адпаведны рэпертуар складаецца і для іх бацькоў. Дзякуючы гэтым намаганням фэст займеў статус сямейнага. Шмат стала моладзевых праектаў. Самы апошні — “Тэатральнае бяссонне”. Сапраўды, ці да сну, калі на сцэне адбываюцца неверагодныя эксперыменты. Карацей кажучы, Любань даўно ўжо горад тэатральны. 

ПАЛЕТАК З ВАСІЛЬКАМІ 

За Каткаўцом трэба хадзіць з нататнікам, каб запісваць прыказкі, прымаўкі, прыпавесці і байкі з жартамі. Я з Васілём Сцяпанавічам пазнаёміўся так: у наш бусік, што вандраваў па Міншчыне, заскочыў жвавы ды вясёлы мужчына, павітаўся і папрасіў: “Дазвольце прыматкабожыцца да вашай кампаніі!” Мая калекцыя цікавых слоў значна павялічылася пасля сустрэч са спадаром Каткаўцом. Я вельмі ўдзячны Богу, што знаёмы з гэтым выбітным чалавекам. 

Васіль Сцяпанавіч — паляшук, нарадзіўся на Іванаўшчыне. Палешукі — беларусы асаблівыя, умеюць і рэчку слухаць, і з лесам размаўляць. Адсюль тонкае разуменне прыроды рэчаў і з’яў. Ці не з яго пачынаецца творца, артыст? 

У нашай галіне спадар Каткавец працуе амаль паўвеку. Скончыў Гродзенскае культасветвучылішча, Інстытут культуры ў Мінску, завочна — філалагічнае аддзяленне сталічнага педінстытута. З 1995-га па 2018-ы ўзначальваў аддзел культуры Любанскага райвыканкама. За гэты час работнікі культуры Любаншчыны неаднаразова станавіліся найлепшымі ў Мінскай вобласці, а “Летуценнікі” не толькі займелі званне ўзорнага калектыву, але і былі адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 

Васіль Сцяпанавіч — цудоўны арганізатар, кіраўнік, рэжысёр. А яшчэ — артыст, удзельнік сароцкага народнага хору “Прасніца” і народнага ансамбля народнага гумару “Смехаўё” пры раённым Цэнтры культуры. А яшчэ — таленавіты літаратар, аўтар вершаў, апавяданняў, віншаванняў і сцэнарыяў. Выдаў зборнік “Васільковы палетак”. І самае галоўнае: Васіль Каткавец умее любіць Беларусь і вучыць гэтаму высокаму мастацтву падлеткаў Любанскага краю. 

ВАНДРОЎНЫЯ АРТЫСТЫ 

“Летуценнікі” цалкам апраўдваюць сваю назву: яны, лёгкія на пад’ём, аматары падарожнічаць на конях, колах, аўтамабілях, цягніках… Дзе толькі ў любанскага тэатра няма сяброў! З’явіліся яны і ў Гатчыне, горадзе ля Санкт-Пецярбурга. Рускіх і беларускіх дзяцей з’яднаў тэатр. Гатчынцы зладзілі фэст, назвалі яго “Сустрэчы”. Тэатральнае сяброўства — асаблівае. Сцэна не хлусіць, яна імгненна паказвае, хто на што здатны. І менавіта сцэна становіцца надзвычай дзейсным сродкам узаемаразумення. Замежныя паплечнікі “Летуценнікаў” навучыліся вымаўляць слова “куфэрак”, хутка разабраліся з яго значэннем і захацелі пераканацца ў магічных якасцях рэчы. Гатчынцы самі зрабілі яе, напоўнілі падарункамі, а пасля арганізавалі ў сваім Доме культуры квэст і агульнымі намаганнямі знайшлі “Чароўны куфэрак”. 

Вось вам і перыферыя! 

Яўген РАГІН 

Фота з архіва Васіля Каткаўца