Адгаманіла чарговая “Беларуская восень у Неапалі”. Зладзілі гэтае свята ўдзельнікі культурнай асацыяцыі BELLARUS, якая яднае каля трох соцень нашых суайчыннікаў, што цяпер жывуць у Італіі. Аб тым, як члены арганізацыі зберагаюць духоўную сувязь з радзімай і папулярызуюць спадчыну продкаў сярод замежнікаў, нам расказала кіраўніца суполкі Таццяна Пумпулева.
— Спадарыня Таццяна, як нарадзілася “Беларуская восень у Неапалі” і чаму фэст беларускай культуры вырашылі ладзіць менавіта ў гэтую пару?
— Традыцыйна гэта час заканчэння палявых работ, час Дажынак. На восень прыпадае мноства іншых дат: Дзень беларускага пісьменства, Пакровы і Дзень маці. І “Беларуская восень у Неапалі” аб’ядноўвае ўсе гэтыя святы, што дазваляе найбольш поўна і ярка адлюстраваць хараство нашай культуры.
Праект мы ладзім штогод з 2017-га. Падчас яго расказваем пра нашу рэспубліку, нашы карані. Арганізуем выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і кніг. Падзівіцца на гэтую падзею збіраюцца людзі розных нацыянальнасцей. Прыходзяць італьянцы, рускія, украінцы, кіргізы, башкіры... І ўсе дзякуюць за радасць, якую мы дорым ім.
— Якія яшчэ святы спраўляе беларуская суполка ў Неапалі?
— Заўсёды адзначаем Дзяды. Узімку традыцыйна ладзім ранішнікі для дзяцей, на якіх абавязкова прысутнічаюць калядоўшчыкі, Каза, Мядзведзь.
— Напэўна, гэта не адзіны праект для дзяцей і моладзі. Як перадаяце дзяўчынкам і хлопчыкам веды пра гістарычныя карані?
— Да пандэміі паспелі адкрыць славянскі гурток, які наведвала больш за 20 дзяцей. Ладзілі заняткі па чытанні і пісьме, урокі творчасці. Малявалі, ляпілі, выразалі беларускія выцінанкі. Мы расказвалі хлопчыкам і дзяўчынкам пра гістарычную радзіму. Пакуль што гурток на паўзе, але мы спадзяёмся аднавіць працу.
— Нямала чытаў аб тым, што італьянскія беларусы асабліва шануюць Дзень Перамогі. Якія акцыі да гэтага свята вы ладзіце?
— Так, штогод у Дзень Перамогі наведваем могілкі Монтэ-Касіна, дзе пахавана шмат беларусаў. Акрамя таго, заўсёды праводзім Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі, каб ушанаваць памяць усіх нявінна забітых і нагадаць, што падобныя падзеі ніколі не павінны паўтарыцца.
— Пры вашай арганізацыі ў 2014 годзе з’явіўся музычны калектыў. Што падштурхнула да гэтага? Хто выступае ў складзе гурта?
— Стварыць калектыў “Спадчына” нас натхніла любоў да роднай зямлі, жаданне быць разам. Калі мы тут, у Італіі, збіраемся паспяваць, то пачуваемся так, нібыта знаходзімся на радзіме. Да таго ж прыцягнуць увагу замежнікаў, зацікавіць іх беларускай культурай лягчэй менавіта праз песню.
Калектыў яднае людзей рознага ўзросту, розных прафесій. Ёсць і 30-гадовыя, і 70-гадовыя ўдзельнікі. Нехта працуе ў сферы паслуг або займаецца перакладамі, хтосьці вядзе дамашнюю гаспадарку. Узровень падрыхтоўкі розны. Напрыклад, я скончыла калісьці Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча. Збольшага ж у гурце ўдзельнічаюць аматары — людзі, якія не валодаюць музычнай граматай, але маюць добры слых. Дзякуючы нашай кіраўніцы Таццяны Леўсік, якая адказвае за навучанне самадзейных артыстаў ды фарміраванне рэпертуару, у нас усё атрымліваецца.
— На якіх сцэнах даводзілася выступаць “Спадчыне”?
— Спачатку мы былі не надта ўпэўненыя ў сваіх сілах, таму і імпрэзы былі даволі сціплымі. Сёння мы ж выступаем на гарадскіх і нават нацыянальных пляцоўках. Нас запрашалі на канцэрт у Рыме, на фестываль на Сіцыліі. Пастаянна ўдзельнічаем у праектах, прысвечаных культурам розных краін, што ладзяцца ў Неапалі.
Мы плённа супрацоўнічаем з муніцыпалітэтам, з асацыяцыямі нацыянальных меншасцей. Напрыклад, удзельнічалі ў праекце “Раство мультыэтнічнае” і рэгіянальным мерапрыемстве “Гарызонт”. Неўзабаве, 24 лістапада, адбудзецца “Культурны кірмаш”. Там плануем зладзіць дзіцячую лабараторыю па стварэнні лялек-абярэгаў: іх нас навучылі рабіць падчас стажыроўкі ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур.
— Як італьянцы рэагуюць на вашы выступленні?
— Публіка ставіцца да нас прыязна. Мы нават не чакалі пабачыць такога захаплення. Песні на мілагучнай беларускай мове зачароўваюць аўдыторыю. Бачна, як натхняюцца слухачы гэтымі творамі, хоць і не разумеюць слоў. Прыемныя ўражанні ў замежнікаў пакідаюць нашы прыгожыя нацыянальныя касцюмы.
Аднойчы ў межах “Беларускай восені ў Неапалі” ладзілі імпрэзу для дзяцей і дарослых у італьянскай музычнай школе. Гэта быў своеасаблівы абмен досведам. Мы разам з ансамблем “Світанак”, які адмыслова прыехаў з Беларусі, выканалі неапалітанскую песню. Таксама прапанавалі італьянцам майстар-клас па беларускіх танцах і песнях, ігры на народных інструментах. Усе былі ў захапленні! Падпявала ўся зала. Бацькі нават наперадзе дзяцей выбягалі да нашых артыстаў, хоць збольшага мы арыентаваліся на малых.
— Наколькі адчувальная падтрымка дыяспары з боку Беларусі? Як наладжана супрацоўніцтва з установамі на радзіме?
— Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур — гэта наша апірышча. Установа спрыяе нам ва ўсіх справах. Ад цэнтра мы атрымалі касцюмы, кнігі, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нам дапамагаюць сцэнарыямі, іншымі творчымі напрацоўкамі. Вельмі ўдзячныя за гэта Вользе Вітальеўне Якабсон і калектыву цэнтра. Варта падзякаваць таксама Міністэрству замежных спраў і пасольству ў Італіі. Без беларускай падтрымкі мы б мала што маглі зрабіць.
— Сёлета вы пабывалі на радзіме і паўдзельнічалі ў фестывалі мастацтваў беларусаў свету. Якія ўражанні пакінуў гэты форум?
— Мы вярнуліся з фестывалю поўныя ідэй, маючы багаж карыснай інфармацыі. Назапасілі новыя танцы і песні, новыя гісторыі і знаёмствы. Паездка парадавала сустрэчамі з даўно знаёмымі людзьмі, падарыла пачуццё адзінства з беларусамі ўсяго свету. Мы вярталіся ў Італію з разуменнем, што мы не адны, што нам ёсць на каго абаперціся.
Увогуле імкнёмся штогод наведваць Беларусь. У першую чаргу завітваем да бацькоўскага дома, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва. Калі здараецца магчымасць, едзем да гістарычных і архітэктурных помнікаў. Стараемся спаўна спазнаць радзіму, каб данесці як мага больш пра свой край італьянскай публіцы.
Данііл ШЭЙКА