Паглыбленне ў мастацтва

Музеі ды галерэі ў невялічкіх гарадах, вядома, не паспрачаюцца са сталічнымі скарбніцамі ў багацці калекцый. Але крэатыўнаму супрацоўніку пад сілу зрабіць установу прыцягальнай для мясцовых і гасцей. Свае сакрэты маюць адмыслоўцы карціннай галерэі імя Л. М. Дробава ў гарадскім пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне.

Установа з’явілася ў 1990 годзе. Тады раённая ўлада адгукнулася на ініцыятыву вядомага ўраджэнца краю, чыё імя галерэя носіць сёння. Леанід Дробаў нарадзіўся ў сям’і вясковага настаўніка. Пайшоў у вялікі свет здабываць веды — і ў рэшце рэшт стаў аўтарытэтным даследчыкам айчыннага выяўленчага мастацтва. Леанід Міканоравіч вярнуў беларусам імёны многіх выбітных творцаў. Пра кагосьці з гэтых асоб на той час увогуле забылі, кагосьці прапісалі ў сваіх нацыянальных пантэонах усходнія ды заходнія суседзі. Як навуковы кіраўнік аўтарскага калектыву і складальнік артыкулаў шасцітомнай “Гісторыі беларускага мастацтва”, Дробаў атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Акрамя таго, прафесар выкройваў час для ўласнай творчасці. Ён шмат працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта і найбольш плённа — у пейзажы. На шэрагу палотнаў адлюстраваны далягляды, знаёмыя мастаку з маленства. Новай галерэі на малой радзіме Леанід Міканоравіч перадаў больш за сотню сваіх работ. Яны і сталі падмуркам фондаў. 

ПАМЯЦЬ ПРА ЗАСНАВАЛЬНІКА 

У Акцябрскім шануюць вядомага земляка. Ва ўстанове культуры даступная пастаянная экспазіцыя яго твораў, а кожная аглядная экскурсія пачынаецца з аповеду пра майстра. Рыхтуюць супрацоўнікі і часовыя выставы са спадчыны Дробава, падбіраючы карціны па розных тэмах. Цяпер дэманструецца “Восеньская рапсодыя”, а ў спякотныя дзянькі наведвальнікам прапаноўвалі падзівіцца на “Лета. Мора. Сонца” ды “Летнія канікулы”. Адмысловыя экспазіцыі ладзяць да Дня Перамогі, бо ваенная тэма для Леаніда Міканоравіча была асаблівай: ён заспеў ліхалецце юнаком, удзельнічаў у партызанскім руху, а ў 1944-м трапіў у дзейную армію. 

ЗАВАБІЦЬ ПУБЛІКУ

Цяперашняя загадчыца галерэі Кацярына Лук’яненка перайшла ў сферу культуры нядаўна і даволі хутка асвоілася ў новай прафесіі, ужо прыўнёсшы шмат цікавага. Перш-наперш Кацярына ўзялася за няпростую мэту — без вялікіх бюджэтаў павысіць пазнавальнасць установы і нарасціць аўдыторыю. На дапамогу прыйшлі сацыяльныя сеткі. Эфект доўга чакаць сябе не прымусіў: актыўнасць у Instagram канверсуецца ў наведвальнасць галерэі. 

— Вядома, што Сеціва — адна з найбольш важных крыніц інфармацыі для сучаснага чалавека. Інтэрнэт дае магчымасць прыцягнуць увагу як патэнцыйных гасцей галерэі, так і мастакоў з розных куткоў краіны, — адзначае Кацярына Лук’яненка. — Праца ў сацсетках прыносіць плён. Штомесячна расце колькасць падпісчыкаў, прыходзяць словы падзякі. Асабліва прыемна бачыць актыўнасць ураджэнцаў Акцябрскага, якія сёння жывуць у іншых гарадах і нават іншых дзяржавах. Цяпер гэтыя землякі абавязкова завітваюць да нас, калі прыязджаюць на малую радзіму. 

На старонцы галерэі ў Instagram размяшчаюцца кароткія відэа з займальнымі фактамі па гісторыі сусветнага мастацтва, анонсы выстаў і іншых імпрэз. Вялікую цікавасць у карыстальнікаў выклікаюць фотаздымкі “закулісся” — нататкі аб тым, як рыхтуюцца экспазіцыі. Яшчэ больш разагрэць аўдыторыю дапамагаюць конкурсы. Важная задача — правільна абраць віды кантэнту і выбудаваць баланс паміж публікацыямі рознага фармату. Безумоўна, у такой справе не абысціся без ведаў па асновах маркетынгу і псіхалогіі, без нагледжанасці. Але вопыт Кацярыны паказвае, што ўсё гэта можна здабыць самастойна — калі ты сапраўды апантаны справай. 

ЭКСКЛЮЗІЎНЫ ШАНЦ 

Не толькі віртуальныя старонкі галерэі атрымалі другое жыццё апошнім часам. Змяняецца аблічча самой установы. Прыкладам, у верасні адкрылася доўгачаканая артстудыя “Рисовальня” для дзяцей і падлеткаў. Папярэднічалі гэтаму вывучэнне попыту, рамонт памяшкання, закупка матэрыялаў і інструментаў. Цяпер выхаванцы пад кіраўніцтвам мясцовага творцы Алены Дорахавай з задавальненнем асвойваюць розныя тэхнікі выяўленчага мастацтва, а галоўнае — развіваюць густ ды фантазію. Для невялікага райцэнтра гэтая школка стала сапраўдным эксклюзівам. Магчымасцей навучыцца спевам, харэаграфіі, інструментальнаму выканальніцтву ці заняцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю ў акцябрскай дзятвы заўсёды было дастаткова. А вось шанц спазнаць сакрэты жывапісу ды графікі з’явіўся ўпершыню за доўгі час. 

Зрэшты, малечы ў галерэі заўсёды надаюць асаблівую ўвагу. Каб захапіць дзяўчынак і хлопчыкаў мастацтвам, распрацавалі квэсты з улікам узроставых адметнасцей. Штомесяц работнікі галерэі прапануюць новыя забаўляльна-пазнавальныя праграмы з элементамі гульні. Гэтыя імпрэзы запатрабаваны ў арганізаваных груп: у акцябрскую скарбніцу прыязджаюць нават з іншых гарадоў. 

МАСТАЦТВА СВЕЦКАГА ВЫХАДУ 

Новыя магчымасці для насычанага адпачынку прапануюць і дарослым. Нядаўна пачалі традыцыю своеасаблівых свецкіх вечарын для жанчын. Арт-сустрэчы “Паглыбленне ў мастацтва” — гэта прастора для дыялогу аб прыгожым. Удзельніцы знаёмяцца з набыткамі выбітных суайчынніц, даведваюцца пра таямніцы з жыццяпісаў замежных геніяў, ацэньваюць работы майстроў-землякоў і выстаўляюць на глядацкі суд сваю творчасць. 

— Многія жанчыны забываюцца пра саміх сябе праз клопаты на працы і ў сям’і. Раз на месяц мы прапануем ненадоўга адкласці справы, прыгожа прыбрацца і завітаць у галерэю, каб зарадзіцца энергіяй, атрымаць задавальненне ад змястоўных размоў, пашырыць кругагляд, — тлумачыць Кацярына Лук’яненка. — У невялікіх гарадах мала хто прызвычаіўся да падобнага адпачынку, але мы спадзяёмся, што наведвальнікаў будзе з кожным разам усё больш. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіва галерэі