Купала на экране — погляд з Татарстана

Апублiкавана: 06 студзеня 2024 Кiно Кіно Мінск Культурная дыпламатыя

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

У размаітай афішы “Лістапада-2023” знайшлося месца і для прысвячэння Янку Купалу. “Вечарынку” паводле яго верша гледачам прадставілі ў конкурснай праграме анімацыйнага кіно. Шмат каго маглі здзівіць звесткі пра аўтарак і месца вытворчасці стужкі. Яе прэзентавала сямейная каманда з Рэспублікі Татарстан — краю, дзе Пясняр знайшоў прытулак у гады вайны. Зварот да беларускай класікі невыпадковы. Эліна і Алена Абызавы не першы год папулярызуюць нашу культуру сярод сваіх суайчыннікаў.

Дзяўчаты прапанавалі мінскай публіцы аніміраваную паэзію. Працаваць у гэтым кірунку нялёгка, бо існуе рызыка засяродзіцца на ілюстраванні літаратурнай асновы. Аўтаркі ж імкнуліся да самабытнага асэнсавання Купалавага верша. Яны паспрабавалі звярнуць увагу гледачоў на шматслойнасць паэтычнага твора. Эліна і Алена выявілі ў рабоце своеасаблівасць беларускай культуры, перадалі атмасферу гучнай народнай пагулянкі. За сталом ідзе бяседа. Сербіянку, польку шпараць. А супярэчнасць заключаецца ў тым, што поўная весялосці дзея адбываецца ў складаны час. Свет і краіна перажываюць няпростыя выпрабаванні, новыя крутыя павароты гісторыі чакаюць наперадзе. Мноства інтэрпрэтацый дапускае фінальны фрагмент стужкі. У кадры паўстае сам Купала за пісьмом, задзімае свечку — і пакой ахутвае цемра. Неўзабаве ўзыходзіць сонца. 

— Найперш гэтая стужка аб простых людзях, якія пасля цяжкай працы стараюцца сябе падбадзёрыць. Яны гатовы ісці танчыць. Гэта меседж, што належыць любіць і шанаваць жыццё, нягледзячы на складаныя часы, — тлумачаць задуму спадарыні Абызавы. 

ШЛЯХ У АНІМАЦЫЮ 

Аўтаркі працуюць без буйнога бюджэту і вялізнай каманды. І ў гэтым ёсць перавагі. “Мы разумеем адна адну, нам лягчэй размаўляць і дамаўляцца”, — расказваюць Эліна і Алена. За плячыма сясцёр — навучанне на факультэце тэатра, кіно і тэлебачання Казанскага дзяржаўнага інстытута культуры. Спасцігаючы прадзюсарскую справу, нашы гераіні шмат даведаліся аб стварэнні аўдыявізуальнай прадукцыі. Падмурак для працы ў анімацыі ў іх сфарміраваўся на факультатывах, а далей дзяўчаты дабіралі веды і навыкі самастойна. Гэтаму паспрыяла пандэмія. Большасць заняткаў праходзіла дыстанцыйна — і ў вольны час Эліна і Алена рабілі першыя крокі ў новай галіне. За аснову дэбютнага твора ўзялі верш Янкі Купалы “Матцы”. 

Калі прыйшла пара рыхтаваць дыпломную працу, творцы вырашылі звярнуцца да надзвычай цікавага жанру дакументальнай анімацыі. І тэма выпускной карціны таксама звязана з Беларуссю. Дзяўчаты прысвяцілі стужку свайму земляку, ураджэнцу Татарстана Паўлу Пранягіну. Ён сустрэў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны пад Баранавічамі ў якасці камандзіра ўзвода разведкі. Трапіўшы ў абкружэнне, арганізаваў партызанскую групу, а пазней узначаліў атрад імя Шчорса. Дзякуючы народным мсціўцам на чале з Пранягіным змаглі выратавацца некалькі соцень вязняў Косаўскага і Слонімскага гета. 

Сёстры ўдасканальвалі майстэрства — і пакрысе ў партфоліа пачалі з’яўляцца ўзнагароды. Аніміраваная паэзія “А зязюлька кукавала” (зноў жа паводле Купалы) прынесла перамогу ў народным галасаванні ў катэгорыі “Прафесіяналы” на Усерасійскім конкурсе нацыянальных відэаролікаў “МЫ”. Мэта спаборніцтва — прэзентаваць культуру розных народаў, якія насяляюць вялізную краіну. А ўдзел у моладзевым конкурсе “Вобраз Пятра Вялікага” ўвянчаўся статусам прызёраў у намінацыі “Новыя формы”. 

З ЛЮБОЎЮ ДА БЕЛАРУСІ 

Эліна і Алена Абызавы прыехалі на мінскі “Лістапад”, каб асабіста прэзентаваць анімацыйную работу. “Добры дзень, паважаныя сябры!” — выступленне тандэм пачаў з прывітання і слоў падзякі ў адрас арганізатараў па-беларуску. Дык чаму дзяўчаты з-пад Казані даследуюць творчасць нашага класіка і так лёгка звяртаюцца да публікі на мове паэта? 

Справа ў тым, што непадалёк ад іх роднага сяла размешчаны адзіны ў Расіі музей Янкі Купалы. Установа працуе на тэрыторыі Пячышчынскага камбіната, дзе літаратар жыў у эвакуацыі з лістапада 1941-га па чэрвень 1942 года. А кіруе гэтай скарбніцай маці аўтарак — заслужаны работнік культуры Рэспублікі Татарстан Рыма Абызава, якая шчыра рупіцца пра захаванне памяці аб Песняру і папулярызацыі беларускай спадчыны. 

— Мы літаральна выраслі ў тым музеі і жартам кажам, што Купала стаў нам сваяком. Не закахацца ў Беларусь праз яго паэзію немагчыма. Беларуская культура прыцягальная для нас. І такое захапленне нельга вытлумачыць. Мы проста атрымліваем асалоду ад далучэння да гэтага набытку, — прызнаецца тандэм. 

Зрэшты, не толькі ў кінематографе выяўляецца цікавасць дзяўчат да нашай спадчыны. Гледачы “Лістапада” пачулі ў стужцы “Вечарынка” мілыя сэрцу музычныя матывы. Славутая “Купалінка” гучыць у выкананні стваральніц фільма. І гэта не адзіная беларуская песня, якую могуць завесці сёстры. Ужо не першы год яны выступаюць на шматлікіх імпрэзах у Расіі як дуэт “Ружа-кветка”. Пачыналася ўсё з мерапрыемстваў у Музеі Янкі Купалы, а пазней нашы мелодыі сталі лунаць і на іншых пляцоўках. 

Вядома, сямейная кінакаманда не спыніцца на “Вечарынцы”. Дзяўчаты поўныя любові да Купалавага слова, да культуры нашай краіны. А значыць, варта чакаць новых яркіх праектаў, што стануць прыкладамі сапраўднай культурнай дыпламатыі. 

Данііл ШЭЙКА