Кіно — для ўсіх?

Апублiкавана: 07 студзеня 2024 Кiно Кіно Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Эпоха высокіх тэхналогій дапамагае атрымліваць асалоду ад жыцця, не выходзячы з дому: нам даступныя анлайн-пакупкі, дастаўка ежы, нават творы сусветнага мастацтва можна ўбачыць, седзячы за камп’ютарам. Прагрэс не абмінуў і кінематограф.

Сёння стрымінгавыя платформы прапануюць шырокі выбар фільмаў і серыялаў. Але ці здольныя тыя сэрвісы замяніць чароўную атмасферу кіназалы з вялікім экранам? Калі ў буйных гарадах Беларусі паглядзець навінку не праблема, як быць людзям у вёсках? Каб па такую раскошу сельскім жыхарам не даводзілася далёка ехаць, абласныя кінапракаты прапануюць варыянт, што дазваляе прывозіць кіно ў самыя аддаленыя куткі краіны. 

У Беларусі доступ да відэапаслуг забяспечваюць насельніцтву як у раённых цэнтрах, так і ў аграгарадках ды вёсках, дзе няма кінатэатраў. Варта адзначыць, што нягледзячы на вялікія магчымасці, якія адкрываюцца дзякуючы адмысловым платформам у інтэрнэце, кінавідэаўстаноўкі карыстаюцца папулярнасцю, бо ствараюць непадробную атмасферу і спрыяюць аб’яднанню грамадства. 

БАГАЦЦЕ ВАРЫЯНТАЎ 

Што датычыцца цэнтральнага рэгіёна, то сёння “Мінаблвідэапракат” абслугоўвае 18 дзейных кінатэатраў і прапануе паслугі выязных пераносных кінавідэаўстановак па ўсёй Міншчыне. 

— Цяпер у вобласці для паказу фільмаў у сельскай мясцовасці выкарыстоўваецца 67 адзінак перасоўнага відэапраекцыйнага абсталявання, — распавядае дырэктар “Мінаблвідэапраката” Таццяна Дарашкевіч. — За дзевяць месяцаў гэтага года ў населеных пунктах мы абслужылі 102 тысячы гледачоў на суму 187,6 тысячы рублёў, што складае 41,5 % ад агульнарэспубліканскага паказчыка. На сёння з выкарыстаннем відэапраекцыйных комплексаў у сельскай мясцовасці арганізавана 3224 кінасеансы. Яны праходзілі ў дамах культуры, санаторыях, установах адукацыі, у дзіцячых аздараўленчых лагерах дзённага і кругласутачнага знаходжання. Найбольш запатрабаванымі відэапаказы былі ў Валожынскім, Крупскім, Нясвіжскім, Мінскім, Мядзельскім, Слуцкім, Стаўбцоўскім раёнах. 

Лічбы за 2022-і таксама гавораць пра многае. У аграгарадках Міншчыны, а гэта 320 пляцовак, мы правялі 2061 паказ, што на 770 больш, чым зацверджана нарматывамі мясцовых выканаўчых камітэтаў. Колькасць абслужаных гледачоў у аграгарадках дасягнула 66,8 тысячы. Адзін сеанс у сярэднім наведвалі 22 чалавекі, цэны квіткоў складалі ад 2,5 да 3,5 рубля на ігравыя і анімацыйныя фільмы і 1—2 рублі на дакументальныя. 

Па словах Таццяны Дарашкевіч, паказ стужак — самая даступная паслуга. “Мінаблвідэапракат” заўсёды абнаўляе рэпертуар, што дазваляе замоўцам падбіраць карціны як для канкрэтнай аўдыторыі, так і па тэматыцы мерапрыемстваў. Так, установа набывае правы на паказ фільмаў у фармаце DVD — у сярэднім гэта 295 стужак на год. Рэпертуарнае планаванне пераважна грунтуецца на карцінах з пазнавальна-выхаваўчым патэнцыялам. 

— Работнікі кінапракату знаходзяцца ў пастаянным цесным кантакце з установамі культуры і адукацыі, мясцовымі выканаўчымі камітэтамі, — падкрэслівае Таццяна Дарашкевіч. — Гэта дазваляе задзейнічаць патэнцыял кіно ў перасоўным фармаце для актыўнага паказу тэматычных фільмаў і відэалекторыяў. Таксама існуе магчымасць ладзіць сеансы на адкрытым паветры, але падобныя імпрэзы праходзяць толькі ў цёмны час сутак, каб выява была якаснай. Мы з задавальненнем удзельнічаем у правядзенні масавых і ўрачыстых мерапрыемстваў, напрыклад рэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам”, арганізоўваем паказы ў стылізаваных ваенна-палявых кіназалах у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень Перамогі і Дзень народнага адзінства. 

ЯК ЧАСТКА СВЯТА 

“Сталіца мультыплікацыі”, якая штогод прымае ў сябе фестываль “Анімаёўка”, таксама шырока ўжывае магчымасці мабільных кінатэатраў. Цяпер у Магілёўскай вобласці задзейнічана 128 кінавідэаўстановак (39 % перасоўных і 89 % — стацыянарных), з іх 86 — у сельскай мясцовасці. Сёлета гэтыя прылады былі выкарыстаны 25 221 раз. Па словах намесніка дырэктара “Магілёўаблвідэапраката” Галіны Лявонцьевай, такія лічбы — вынік амаль штодзённай эксплуатацыі абсталявання. 

— Перасоўныя кінавідэаўстаноўкі вельмі дапамагаюць праводзіць паказы мастацкіх, дакументальных і анімацыйных фільмаў, ладзіць кінамерапрыемствы для розных катэгорый грамадзян у межах міжведамаснага супрацоўніцтва, арганізоўваць культурны вольны час насельніцтва, — распавядае Галіна Лявонцьева. — Вялікай папулярнасцю карыстаюцца сеансы пад адкрытым небам на падзеях, прысвечаных памятным датам, дзяржаўным ці іншым святам. Сёлета мы праводзілі такія кінапаказы на 1 Мая і ў ліпені ў межах рэспубліканскага свята “Купалле”. 

Выезд на месцы ажыццяўляецца згодна з графікам работы, рэпертуарным планам, складзеным сумесна з Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемствам “Кінавідэапракат”. Аднак замовіць паказ карціны з фільмафонду “Магілёўаблвідэапраката” можа любая ўстанова — па калектыўнай заяўцы. 

ШТО КАЖА НАРОД? 

Вядома, афіцыйныя каментарыі адмыслоўцаў даюць пэўнае ўяўленне аб эфектыўнасці работы перасоўных кінавідэаўстановак. Але каб дазнацца, у якой ступені мабільныя кінатэатры прывабныя для людзей, мы звярнуліся да сельскіх жыхароў. 

Высветлілася, што шмат хто зацікаўлены ў тым, каб кіно даязджала да аддаленых ад горада месцаў. Аднак ёсць і прапановы. 

— Да нас часта прывозяць фільмы, — дзеліцца жыхарка аграгарадка Дараганава Асіповіцкага раёна Таццяна Мельнікава. — І для многіх маіх аднавяскоўцаў гэта важная нагода сабрацца. Асабліва такі культпаход патрэбны тым, хто жыве адзін. Падобныя сустрэчы даюць магчымасць і пагутарыць, і панастальгіраваць. Што датычыцца мяне, то люблю бавіць час дома. Гляджу кіно па тэлевізары або ў інтэрнэце. 

Аляксандр Сітнік з таго ж паселішча мабільныя кінатэатры лічыць не вельмі зручнымі. Ён абгрунтоўвае сваё меркаванне тым, што ў асноўным людзі глядзяць фільмы ў Сеціве, седзячы на канапе. Ды і навінкі ў вёску прывозяць рэдка, таму ахвотным убачыць прэм’еру прыходзіцца ездзіць у райцэнтр. Аляксандр прапануе кінапракатчыкам наладзіць зваротную сувязь з жыхарамі аграгарадка і ўлічваць іх пажаданні. У такім выпадку колькасць наведвальнікаў значна павялічыцца. 

Жыхарка вёскі Энергія Пухавіцкага раёна Валянціна Дудко прызнаецца, што кіно ў іх населены пункт не прывозяць, аднак спадзяецца, што тое пытанне часу. 

— Для нас гэта стала б добрым падарункам, бо заўсёды прыемна схадзіць кудысьці развеяцца. Нягледзячы на тое, што ў нашай вёсцы мала людзей, яна ажывае на выхадных і канікулах, калі прыязджаюць дзеці і ўнукі. Вось тады і трэба планаваць паказы. Ды і многія мае аднавяскоўцы не адмовіліся б паглядзець новыя фільмы побач з домам, а не выпраўляцца ў горад. 

Безумоўна, арганізацыя перасоўных кінатэатраў у маланаселеных вёсках і аграгарадках — ідэя зусім не танная. Ды і жыхарам аддаленых куткоў бывае зручней і прыемней з’ездзіць у райцэнтр або паглядзець фільм у інтэрнэце. Аднак ніхто не адмаўляе і таго, што кінасеансы не толькі дазваляюць добра правесці час, але і ўмацоўваюць сацыяльныя сувязі, што, вядома, паляпшае і настрой, і якасць жыцця. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота мае ілюстрацыйны характар