Жыццёвы цыкл драўлянага помніка

Апублiкавана: 11 студзеня 2024 Стужка Музеі Мiнская вобласць Ёсць пытанне!

Аўтар: СВІРЫН Ілья

У этнаграфічным комплексе гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” ідзе рамонт. Назіраючы, як рабочыя шчыруюць на рыштаваннях, замяняюць пачарнелыя дошчачкі на свежую залацістую дранку — літаральна сёлетнюю, міжволі задумваешся пра вечнае і часовае. Дакладней, пра тое, што ж з’яўляецца самым важным у захаванні спадчыны. І ў выніку прыходзіш да высновы: пытанне гэта складанае — як той казаў, дыялектычнае.

ТЭРМІН ПРЫДАТНАСЦІ ДРЭВА 

Па словах намесніцы дырэктара музея-запаведніка Ксеніі Сямашка, пачаліся працы вельмі своечасова: на пакрыцці даху сям-там з’явілася цвіль, дзе-нідзе яно замшэла або падгніло. І сапраўды, прыгледзеўшыся, няцяжка заўважыць, што старыя дошкі ўжо маюць зеленаватае адценне. 

Не трэба быць спецыялістам, каб разумець: калі з дахам бяда — прапаў увесь будынак. Ды тут самы час прыгадаць вядомую ісціну: з пункту гледжання метадалогіі адным з важных параметраў аўтэнтычнасці помніка з’яўляецца матэрыял. Адпаведна, яго належыць захоўваць гэтак жа беражліва, як і вонкавы вобраз аб’екта спадчыны. Але ці магчыма гэта ў выпадку з драўлянымі помнікамі, ды яшчэ і ў нашым клімаце? 

Замест адказу супрацоўнік музея-запаведніка Зміцер Савельеў дэманструе мне купку толькі што знятай гонты. Цяжка адмаўляць відавочнае: яна хіба што ў печку прыдатная. Пасля таго, як прасохне ад вільгаці. 

Адмысловец тут жа агаломшвае: тыя старыя дошчачкі таксама не тое каб надта аўтэнтычныя. Яны з’явіліся падчас мінулай рэстаўрацыі, якая прайшла гадоў 30 таму, а на адной з пабудоў комплексу — і яшчэ пазней. 

— Раней была такая завядзёнка: з тым разлікам бацька перакрываў хату пасля нараджэння сына, што калі ён пасталее, то перакрые яе нанова, — кажа архітэктар. — Дрэва — гэта матэрыял, які ад пачатку прадугледжвае хуткую замену, бо мае свой тэрмін прыдатнасці. Пагатоў на дах куды больш уздзейнічаюць атмасферныя ападкі, ніж на іншыя часткі канструкцыі. Хаця і яны таксама з часам патрабуюць замены. 

Я запытаў, як жа вырашалі гэтыя пытанні ў мінулым. Выявілася, што ніяк: 

— Жыццёвы цыкл такіх пабудоў не перавышае стагоддзя, на большы перыяд яны апрыёры не былі разлічаны. Але паколькі сёння тыя ж млын, кузня, свіран ды хата завозніка маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, грамадства імкнецца зберагчы іх як мага даўжэй — бо ўсе разумеюць, што гэта частка нашай беларускай ідэнтычнасці. Таму мы выкарыстоўваем розныя метады і сродкі, каб працягнуць жыццё будынкаў. 

БЕНЗАПІЛА ЦІ ДЗЕДАВА СЯКЕРА? 

Зміцер Савельеў перакананы, што, калі захоўваецца першаснае аблічча драўлянага будынка, а пры рэстаўрацыі прымяняюцца адэкватныя матэрыялы і тэхналогіі, ён мае права лічыцца помнікам спадчыны — нават тады, калі ад арыгінала ніводнай дошчачкі не застанецца (а гэта рана ці позна здарыцца). 

Зрэшты, і да тэхналогій не варта ставіцца надта рыгарыстычна. Ці можна, напрыклад, выкарыстоўваць падчас рэстаўрацыі электраінструмент? Вядома ж, сёння ніхто гэтага не забараняе, і хіба вялікія заўзятары (а яны сустракаюцца) будуць утрапёна дзяўбці палена дзедавай сякерай. Звычайна гэта адбываецца ў вольны ад працы час — і не столькі дзеля выніку, колькі дзеля задавальнення. 

ХЛЕБ МУЗЕЙНАЙ ВЫТВОРЧАСЦІ 

Ці можаце вы ўявіць, што нейкая банальная рэч — прыкладам, найбліжэйшы да дому супермаркет — з часам стане помнікам спадчыны і прывабным для турыстаў музеем? Хіба што не. Ды хто сёння ведае, куды прывядзе імклівы ход часу — і асабліва развіццё тэхналогій? Вось і той самы млын яшчэ зусім нядаўна (нават не стагоддзі, а літаральна дзесяцігоддзі таму!) быў звыклым для ўсіх аб’ектам інфраструктуры — як сёння той самы супермаркет або рэстаран з фаст-фудам. 

Адпаведна, млыноў у Беларусі існавала — процьма. Сёння ж ёсць толькі адзін дзейны — вадзяны, у мястэчку Жодзішкі на Смаргоншчыне. Прычым ён быў адроджаны — стараннямі рупліўца, унука колішняга гаспадара. І працуе той млын па прызначэнні ўсяго дзве гадзіны на дзень. У астатні час служыць экскурсійным аб’ектам. 

Дарэчы, як распавяла Ксенія Сямашка, да 1996 года паравы рухавік у Заслаўі таксама малоў муку. Больш за тое, дэманстрацыю вытворчасці прадугледжвала сама канцэпцыя этнаграфічнага комплексу як жывога музея. Ужо ў тыя часы — звыш 30 гадоў назад! — там планавалася нават адкрыць такі нязвыклы для скансэнаў аб’ект, як уласная пякарня з крамкай, дзе прадавалі б свежы “музейны” хлеб. 

З пякарняй тады не атрымлівалася. А неўзабаве і жорны спыніліся: узніклі непаладкі ў складаных механізмах, ды і патрабаванні пажарнай бяспекі на аб’екце выконваць было б вельмі цяжка. 

Зрэшты, этнаграфічны комплекс усё адно захоўвае каларыт даўніны — толькі іншымі сродкамі. Уявіць, як рабілася мука ў прамінулую эпоху, дазваляе захапляльны аповед экскурсавода. А зайшоўшы ў хату завозніка — у своеасаблівы заезны дом для кліентаў млына — адчуваеш, нібы тыя самыя завознікі зусім нядаўна яе пакінулі. 

Пабудову асвятляюць старадаўнія ліхтары-газніцы, у якія замест кнота ўстаўлены электрычныя лямпачкі (не надта прыкметныя, калі не ўзірацца). І гэта выглядае як трапная метафара... 

— Зразумела, тут мы не можам абысці ўвагай такую тэму, як інтэрпрэтацыя спадчыны, яе адаптацыя да ўмоў сучаснасці, — кажа Зміцер Савельеў. — У дадзеным выпадку вытворчы аб’ект стаў музеем. Значыць, належыць адпаведным чынам дбаць пра бяспеку і камфорт наведвальнікаў. У сапраўдных млынах з гэтым, дарэчы, была праблема… 

— Калі мы адаптуем да музейных патрэб гістарычны будынак, дык павінны думаць пра электрычнасць, ацяпленне і пра тое, каб не было лішніх пахаў, — уключаецца ў размову Ксенія Сямашка. — Лічу, цалкам прымальна, калі рэканструкцыя робіцца з улікам запытаў сучаснага чалавека. Мы мусім разумець, што нават менталітэт сёння іншы. Раней памол мукі доўжыўся 10 гадзін — і людзі трывалі, ніхто не скардзіўся. Цяпер жа, калі тэкст большы за старонку, многія стамляюцца яго чытаць. 

Але ж немінуча ўзнікае пытанне: ці не з’яўляецца такі падыход падменай аўтэнтыкі? 

— Так, без падмены ніяк не абысціся, — пагаджаецца суразмоўца. — Тыя традыцыйныя святы, якія мы ладзім, — гэта ж таксама рэканструкцыя ў адаптаваным выглядзе. Даўно заўважыла: наведвальнік не разумее рэалій мінулага, калі іх не перакласці на сучасную мову — што цудоўна ўмеюць нашы харызматычныя экскурсаводы. Менавіта далікатная адаптацыя спадчыны здольная наблізіць яе да сучасніка. Чалавек захапляецца мінулым тады, калі мы малюем паралелі з сучаснасцю — і, вядома, калі ён ўключаны ў інтэрактыўны працэс. 

Сёння новыя элементы даху старых будынкаў выразна вылучаюцца на агульным фоне. Ды Зміцер Савельеў запэўнівае: праз некалькі гадоў дранка пацямнее і будзе належна ствараць эфект даўніны. А як пройдзе пара-тройка дзесяцігоддзяў, пакрыццё зноў давядзецца мяняць. 

— Адзіны спосаб гэтага пазбегнуць — замяніць дрэва на які-небудзь іншы матэрыял, сучасны і больш трывалы, — дадае адмысловец. — Ды лішне нават казаць, што такі варыянт не разглядаецца. 

…Што ж, выснова, у рэшце рэшт, відавочная: спадчына — гэта найперш пра людзей, а не пра дрэва. 

Ілья СВІРЫН 

Фота Генадзя СІВОХІНА