Тут песня ніколі не сціхне

Ці можа каманда з трох супрацоўнікаў ладзіць брэндавыя імпрэзы і скараць міжнародныя конкурсы? Лёгка — калі гэтым людзям наканавана займацца творчасцю. Тады знойдуцца аднадумцы, тады адмыслоўцаў акрыліць глядацкая любоў. Сведчыць пра гэта вопыт маленькага калектыву рупліўцаў Валкалацкага сельскага дома культуры, што ў Докшыцкім раёне, на чале з Марыяй Кімстач.

Марыя Чаславаўна прызнаецца, што творчасць вабіла яе з маленства. Душа прасілася на сцэну. Верагодна, любоў да музыкі перадалася ад родных. Тата быў акардэаністам-самавукам, і яго здольнасцям дзівілася ўся ваколіца. “Так прыгожа і выразна, як Часлаў, ніхто не іграе”, — казалі людзі. Бацькава ж сястра валодала цудоўным голасам. Спявачцы нават прапаноўвалі пачаць прафесійную кар’еру, аднак цётка мусіла застацца пры сям’і і гаспадарцы. Усё жыццё выканаўца адпрацавала ў мясцовым клубе — і літаральна за руку прывяла на сцэну пляменніцу Марыю. 

Уладзімір Чыкун, Таццяна Ляпкова, Вольга Сушко, Марыя Кімстач, Яўген Кімстач

Уладзімір Чыкун, Таццяна Ляпкова, Вольга Сушко, Марыя Кімстач, Яўген Кімстач

Дзяўчына ж, нягледзячы на захапленне вакалам, адразу пайшла ў іншую прафесію: паслухалася настаўніцу, што параіла абраць больш даходную спецыяльнасць, ды паступіла ў эканамічны ўніверсітэт. Але ў рэшце рэшт стала культработнікам — з 2004-га працуе ў Валкалацкім сельскім доме культуры. 

Брат Марыі Чаславаўны таксама пераняў здольнасці ад родзічаў. Уладзімір Чыкун атрымаў музычна-педагагічную адукацыю і ўжо больш за 30 гадоў шчыруе ў сферы культуры. Менавіта ён быў ля вытокаў ансамбля “Прызбачка”, у якім да гэтага часу выконвае абавязкі хормайстра і акампаніятара. Іншыя ўдзельнікі калектыву спецыяльнай падрыхтоўкі не праходзілі, затое ад прыроды маюць добры слых і мілагучны голас, як мастацкая кіраўніца і салістка Таццяна Ляпкова. 

Паўстаў гурт у 2001 годзе, а найменне “Народны” атрымаў у 2010-м. Рэпертуар калектыву надзвычай багаты, але найбольшую ўвагу самадзейныя артысты надаюць беларускай народнай песні. Шэраг твораў запісалі ад мясцовых носьбітаў традыцыйнай культуры. І вакальнай музыкай набытак ансамбля не абмяжоўваецца: ад пачатку суполка ставіла своеасаблівыя шоу, у якіх песні чаргуюцца з харэаграфічнымі замалёўкамі і жартамі. За тое і палюбілі “Прызбачку” шматлікія гледачы. Дарэчы, калектыў вядомы не толькі ў сваім аграгарадку. Выступоўцы бывалі за мяжой, аб’ехалі нямала гарадоў ды мястэчак у Беларусі. Скарылі валкалацкія артысты і сталіцу “Славянскага базару”. Ужо колькі гадоў падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў у Віцебску ладзіцца турнір нацыянальных танцаў “Танчым разам”. Сёлета Марыя і Яўген Кімстач ды Уладзімір Чыкун з Таццянай Ляпковай сталі пераможцамі гэтага спаборніцтва. 

Творчыя калектывы Валкалацкага сельскага дома культуры

Творчыя калектывы Валкалацкага сельскага дома культуры

Славутасць Валкалаты — касцёл Яна Хрысціцеля. Ён быў асвечаны ў 1885 годзе і ніколі не закрываўся. Сёння помнік архітэктуры ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. У храме захоўваецца абраз Святога Роха. І мясцовыя жыхары здаўна шанавалі гэтага апекуна вандроўнікаў, хворых і лекараў. 

Да дня памяці святога Роха ў жніўні прымеркаваны традыцыйны Валкалацкі фэст, на які звычайна прыязджае нямала гасцей. Пасля імшы ў касцёле вяскоўцаў чакаюць выставы, усялякія забавы і пачастункі ад тутэйшых гаспадынь. Найважнейшая частка свята — канцэрты духоўнай музыкі. І тут рэй вядуць удзельнікі аматарскага аб’яднання “Голас душы” пры сельскім Доме культуры. Яны развучваюць рэлігійныя творы, выконваюць іх у храме, а таксама збіраюцца паразважаць аб вечных каштоўнасцях. Варта дадаць, што кіраўніца СДК Марыя Кімстач сама спявае ў касцельным хоры, а Уладзімір Чыкун іграе на аргане. 

Сёлета ў Валкалаце ўпершыню зладзілі свята агурка. Падзея мусіць стаць яшчэ адным культурным брэндам аграгарадка. На новы фэст з’ехаліся госці з усіх ваколіц — з добрымі песнямі і, вядома, пачастункамі. Установы культуры і іншыя арганізацыі раёна прэзентавалі арыгінальныя стравы. Аздобілі праграму выступленнямі і мясцовыя самадзейныя артысты. А пары з розных куткоў Докшыцкай зямлі сышліся ў харэаграфічным спаборніцтве — турніры беларускіх народных побытавых танцаў. У скокі пусціліся нават старажылы. Самай вопытнай канкурсантцы споўнілася 80 гадоў! 

Кіраўніца СДК Марыя Кімстач дзеліцца: “Мне пашанцавала з камандай — супрацоўнікамі і ўдзельнікамі аб’яднанняў”. Пад адным дахам сабралася суполка адданых творчасці людзей — і таму не выпадае сумнявацца, што ў Валкалаце песні не заціхнуць. Прыжывуцца новыя традыцыі, не згінуць даўнія. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіва ўстановы