Дзіця дзвюх краін. Размова з Яўгеніяй Караткевіч

Апублiкавана: 12 студзеня 2024 Кiно Кіно Магілёў і вобласць Iнтэрв'ю

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Так сябе называе Яўгенія Караткевіч. Яе маці — з Расіі, бацька — з Беларусі. Паспяховая актрыса тэатра і кіно лічыць сваю працу ўнёскам ва ўмацаванне адносін паміж братэрскімі народамі. Што ўдалося зрабіць маладой таленавітай дзяўчыне?

— Яўгенія, раскажыце пра сябе нашым чытачам. 

— Я актрыса, спявачка, заснавальніца дабрачыннага фонду “Твае таленты так патрэбныя планеце” і арганізатар фестываляў з такой жа назвай. Гэта дабрачынныя беларускарасійскія святы, на якіх дзеці з інваліднасцю па слыху і дзеці з сіндромам Даўна танчаць, а невідушчы хлопец з Масквы Данііл Хачатураў спявае. На сцэне Палаца Рэспублікі 15 лютага пры падтрымцы беларускага сенатара Дзмітрыя Баскава мы ўпершыню аб’ядналі дзяцей, якія слаба чуюць, з Беларусі і Расіі. У дабрачынным фестывалі ўдзельнічалі выхаванцы маскоўскай арганізацыі “Анёлы надзеі” і Мінскай агульнаадукацыйнай школыінтэрната №13. Хлопчыкі і дзяўчынкі выступілі, я выканала свае песні. Усе вакальныя кампазіцыі суправаджаліся жэставымі спевамі. Гэта творчы кірунак, якому спецыяльна навучаюцца. Вельмі прыгожа і кранальна. 

Другі фестываль “Твае таленты так патрэбныя планеце” адбыўся ў Маскве. Мы адвезлі нашых дзетак у Музей Перамогі, правялі экскурсію па сталіцы Расіі. Хачу адзначыць важную асаблівасць свята — аб’яднанне на сцэне хлопчыкаў і дзяўчынак з інваліднасцю і без яе. Мы вучым іх сябраваць і камунікаваць. 

У мяне дзве радзімы. Мама — з Забайкалля. А тата — з вёскі Востраў Гомельскай вобласці. Бацька служыў у Чыце, там сустрэў маму, закахаўся і павёз яе ў Беларусь. Тут, у Магілёве, я і нарадзілася. Таму я дзіця дзвюх краін. Уся маміна лінія — Расія, Забайкалле. А татава — Беларусь. Мая праца — гэта мой унёсак у аб’яднанне і сяброўства народаў дзвюх дзяржаў. 

Я вучылася ва УДІКу (ВГИК) у Сяргея Аляксандравіча Салаўёва і Валерыя Давыдавіча Рубінчыка. Паступіла да іх на бюджэт. На першым курсе Марк Захараў узяў мяне ў тэатр “Ленкам”. Я працавала там восем гадоў. Акрамя таго, удзельнічала ў рокмюзікле “Тод” гурта “Король и Шут”. Выканала галоўную ролю ў мюзікле маскоўскага Тэатра кінаакцёра “Моцарт і Маргарыта”, грала Маргарыту. Знялася амаль у 30 праектах. 

— Для артыста першая галоўная роля ў поўнаметражным фільме — вялікая падзея… 

— Хутка выходзіць на экраны драма Андрэя Карасава “Возера дзяцінства” з Дзмітрыем Харацьянам, народным артыстам РСФСР Аляксандрам Івановым і мной у галоўных ролях. Гэта карціна пра малую радзіму. Я там граю, па сутнасці, саму сябе— дзяўчынку, якая піша вершы і песні, марыць праславіць свой край. І яе жаданне спраўджваецца. Гэты фільм стаў вялікай падзеяй у маім жыцці. Ён для мяне — Божае наканаванне. 

Летась у Чыце на Забайкальскім міжнародным кінафестывалі дзякуючы стужцы “Мятны пернік” я пазнаёмілася з рэжысёрам Андрэем Карасавым. Праз месяц ён прапанаваў мне галоўную ролю ў новай карціне. Сыграць аднаго з асноўных персанажаў у поўным метры было маёй самай вялікай марай. І яна здзейснілася. Важна тое, што гісторыя нагадвае маю ўласную і супадае з ёй нават у тых момантах, якія па фільме з’яўляюцца казачнымі. У чэрвені мяне паклікалі, а ў жніўні я ўжо працавала ў гэтым праекце. 

— Як вы пасябравалі з дзецьмі, якія слаба чуюць? 

— Падчас здымак фільма мяне запрасілі ў цэнтр “Адкрыты свет”. Раней, як і многія, я насцярожана ставілася да людзей з інваліднасцю. Але калі ўбачыла, як гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі спяваюць ручкамі, проста закахалася. Дзіма Ратнікаў вельмі мяне ўразіў. І ўжо назаўтра мы з аператарам фільма “Возера дзяцінства” Андрэем Мызнікавым паехалі да тых дзяцей зноў. 

Узялі дзяўчынку Вераніку, развучылі з ёй жэсты і знялі кліп. Паказалі яго ў Маскве. Ролік усім спадабаўся, патрапіў у ратацыю тэлеканала Мuѕіс Box Russia. Дзякуючы гэтаму відэа я пазнаёмілася з хорам хлопцаў, якія слаба чуюць, у Маскве. Аказалася, што яго кіраўнік Алена Арлова, як і я, родам з Магілёва. Мы вырашылі стварыць сумесны праект. А рэалізаваць яго дапамог першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Лук’янаў. Мы знаёмыя з шасці-сямі гадоў. Ён ведае, што я вялікі патрыёт. Падчас майго чарговага прыезду на радзіму Аляксандр запрасіў паўдзельнічаць у навядзенні парадку ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Я пагадзілася. І там падчас акцыі БРСМ пазнаёмілася з членам Савета Рэспублікі Дзмітрыем Юр’евічам Баскавым, расказала яму пра наш праект і атрымала дзейсную дапамогу. 

— Фактычна ўсе вашы мары ажыццявіліся. Што далей? 

— Цяпер я хачу сыграць у ваенным фільме. Мне ўжо прапанавалі ролю, але пакуль пра гэта казаць рана. Мой тата — палкоўнік у адстаўцы. Хросны — таксама палкоўнік. Так што ў гэтай мары ёсць падмурак. У найбліжэйшы час планую правесці трэці фестываль “Твае таленты так патрэбныя планеце” ў Калоннай зале Дома саюзаў у Маскве. А пасля Новага года, спадзяюся, у Беларусі адбудзецца прэм’ера фільма “Возера дзяцінства”. 

— Чаму вы з Магілёва паехалі паступаць у Расію, а не ў Беларускую акадэмію мастацтваў? 

— Я ездзіла ў БДАМ на курсы да Ірыны Іванаўны Кабаевай. Больш за год у яе адзаймалася. Педагог усяліла веру, што мяне чакае Масква. Мама ж заўсёды падтрымлівала мае авантуры. А тата быў супраць. Ён казаў, што ў акцёраў ёсць свае дзеці, а я дачка палкоўніка. І па яго патрабаванні я да 9 класа рыхтавалася да вучобы ў Акадэміі МУС. Праўда, насамрэч хацела спяваць у ансамблі МУС. 

Але я ўсё ж паступіла ў Маскоўскую дзяржаўную акадэмію харэаграфіі і паралельна ў ГІТІС на завочнае, а таксама вучылася на акцёрскіх курсах у ММАТе (МХАТ). А ў наступным годзе мая мара спраўдзілася: я трапіла на адно з пяці бюджэтных месцаў ва УДІК. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі ўсе тыя веды, што ўвабрала за 13 гадоў у Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў. 

— Ці даводзілася сутыкацца з бытавымі цяжкасцямі? 

— Калі ездзіла ў першы раз паступаць у Маскву, чатыры разы начавала на Беларускім вакзале — гэта лічыцца? А яшчэ падчас працы ў рок-мюзікле “Тод” я гучна спявала ў інтэрнаце. Суседкі паскардзіліся, мяне выселілі. І некаторы час давялося жыць на гарышчы гэтага самага інтэрната… 

— У вас ёсць сакрэт, дзякуючы якому спраўджваюцца жаданні? 

— Нават два. У дзяцінстве мая баба Каця, якая жыла ў Забайкаллі, падарыла вялікага высушанага шчупака. Яны з дзедам злавілі яго. Бабуля казала, што шчупак казачны і здзейсніць усе мае мары. А пазней, у падлеткавым узросце, я завяла карту жаданняў. Тады гэта было модна. Дык вось, усе жаданні з яе спраўджваліся. Нават тыя, пра якія забывала. Толькі ўявіце: у Маскве неяк перамагаю ў конкурсе, і мяне ўзнагароджваюць паездкай на Кубу. Я вяртаюся ў Магілёў, дадому, гляджу на карту жаданняў, а там Карыбскія астравы, што я калісьці выпадкова выразала і наклеіла. Выпадковасці не выпадковыя. 

— Вы вельмі жыццярадасны чалавек. Як захоўваеце ў сабе бадзёры настрой? 

— Наш настрой і будучыня залежаць толькі ад нас. Мы атрымліваем тое, што выпраменьваем у гэты свет. Ведаю па сабе: калі пачынаю сумаваць, з’яўляюцца непрыемнасці. Я доўга не разумела гэтага. Але аднойчы негатыў і раздражняльнасць прывялі да сапраўды складанай сітуацыі. Я пяць разоў сыходзіла жыць у манастыр Опціна пустынь. І там дасведчаныя людзі патлумачылі мне сутнасць граху засмучэння. Пасля гэтага я забараніла сабе сумаваць і крыўдзіцца. Трэба канцэнтравацца на тым добрым, што ёсць вакол нас... 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва гераіні