Ці зменяць “Кіношнікі” беларускі кінематограф?

Апублiкавана: 13 студзеня 2024 Кiно Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

На экраны выйшаў дэбютны фільм Кірыла Халецкага “Кіношнікі”. Якой атрымалася першая поўнаметражная карціна маладога рэжысёра і ці дасць яна старт абноўленай айчыннай кінавытворчасці?

Некаторыя гледачы азнаёміліся з гэтай работай на ХХІХ Мінскім міжнародным фестывалі “Лістапад”: беларуская стужка не толькі ўдзельнічала ў конкурсе “Кіно маладых”, але і стала фільмам адкрыцця. Па выніках форуму “Кіношнікі” атрымалі дзве ўзнагароды. Аднак запомніцца ўсім не золата прызоў, а атмасфера ў сталічным кінатэатры “Беларусь”: поўная зала ў суботнюю раніцу і працяглыя апладысменты падчас цітраў. 

ПРА ТОЕ, ШТО БЛІЗКА 

Лірычная камедыя ў нейкай ступені аўтабіяграфічная. Малады рэжысёр Коля (Станіслаў Пякарскі) трапляе па размеркаванні на кінастудыю і, каб зняць фільм, праходзіць праз шэраг выпрабаванняў. Сюжэт, пабудаваны на асабістым вопыце Кірыла Халецкага, зразумелы кожнаму. На месцы рэжысёра мог апынуцца любы іншы малады спецыяліст, які гарыць сваёй працай і павінен пераадолець агонь, ваду і медныя трубы не толькі каб даказаць нешта гэтаму свету, але і каб зразумець важныя рэчы для сябе. Такі пасыл — першы плюс для гледача. Другі не змушае сябе чакаць: у сюжэта фільма нескладаная структура, а выбар лірычнай камедыі ў якасці жанру дазваляе ў лёгкай форме распавесці пра вечныя каштоўнасці, адна з якіх — жывая душа мастацтва. 

Рэжысёр закранае даволі балючую тэму — мастацтва супраць грошай. Яна актуальная і для кінематографа ўвогуле, бо знайсці баланс паміж аўтарскім увасабленнем і камерцыйным патэнцыялам атрымліваецца не ва ўсіх. Аднак галоўная думка, якая гучыць з вуснаў герояў і чырвонай ніткай пранізвае гісторыю, — ідэя прэваліруе над выгадай. Поспех фільма не тлумачыцца коштам камеры, асноўнае ў карціне — замысел, здольны кранаць гледача. Гэта даволі натхняльны меседж, асабліва для творчай аўдыторыі, якой знаёмая барацьба схаванага патэнцыялу і страхаў.

ДАНІНА ПАВАГІ 

Даволі нечаканым аказалася багацце візуальных і кантэкстных адсылак рэжысёра да культавых твораў кінематографа. Нечаканым і вартым павагі, бо карціна становіцца цікавай не толькі мэтавай аўдыторыі — моладзі. Ніводны элемент фільма не выкарыстоўваецца проста так. Аўтары ўжываюць усе магчымасці кіно як аўдыявізуальнага мастацтва, каб распавесці гісторыю захапляльна. Цытаванне рэплік са стужак Балабанава адным з антаганістаў разам з майстэрскімі ракурсамі аператара Уладзіміра Казіяткі, дзякуючы якім герой нібыта займае месца Мікіты Міхалкова на постары крымінальнай камедыі “Жмуркі”, раскрываюць характар персанажа з першых хвілін яго з’яўлення на экране. 

Аляксей Анісеня — экранны Ігар

Аляксей Анісеня — экранны Ігар

Ёсць у карціне і іншыя адсылкі, больш “лакальныя”, у якіх заключана актуальная для жанру “Кіношнікаў” самаіронія. Тонкую насмешку адчуюць тыя, хто знаёмы з рэжысёрам і яго папярэднімі работамі. Напрыклад, фільм, раскрытыкаваны героем Юрыя Цвіркі, — гэта першая кароткаметражка Халецкага “Дарога”. Ёсць і абяцанае камеа самога Кірыла. Ён паўстае ў вобразе занадта самаўпэўненага ўдзельніка фестывалю. Хоць персанаж і эпізадычны, на яго фоне кантрасна выдзяляюцца сапраўдныя каштоўнасці пратаганіста. 

ПА СТАНІСЛАЎСКІМ 

Як можна заўважыць, усе героі ў “Кіношніках” — ад галоўных да другасных — дапамагаюць плаўнаму перагортванню сюжэтных старонак. За гэта варта падзякаваць аўтарам сцэнарыя. У фільме лёгка прасочваюцца ключавыя архетыпы, што становяцца трывалымі каркасамі для вобразаў. Тут саюзнікі, і брамнікі, і, самае важнае, настаўнікі. 

Для фільма выбраны дакладныя ўзроўні канфліктаў. Асноўны, унутраны, выяўлены ў душэўных пакутах і барацьбе Колі з несправядлівасцямі на шляху да высакароднай мэты — стварыць мастацтва. А каб гэты канфлікт не сышоў у глыбокую псіхалогію і не зрабіў з лірычнай камедыі драму, праблему дапамагаюць раскрыць і знешнія фактары: саперніцтва з прадзюсарам, апанаваным асабістай выгадай, і яго братам, які прасоўвае ў масы сумнеўныя анлайн-курсы. 

У апошнім ярка ўвасоблены падтэкст важнасці акадэмічных ведаў у кінаіндустрыі — адной з нямногіх, у якой самаадукацыя не дапаможа замацавацца. 

Але колькі б мы ні хвалілі годны сцэнарый з усімі паўтонамі-падтэмамі і ўтоенымі сэнсамі, фільм атрымаўся і дзякуючы майстэрству акцёраў. Безумоўна, варта адзначыць вядучую партыю Станіслава Пякарскага. Яго персанаж зразумелы і блізкі гледачу ўнутранай барацьбой з прымхамі і знешняй — з абставінамі. Артысту ўдалося адкрыць сэрца Колі мякка, без напружання, таму галоўны герой выглядае шчырым у думках і перакананнях, а таксама ў пачуццях да каханай. І хаця роля не дазволіла Станіславу адлюстраваць увесь патэнцыял эмацыйнай палітры (бо жанр камедыйны), змена настрою пратаганіста нават у дробных адценнях прадэманстравана без фальшу. 

Выклікала прыхільнасць і Лаліта Таборка, выканаўца ролі Алены. Да персанажа складана не пранікнуцца любоўю: гераіня спагадлівая, жвавая, гатовая ў любы момант дзейнічаць, але ў той жа час разважлівая. Актрыса здолела збалансаваць розныя рысы характару Алены. Адзін з найлепшых жаночых вобразаў на беларускім экране! 

Але сапраўдным адкрыццём года стаў Юрый Цвірка. Акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з’явіўся на кінаэкране ўпершыню. І шмат у чым гэта заслуга рэжысёра. Ён разгледзеў у Юрыю камедыйны тыпаж, які аказаўся самым гучным акордам акцёрскага аркестра. Тая лёгкасць, з якой артыст выконвае партыю персанажа, зачароўвае і імгненна ўключае цікавасць гледача. І вось мы ўжо не можам адарваць вачэй ад “аскараноснага” героя. З такой ювелірнай дакладнасцю стварыць вобраз веселуна, які валодае жыццёвай мудрасцю і выступае настаўнікам галоўнага героя, здольны толькі майстар. 

ЗАМЕСТ КРОПКІ 

“Кіношнікі” — першая беларуская стужка, якая можа пачаць новую старонку ў 100-гадовай гісторыі айчыннага кінематографа. Шануючы традыцыі і дасягненні мэтраў, спалучаючы веды з актуальнымі павевамі, аўтары стварылі нешта ўнікальнае для беларускага кіно. Нешта, чаго даўно чакала публіка, — карціну пра нас сённяшніх. Ці прыйдуцца даспадобы “Кіношнікі” беларускаму гледачу, даведаемся зусім хутка. Шукайце фільм у кінатэатрах свайго горада з 14 снежня! 

РЭЙТЫНГ: ★ ★ ★ ★ ★

Яўгенія ГАБЕЦ