З пакалення пачынальнікаў

Сённяшні расповед мы прысвячаем пісьменніку Альгерду Абуховічу (1840—1898), сучасніку і аднадумцу слынных беларускіх літаратараў, шмат у чым першапраходцаў — Францішка Багушэвіча, Ядвігіна Ш., Янкі Лучыны. Нагодай наведацца ў Слуцк, дзе Альгерд Абуховіч прабавіў канец жыцця (і дзе знайшоў вечны прытулак), сталі 125-я ўгодкі спачыну творцы.

Слуцк — адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі. Не дзіва, што за амаль тысячагадовую гісторыю ён стаў арэнай важных падзей і домам вялікай колькасці славутых айчынных дзеячаў. Слуцк ёсць радзімай сусветна вядомага брэнда — адмысловых паясоў, брэнда рэспубліканскага — “Слуцкі цукар”. Густоўныя ўпакоўкі з блакітнымі валошкамі можна знайсці хіба не ў кожнай краме. Што казаць — Слуцк, культурную сталіцу Беларусі – 2023, ведаюць усе. 

ДА СПРАВЫ

Так павялося, што кожны візіт у гэты горад я пачынаю не ў музеях ці кавярні, а на вуліцы 14 Партызан, на старых могілках. Яны знаходзяцца на ўездзе ў Слуцк з боку Мінска, таму ім і першы знак увагі. Стагоддзямі тут аддавалі зямлі сялян, месцічаў, шляхту самых розных веравызнанняў — каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў, іўдзеяў. Строгі падзел на сваіх і чужых, што існаваў у ранейшыя часы, даўно парушаны, як і сістэмнасць пахаванняў. Традыцыйна для старых могілак — шмат перакуленых і напаўзасыпаных помнікаў. Каля 80 гадоў няма тут касцёла і царквы, засталася толькі іх равесніца, цудам ацалелая, — мураваная брама. Менавіта да яе адразу і прастуем. Злева, за сціплай старой блакітнай агароджай, — пахаванне Графа Бандынэлі (псеў- данім Альгерда Абуховіча). Працы тут заўсёды хапае. Адправіўшы на сметнік пару важкіх мяхоў зеляніны, я зацепліў зніч і агледзеўся. Агароджу апошні раз фарбавалі некалькі гадоў таму, і яна патрабуе паднаўлення. Тое самае тычыцца надпісу на камені: расчытаць тэкст няпроста. І ў гэты момант недзе на “гарышчы” абудзіўся мой унутраны папулярызатар, а за ім у “сутарэннях” — і даследчык. Першы прагукаў: “Як даць знаць мінакам, што тут спіць вечным сном выдатны сын Беларусі?” Мінакоў жа (у самым прамым сэнсе) каля Абуховічавага пахавання штодня — сотні: яго ад ходніка аддзяляе метр зямлі і невысокая агароджа могілак. І размова толькі пра гараджан. А колькі бывае турыстаў у сезон? Пытанне ўсім нам. 

"Крытая Брама" — арыенцір

Даследчык жа прагудзеў басам: “Правер на цікавінкі жыццярыс і радавод”. Гэтым я і заняўся, вярнуўшыся дадому. І сёе-тое знайшлося. Папершае, зусім іншымі фарбамі зайграла біяграфія пісьменніка, раней вядомая мне фрагментарна. Па-другое, адкрыліся патаемныя хады да такіх адметнасцей радаводу (у ім задзейнічаны паэт Адам Міцкевіч, філосаф Фларыян Бохвіц і “электрычны чалавек” Якуб Наркевіч-Ёдка), што не падзяліцца імі проста немагчыма. І мы зробім гэта ў асобнай публікацыі. 

УНЁСАК У СКАРБНІЦУ 

Да 180-годдзя з дня нараджэння Альгерда Абуховіча навукова-даследчы аддзел бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падрыхтаваў даведку пра пісьменніка. Звернемся да яе. 

У гісторыю беларускай літаратуры Альгерд Рышардавіч Абуховіч (6 жніўня 1840 — 22 жніўня 1898) увайшоў як паэт, пісьменнік-рэаліст, перакладчык, адзін з пачынальнікаў жанру байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі. 

Нарадзіўся Альгерд Рышардавіч у маёнтку Калацічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Глускі раён Магілёўскай вобласці)… Найбольш ярка талент А. Абуховіча праявіўся ў напісанні баек. Характэрна, што для сваіх твораў літаратар абраў менавіта беларускую мову. На жаль, пры жыцці А. Абуховіча яго байкі не друкаваліся. Да нашага часу дайшлі толькі некаторыя з іх (“Ваўкалак”, “Старшына”, “Суд”, “Воўк і лісіца”). Асобае месца ў творчасці пісьменніка займаюць мемуары (1894), якія вызначаюцца цікавым зместам, каларытнасцю замалёвак, народнай мовай, свабоднай формай апавядання, выяўляюць глыбокую сувязь з народнай культурай. У творы адлюстраваны многія бакі тагачаснага жыцця. Фрагменты мемуараў былі надрукаваны ў 1916-м у віленскай газеце Homan. Дзякуючы глыбокаму веданню замежнай культуры і літаратуры, бліскучаму валоданню асноўнымі еўрапейскімі мовамі А. Абуховіч стаў сапраўдным майстрам мастацкага перакладу. Літаратар увасабляў на беларускай мове спадчыну І. В. Гётэ, Ф. Шылера, В. Гюго, Дж. Байрана, Д. Аліг’еры, А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай і іншых (пераклады распаўсюджваліся ў рукапісах). На думку Р. Родчанкі, даследчыка жыцця і творчасці А. Абуховіча, пасля смерці пісьменніка яго рукапісы, архіў, шматлікія кнігі з асабістай бібліятэкі або спалілі, або здалі ў макулатуру. Асобныя рукапісы-аўтографы знаходзяцца ў замежных бібліятэках. 

ВЯРТАННЕ 

Згаданы Р. Родчанка — гэта чалавек, якому Альгерд Абуховіч фактычна абавязаны вяртаннем з небыцця. Рыгор Родчанка (1929— 1994) — беларускі краязнавец, літаратуразнавец, фалькла- рыст, пісьменнік і педагог. Яго дзяцінства прыйшлося на часы нямецкай акупацыі Беларусі. З 1942-га ваяваў у партызанскім атрадзе імя А. В. Суворава. У тым жа годзе пры выкананні задання атрымаў цяжкае раненне. Улетку 1943-га быў уключаны ў ініцыятыўную групу па стварэнні партызанскага атрада імя К. К. Ракасоўскага. Падраздзяленне ўвайшло ў склад 95-й партызанскай брыгады імя М. В. Фрунзэ. 

Міхаіл Вецік. Партрэт Альгерда Абуховіча (злева) і Язэп Дыла (справа)

Скончыў БДУ. У 1959 годзе вярнуўся ў Слуцк і пачаў працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Менавіта тады і зацікавіўся асобай земляка — Альгерда Абуховіча. Тую апантанасць Родчанка пранёс праз усё жыццё. Паплечнікам знаўцы ў яго пошуку, натхняльнікам і сябрам стаў ураджэнец Слуцка знакаміты пісьменнік Язэп Дыла (1880 — Саратаў, 1973), колішні вучань Альгерда Абуховіча. Ва ўспамінах Дылы ёсць такія радкі: “А вечарам таго дня… мы мелі госцем гэтага «дзівака» і слухалі яго, Альгерда Абуховіча, вершы на беларускай мове, пераважна байкі. У іх пісьменнік умела, у трапных выразах і словах высмейваў паноў і падпан- каў, заможных сялян і фанабэ- рыстых шляхцюкоў, ксяндзоў і царскіх «чынадралаў»... Бацька з маткаю з захапленнем слухалі яго творы і часта дружна смяяліся. Я сядзеў і слухаў як зачараваны, бо ўпершыню з вуснаў пана, хаця і ў паношанай вопратцы, прытым ад чалавека ўжо са срэбрам у валасах, чуў «дзіва» — мілагучныя вершы на той мове, якой я, жывучы да дзевяці гадоў у сям’і дзеда і бабкі, карыстаўся, якую я лічыў прыгожай і якую я ў гімназіі бараніў перад аднакласнікамі, што яе ганілі і высмейвалі. Пісьменнік у маіх вачах цяпер паўставаў як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова”. Дарэчы, Рыгор Родчанка — аўтар вялікай колькасці публікацый па краязнаўстве і кніг “Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: нарыс жыцця і творчасці” (1984), “Альгерд Абуховіч. Творы” (1991), “Старэйшая школа Беларусі” (1985) і “Слуцкая старасветчына” (1991). 

МАГІЛА І ЯЕ ПОШУКІ 

Ліставанне паміж двума землякамі Абуховіча было вельмі плённым. Дзякуючы дапамозе Дылы і знайшлася магіла Альгерда Абуховіча, якая лічылася страчанай у ваенныя часы. У адказ на пытанне Рыгора Родчанкі, дзе яна знаходзіцца, Язэп Дыла распавёў цэлую гісторыю. У 1920 годзе ён, тады яшчэ студэнт, пабы- ваў на радзіме і адшукаў на могілках пахаванне былога настаўніка. Пазней, ужо жывучы ў Саратаве, у 1950-х, літаратар звярнуўся да слуцкіх камсамольцаў з просьбай знайсці і ўзяць пад ахову магілу Абуховіча. Тыя паабяцалі, але не справіліся, хоць Дыла даваў вельмі дакладныя каардынаты: першы рад пахаванняў, чацвёртая магіла з левага боку, калі ісці на могілкі праз “Крытую Браму” ў напрамку да касцёла. Творца прасіў далучыцца і сваю сястру, але старая жанчына напісала ў адказ, што ў час гаспадарання нямецка-фашысцкіх акупантаў пахаванне Абуховіча-Бандынэлі разбурылі. Атрымаўшы ад Дылы ўказанні, у якім кірунку шукаць, Родчанка разам з краязнаўцам Вікенціем Дунаеўскім выправіліся ў экспедыцыю. Іх высілкі далі плён. На адным камені з-пад моху паказаліся літары з сям-там бачнай пазалотай. Тэкст на польскай мове сведчыў: “Тут спачывае цела с. п. Альгерда Абуховіча. Пам. 10 жн. 1898 г. Вечны спакой яго душы” (дата па старым стылі). Не верачы ўласным вачам, даследчыкі запрасілі жанчыну, якая добра чытала па-польску. Яна ўбачыла тое самае. Адзінае бянтэжыла Родчанку — дата смерці: не каля 1905-га (так сцвяр- джалі энцыклапедыі), а канкрэтны 1898 год. Дэшыфраваўшы надпіс на помніку, Родчанка прывёў вартаўніка могілак і яго жонку да месца, дзе пахаваны А. Абуховіч, і сказаў ім прыкладна наступнае: “Тут спачывае вялікі беларускі пісьменнік. Але пра яго яшчэ мала хто што ведае. Усе мы смертныя. Магу раптоўна сысці і я, і тады магіла ізноў згубіцца. Трымайце яе пад аховаю. Ёй яшчэ будуць цікавіцца вучоныя, і не толькі яны…” Неўзабаве пра сенсацыйную знаход- ку дазналіся чытачы “ЛіМа” і слуцкай газеты “Шлях Ільіча”. У лісце ад 6 лістапада 1966-га Язэп Дыла павіншаваў Рыгора Родчанку: “Наколькі я бясконца рады, што нарэшце Вы знайшлі магілу нашага незабыўнага А. Абуховіча, можа сведчыць тое, што, калі б Вы самі прыйшлі да мяне з гэтай радаснай весткаю, я схапіў бы Вас у абдымкі, стакроць пацалаваў бы, даражэнькі сябра, моцна ціснучы да свайго старога сэрца”. 

КАНФЛІКТ ІНТАРЭСАЎ 

Ніхто не адмаўляў каштоўнасці гэ- тай знаходкі. З’явіліся апаненты з боку навукоўцаў толькі адносна даты скону. Раптам высветлілася, што яшчэ Яўхім Карскі ў працы “Беларусы” падаваў праўдзівыя гады жыцця Альгерда Абуховіча (1840—1898). Некаторыя даследчыкі ўпарта сталі адстойваць памылковы 1905-ы. Сёння цяжка ўявіць, што гэтая спрэчка расцягнулася аж на 10 (!) гадоў. Каб пераканацца, што Родчанка меў рацыю, у Слуцк нават адправіліся навуковыя супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук. Упэўніўшыся, што краязнаўца ні ў чым не памыліўся, яны прынялі яго бок. Тое самае зрабілі і іншыя скептыкі. Дарэчы, магілу пісьменніка паказала навукоўцам згаданая жонка вартаўніка. 

НІБЫ ТАСТАМЕНТ 

У апошніх лістах Язэпа Дылы да Рыгора Родчанкі ёсць такія словы: “Бласлаўляю Вас прыняць на сябе ініцыятыву… 1) прывесці ў належны вы- гляд магілу А. Абуховіча; 2) звярнуцца да ўстаноў Беларусі і грамадства па дапамогу ў адшуканні рукапісаў і твораў гэтага аўтара, каб выдаць поўны збор яго баек і іншай спадчыны на беларускай мове”, “Лічу, што трэба яшчэ, каб Слуцкі выканкам дапамог у захаванні доміка Хведаровічаў на Іванаўскай вуліцы (гэты дом згарэў. — Р. Р.; сёння вуліца Розы Люксембург.— З.Ю.) і перайменаванні яе ў вуліцу імя А.Абуховіча”. У 1984 годзе Родчанка падсумаваў дасягнутае: “У чытача можа ўзнікнуць пытанне: што зроблена па гэтых лістах пісьменніка? Адказваю. Над магілаю Абуховіча-Бандынэлі шэфствуюць дзве арганізацыі Слуцка. Пахаванне дагледжана, прыбрана, своечасова фарбуецца агародка. У дні рэвалюцыйных свят на магілу ўскладаюцца вянкі”. Рыгор Родчанка, як мы ўжо ведаем, выканаў і яшчэ адзін запавет — выдаць збор твораў Абуховіча (1991). 

Раней месца пахавання пісьменніка не толькі даглядалася, але і афіцыйна мела пэўны статус. Пра гэта сведчыць важкі том “Збор помнікаў гісторыі і культуры. Мінская вобласць” (1987). Аднак цяпер у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей магіла чамусьці адсутнічае. Улічваючы важнасць асобы Альгерда Абуховіча, можна паставіць пытанне аб вяртанні пахаванню ахоўнага статусу. 

Яго, напрыклад, маюць магілы Францішка Багушэвіча ў Жупранах і Паўлюка Багрыма ў Крошыне (у паселішчы гэты паэт увогуле культавая асоба: адной вуліцы нададзена яго імя, а на месцах, дзе знаходзіліся дом і кузня творцы, ёсць адпаведныя знакі). Дарэчы, у Слуцку памяць Альгерда Абуховіча ўжо ўшанавана ў назвах вуліцы і праезда ў мікрараёне Навадворцы. Лагічным падаецца такі маленькі для Слуцка, але важны для Беларусі крок. 

P. S. Ёсць яшчэ адно важнае сведчанне таго, што памяць аб славутым пісьменніку жыве. У аграгарадку Калацічы (Глускі раён) каля сельскага Дома культуры ўсталяваны памятны знак у гонар Альгерда Абуховіча. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара і з архіваў