Ад­ра­сы дос­ве­ду

Мастоўскі раённы цэнтр культуры месціцца ў самым цэнтры горада, на галоўнай плошчы. А ў ім знаходзіцца аддзел традыцыйнага мастацтва і рамёстваў: тры асобныя памяшканні. У адным з іх — крама вырабаў народных майстроў. І ў дадзеным выпадку менавіта месца ў немалой ступені вызначае камерцыйны поспех гандлёвага пункту ўстановы. Хаця галоўнае, безумоўна, добры густ, высокія стандарты якасці і шчырая адданасць сваёй справе мастоўскіх майстроў традыцыйных беларускіх рамёстваў.

Загадчыца аддзела Алена Садоўнічая распавяла, што ў другім памяшканні ладзяцца майстар-класы, курсы, выставы. Гэтыя імпрэзы карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў. У трэцім пакоі непасрэдна працуюць майстры. Там ёсць неабходныя прылады і ўмовы. 

А ў краме вырабаў беларускіх традыцыйных рамёстваў штодня можна сустрэць саму Алену Садоўнічую, якая кампетэнтна распавядзе пра кожны з выстаўленых на паліцах выраб, пра яго, так бы мовіць, легенду і ролю ў быце ці містычным светапоглядзе нашых продкаў. У краме прадаюцца мастацкія работы і самой Алены — жывапіс і роспіс па дрэве. 

Яшчэ тут шчыруе майстар па вышыўцы Ірына Федзюк. Яна даходліва паказвае, як ствараюцца некаторыя з прадстаўленых работ, сярод якіх вышытыя ёю ручнікі. 

Ірына Федзюк — самавук. Калісьці ў дзяцінстве бачыла, як працуе прабабуля, але сакрэты майстэрства асвойвала сама. Калі ў педвучылішчы атрымлівала прафесійную адукацыю, захапілася традыцыйнай вышыўкай. Сёння яна валодае некалькімі спосабамі ручной вышыўкі, у тым ліку і бісерам. 

Сапраўднай зорачкай народных промыслаў у Мастах лічаць Вольгу Юр’еўну Вайтовіч. Яна займаецца пляценнем з травы. Вольга Юр’еўна — народны майстар Рэспублікі Беларусь, атрымала гэтае пачэснае званне ў 2019 годзе. Яна высушвае і апрацоўвае траву, а затым з дапамогай лазовай стужкі па спіралі яе пераплятае. Такім спосабам ствараюцца вельмі разнастайныя вырабы. Гэта можа быць недарагі духмяны сувенір, падстаўка для гарачых страў, бочачка для захоўвання розных рэчаў, сувенірныя спарышы. Пляценне з травы — гэта ўнікальная тэхніка, якая сёння ў Беларусі захоўваецца толькі ў двух месцах. Адно з іх — Масты Гродзенскай вобласці. 

Характэрна, што многія тавары тут маюць уласную легенду. А такія рэчы, як вядома, прадаюцца лепш. Напрыклад, ёсць тут гаршчочак-шаптунок. Ён сплецены з травы пры дапамозе льняной ніткі і выконвае жаданні таго, каму будзе падораны. 

Як і ў кожнай арганізацыі, у аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ёсць планавыя паказчыкі. Яны выконваюцца — і па колькасці наведвальнікаў, і па колькасці вырабаў, і па выручцы. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што паток знешніх турыстаў у Мастах невялікі. Затое мясцовыя жыхары выдатна ведаюць, дзе можна купіць самабытны сувенір для сваякоў, які будзе саграваць душу напамінамі пра традыцыі малой радзімы. 

На выязных мерапрыемствах, падчас тэматычных кірмашоў прадукцыя мастоўскіх народных майстроў таксама разыходзіцца добра. На Рэспубліканскім фестывалікірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Веснавы букет” у Мінску і на Рэспубліканскім свяце “Дажынкі” ў Александрыі асабліва вялікай папулярнасцю карыстаюцца вырабы травапляцення, таму гэтую тэхніку пераймаюць і іншыя мясцовыя майстры. 

А Алена Віктараўна Карпук пляце з саломы і лазы. Дзякуючы розным тэхнікам падрыхтоўкі сыравіны колеравая гама яе вырабаў даволі шырокая. Ірына Уладзіміраўна Слаута пляце і з лазы, і з кары. Яна валодае тэхнікай спіральнага пляцення і рэалізуе розныя задумкі. 

Штодзённае жыццё вызначае асартымент вырабаў традыцыйных рамёстваў. У краме ёсць і кераміка, і вышыўка, трава- і саломапляценне, прадстаўлены вязанне і разьба па дрэве. Асаблівыя мясцовыя сувеніры — традыцыйныя беларускія лялькі-абярэгі: спадарожніцы, паспяховіцы. 

Крама таксама бярэ на рэалізацыю вырабы і іншых мясцовых майстроў. Тут прадаюць мыла і свечкі ручной работы, сурвэтніцы, бутаньеркі, гіпсавыя статуэткі і нават дызайнерскія жаночыя сумачкі. 

Кожны майстар з Мастоў мае ўласны творчы стыль і свае сакрэты. Усяго ў цэнтры рупяцца сямёра чалавек. Працай сваёй задаволеныя. А калі і сыходзяць, па словах кіраўніка, то толькі ў адпачынкі па догляду за дзецьмі. 

Да Новага года і Калядаў крама аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Мастоўскага раённага цэнтра культуры падрыхтавала міні-выставу работ народных майстроў з прыродных матэрыялаў. Яна выклікае вялікую цікавасць у школьнікаў — частых гасцей у краме. Тут дзеці запазычаюць ідэі для сваіх вырабаў. А ў выставачнай зале, у адпаведнасці з гадавым планам мерапрыемстваў, тым часам расчыніла дзверы экспазіцыя “Гасцінна запрашаем у СССР”… 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота аўтара і з архіва ўстановы