Па прыкладзе славутага бібліяфіла

Сёлетаспоўніцца 105 гадоў з заснавання Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева. За гэтую пару назапашана нямала здабыткаў. І юбілейная дата — выдатная нагода зазірнуць у гісторыю ўстановы ды ўспомніць значныя падзеі апошняга часу. 

Імя апантанага бібліяфіла Івана Хрысанфавіча Каладзеева ўстанова атрымала 15 гадоў таму. І шмат што зроблена для ўшанавання слыннай асобы. У верасні 2008-га, калі Барысаў прымаў Дзень беларускага пісьменства, адкрылі памятную дошку на будынку кніжнай скарбніцы. Пра жыццё і дзейнасць выбітнага чалавека, гісторыю яго роду і сям’і можна даведацца ў мемарыяльна-выставачнай зале І. Х. Каладзеева і гісторыі вайны 1812 года. Хто не быў тут, паверце: не засумуеце! 

ДАКРАНУЦЦА ДА МІНУЎШЧЫНЫ 

У музейнай экспазіцыі дэманструюцца копіі архіўных дакументаў і прадметы матэрыяльнай культуры, якія раскрываюць не толькі жыццяпісы Івана Хрысанфавіча і яго блізкіх, але і гісторыю пасада Нова-Барысаў. Пра падзеі вайны 1812 года на Барысаўшчыне расказваюць адноўленыя элементы ўніформы і амуніцыі салдат Расійскай імператарскай арміі, а таксама знаходкі з палёў бітваў, сувеніры. Асобны раздзел прысвечаны мясцовым клубам ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. У ім паказаны ўзоры экіпіроўкі абедзвюх армій і фрагменты свецкіх жаночых строяў, вырабленых мастаком Андрэем Мірзаянам. Адметна, што наведвальнікі могуць патрымаць экспанаты ў руках, прымераць уніформу і зрабіць фотаздымкі на памяць. 

Штогадовая выстава Барысаўскі каларыт

Штогадовая выстава Барысаўскі каларыт

Значную частку мемарыяльнага праекта займае “Новы барысаўскі збор матэрыялаў па эпосе напалеонаўскіх войнаў і вайне 1812 года”, падрыхтаваны на ўзор знакамітай калекцыі Івана Каладзеева. Гэты сектар экспазіцыі налічвае каля 2000 прадметаў, у тым ліку рарытэтных. Вось дзе выдатная магчымасць для аматараў і знаўцаў гісторыі папрацаваць у адпаведнай атмасферы! 

ПРА ВЕЧНАЕ 

Таксама 15 гадоў таму па блаславенні мітрапаліта Філарэта ў бібліятэцы адкрыўся духоўна-асветніцкі цэнтр. Там паспяхова рэалізоўваюць шмат цікавых праектаў для карыстальнікаў рознага ўзросту. Варта прыгадаць рэгіянальную інфармацыйна-асветніцкую сацыякультурную ініцыятыву “Абяры жыццё!” для старэйшых школьнікаў, праект “Інклюзія. Бібліятэка без меж”, міжведамасную праграму “Формула здароўя”, цыклы мерапрыемстваў і праграм “Праваслаўе і спорт”, “Свяшчэнная гісторыя: біблейскія апавяданні для дзяцей”, “Воін пад сцягам Хрыста”. Дзейнічаюць праграмы “Крок да духоўных ведаў”, “Праваслаўныя святыні”, “Храмавае мастацтва”, праводзяцца Барысаўскія калядныя рэгіянальныя чытанні. І гэта далёка не поўны спіс. Усе праекты арганізаваны пры цесным супрацоўніцтве з Барысаўскай епархіяй, установамі адукацыі і іншымі партнёрамі. 

ЗАПРАШАЕМ НА ВЕРНІСАЖ! 

Уражвае актыўная экспазіцыйная дзейнасць бібліятэкі імя Каладзеева. Уласная артпрастора кніжнай скарбніцы ўключае карцінную галерэю Валерыя Шкарубы, галерэі “З’ява”, “Праменад” і “ARTквартал”, а таксама музейнавыставачны комплекс “Партнёры. Сябры. Пабрацімы”. Сёлета адбылося больш за 30 зменных экспазіцый! Кожная — асаблівая. Творчыя ініцыятывы з’ядналі шмат аўтараў і гледачоў, аматараў і профі, нашых суайчыннікаў і замежных гасцей. 

Фрагмент “Мемарыяльна-выставачнай экспазіцыі І.Х. Каладзеева і гісторыі Вайны 1812 года»

Фрагмент “Мемарыяльна-выставачнай экспазіцыі І.Х. Каладзеева і гісторыі Вайны 1812 года»

Штогадоваму праекту “Барысаўскі каларыт” споўнілася 10. Значная падзея ў культурным жыцці рэгіёна сабрала больш за 40 мастакоў рознага ўзросту. Лістападаўская справаздача мясцовых творцаў, як заўжды, спалучыла мудрасць і досвед з маладосцю і рамантыкай, голас традыцый з цягай да эксперыментаў. 

Сярод важных мерапрыемстваў — рэтраспектыўная экспазіцыя дыпломных работ выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава “Ступені майстэрства”, персанальная выстава Глеба Отчыка “Пад знакам рыбы”, дэманстрацыя прац па выніках конкурсу “Падарожжа ў свет Прышвіна”, арганізаванага нашымі калегамі з горада-пабраціма Яльца. У Барысаве паказвалі творы расіян Вячаслава Забеліна і Ігара Шаймарданава, прэзентавалі набыткі мясцовых аўтараў. 

БІЯГРАФІЯ ВІНІЛАВАЙ ФІГУРКІ 

Распавядаючы пра барысаўскую бібліятэку, немагчыма не ўспомніць пра лялек. Сёлета ў Міжнародны дзень аховы дзяцей на першым паверсе ўстановы ўрачыста адкрыўся творчы цэнтр “Лялечная альтанка”. Гаспадарыць там Алена Роўба — супрацоўніца залы літаратуры на замежных мовах, калекцыянер. 

Выстава "Прыступкі майстэрства" ў галерэі "З'ява"

Выстава "Прыступкі майстэрства" ў галерэі "З'ява"

Колькі прадметаў у экспазіцыі, нават складана падлічыць. Збор змяшчае цацкі розных перыядаў — ад 1950-х гадоў да нашых дзён. Наведвальнікаў радуюць фігуркі з пластыку, вінілу, фарфору і іншых матэрыялаў. У кожнай мініяцюрнай прыгажуні свая незвычайная гісторыя. Напрыклад, вінілавая лялька з Германіі, якую назвалі Дзіцятка, доўгі час служыла навучальным дапаможнікам у школе для цяжарных і маладых мам. Калі цацку спісалі, супрацоўніца клінікі забрала Дзіцятка дадому і выставіла на аўкцыён. Алена Роўба зрабіла стаўку — і выйграла. 

Зацікавіліся? Прыязджайце палюбавацца калекцыяй, а таксама паўдзельнічаць у святочных майстар-класах па стварэнні Снягуркі і яе казачных памочнікаў! 

Алена БРЫЦКАЯ 

Фота з архіва ўстановы