Та­лент і хіт­ры­кі, ува­соб­ле­ныя ў фарбах

Выставы ікон у Нацыянальным мастацкім музеі праходзяць далёка не ўпершыню, ды гэтая — асаблівая. У экспазіцыі“…На гонар і хвалу Госпаду Богу…”, якая працуе амаль да канца студзеня, прадстаўленыя тыя абразы ды іншыя творы культавага мастацтва, што маюць надпісы, здатныя праліць святло на іх гісторыю — а часам нават і аўтарства. Творы такія трапляюцца гады ў рады — з паўтары тысячы адзінак захоўвання калекцыі сакральнага мастацтва НММ іх усяго каля 80.А тэматычны выставачны праект, які факусуе ўвагу на датаваных і падпісных іконах, прэцэдэнтаў не мае.

Што за інфармацыю тояць у сабе тыя лаканічныя надпісы недзе на маргінэзе выявы, расшыфраваць якія наўрад ці дасць рады просты смяротны? Па-рознаму. Але ў кожным разе яны значна менш змястоўныя за самі іконы, культурныя коды якіх можна расчытваць да бясконцасці. 

З ФОНДАСХОВІШЧАЎ У СВЯТЛО САФІТАЎ 

Важна: арыгінальнай мож- на назваць не толькі ідэю праекта, але і яго “начынку”: 15 прадстаўленых твораў (а ўсяго іх 35) дасюль ніколі не выстаўляліся — і таму будуць адкрыццём нават для знаўцаў. Як распавяла генеральны дырэктар музея Ганна Конанава, сёння галоўная скарбонка беларускага мастацтва надае асаблівую ўвагу экспанаванню тых артэфактаў, убачыць якія глядач раней не меў магчымасці — альбо меў, але вельмі даўно і рэдка. 

— Калі невядомыя шырокаму колу шэдэўры беларус- кага мастацтва трапляюць з фондасховішчаў у святло сафітаў — гэта, можна сказаць, іх другое нараджэнне, — упэўненая дырэктар. 

Стаўка на навізну накладае на супрацоўнікаў нямала адказных клопатаў, бо падрыхтоўка твораў да экспанавання — справа не з простых. Яна ўключае і рэстаўрацыйныя работы (пра іх неяк пагаворым асобна), і даследчыя. Інфармацыі пра многія абразы — хаця б такой базавай, як аўтарства і дата стварэння — лічы што няма. Па-першае, падпісваць іх было не прынята, а па-другое, тыя выпадкі, калі ікона знаходзілася ў адным храме ад моманту стварэння і да сёння, у Беларусі можна назваць шчаслівымі выключэннямі. Звычайна лёс і храмаў, і абразоў быў вельмі пакручасты, таму паспрабуй ты за ім усачы. 

Каб разблытаць шчыльны клубок загадак, музейшчыкі вырачаныя на папраўдзе дэтэктыўныя пошукі. Для іх важная кожная зачэпка, за якую можна ўхапіцца, каб збудаваць хаця б памысную гіпотэзу. Зразумела, надпісы, часцей за ўсё зробленыя рукой аўтара, становяцца добрымі арыенцірамі на гэтым шляху. Нават тады, калі адзіная пэўная інфармацыя, якую яны ўтрымліваюць, — дата стварэння іконы. 

— Адзін датаваны абраз можа стаць пунктам адліку для атрыбуцыі цэлага шэрагу іншых, — кажа куратар вы- ставы Любоў Сысоева. — Мы вывучаем яго стылістыку, робім аналіз пігменту і паводле прынцыпу аналогіі можам вызначыць час стварэння падобных ікон. 

Па словах Ганны Конанавай, атрыбуцыі і ўсебаковаму вывучэнню ўзораў старажытнага мастацтва ў музеі надаецца не меншая ўвага, чым арганізацыі выстаў. І гэтая карпатлівая праца ніколі не сканчаецца разам з іх завяршэннем: яна ідзе несупынна. 

“І ТЧЭ, ЗАБЫЎШЫСЯ, РУКА…” 

Самая ранняя ікона на выставе — “Уваскрасенне” — датаваная 1678 годам. Мы бачым, што ўжо на той час мясцовыя майстры досыць смела адыходзяць ад візантыйскага канону. Чым далей, тым болей яны будуць адаптаваць свае творы да сучаснага сабе гледача, адлюстроўваючы звыклыя яму рэаліі замест іканапісных стандартаў. Усё як у класіка: “І тчэ, забыўшыся, рука…” 

Скажам, “Нараджэнне Багародзіцы” ўтрымлівае мнос- тва мілых дэталяў, якія дазваляюць зразумець побыт “сярэдняга класа” XVIII стагоддзя. На думку Любові Сысоевай, цалкам імаверна, што не толькі інтэр’ер, начынне, строі, але і самі вобразы мелі сваіх рэальных прататыпаў. Што для нас удвая больш каштоўна: дзе ты яшчэ ўбачыш, як выглядалі нашы далёкія продкі? 

НЕНАВЯЗЛІВЫ І АБАЯЛЬНЫ ПЛАГІЯТ

Зрэшты, створаныя мастакамі “з народа” абразы ўтрымліваюць не толькі цікавыя для этнографа дэталі побыту, але таксама і нечаканыя культурныя паралелі. Вось, напрыклад, арханёл Міхаіл, назваць якога бясплотнай істотай (у дадзеным візуальным увасабленні) язык неяк не паварочваецца. Мажная постаць Архістраціга аддалена нагадвае распаўсюджаны ў той самы час сармацкі партрэт, дзеля якога магнаты апраналі састарэлыя ўжо тады даспехі і пазіравалі ў гордых паставах. Любоў Сысоева пагаджаецца — падабенства тут відавочнае. Болей за тое, адзін і той самы аўтар мог маляваць як абразы, так і свецкія партрэты: жорсткага падзелу на іканапісцаў і мастакоў у XVIII стагоддзі ўжо не існавала. 

— У вобразе арханёла ярка праяўляецца ўласцівае для барока памкненне да пышнасці, параднасці, — дадае яна. — У беларускіх абразах таго часу добра адчуваецца стылістычны ўплыў заходнееўрапейскага мастацтва. Але пры гэтым ікона адлюстроўвае і нейкае народнае ўяўленне аб тым, як павінен выглядаць ваявода войска нябеснага. 

Што цікава, заходнееўрапейскі ўплыў быў уласцівы не толькі для ўніяцкага іканапісу, але і для праваслаўнага. На выставе дэманструецца “Узнясенне” (1808) майстра Магілёўскай школы Фамы Сілініча. Куратарка звяртае ўвагу і на прафесіяналізм аўтара, і на яго, як цяпер кажуць, “нагледжанасць”, абазнанасць у сучасным для той эпохі мастацтве — ракако. 

Па словах Любові Сысоевай, адрозніць абразы паводле канфесійнай прыналежнасці ў большасці выпадкаў не так і проста — вядома, калі даследчыкі не ведаюць правенанс канкрэтнага твора і гісторыю храма, з якога ён паходзіў. І сапраўды, ікона першамучаніка Стэфана (1815) з праваслаўнай царквы не вельмі моцна адрознівацца па стылістыцы ад выстаўленай па суседстве алтарнай карціны, якая, праўдападобна, знаходзілася ў адным з мінскіх касцёлаў і была створана прыблізна ў той самы час. Нельга выключаць, што на абодвух гэтых творах у розных манерах намаляваныя канкрэтныя жыхары Беларусі пачатку ХІХ стагоддзя. 

“БЮДЖЭТНЫЯ ВАРЫЯНТЫ” 

Выстава яшчэ раз сведчыць, што творцы з народа часцяком капіравалі прафесійныя ўзоры, часам нават без належнага асэнсавання. Прыкладам, на абразе Божай Маці Адзігітрыі намаляваныя воты. Звычайна срэбныя ці залатыя выявы рук, ног, сэрца і г.д. прымацоўвалі да цудатворнага абраза ў знак падзякі за канкрэтны выпадак ацалення. І вось мастак-самародак недзе тыя воты пабачыў — і вырашыў іх намаляваць, мабыць, не надта задумваючыся, што і да чаго. 

У экспазіцыі ўвагу адразу прыцягвае неймаверна светлая Маці Божая Жыровіцкая з Брэстчыны. Вось ужо і сапраўды — багаслоўе ў фарбах… Ды згадаю адну другасную дэталь. Падышоўшы бліжэй, заўважаеш: пазалочаны аклад, які мы можам бачыць на самых шанаваных абразах, у дадзеным выпадку выразаны па ляўкасе. Так бы мовіць, бюджэтны варыянт. 

Наогул, трэба адзначыць, што такія хітрыкі для народных творцаў уласцівыя. Скажам, знакамітая Царская брама з саломкі, у якой мастак Аляксандр Кішчанка бачыў увасабленне касмічнай гармоніі, з’явілася менавіта таму, што сусальнае золата прыходу было не па кішэні. 

Што ж, выстава пераканаўча сведчыць: копія можа быць не менш адметнай за арыгінал. Дый хібы здаюцца нам цяпер мастацкімі адметнасцямі — як, напрыклад, у выпадку з наіўнымі іконамі, напісанымі нібыта рукою дзіцяці: каструбаватым канём Святога Юрыя і кракадзільчыкам, як замяняе цмока. Цяжка не пагадзіцца з куратаркай: такія абразы не толькі выклікаюць замілаванне, але і адлюстроўваць свежасць бачання, непасрэднасць і нешаблоннасць народнага светапогляду. Не выпадае сумнявацца, што выставачны праект, адмыслова прысвечаны іканапіснаму наіву (а такая задума ўжо ў музеі выношваецца), стане сенсацыйным і звышпаспяховым. 

САМАРОДКІ З ПЕТРЫКАВА 

Бадай, найвялікшае адкрыццё выставы — святочны рад абразоў са Свята-Мікалаеўскай царквы Петрыкава, самай звычайнай, на першы погляд, местачковай царкоўкі. 

Невялікія па памерах і зусім някідкія, яны, аднак, сапраўды ўражваюць арыгінальнасцю і… той самай свежасцю бачання. Не ведаючы, што тыя абразы з’явіліся ў 1838 годзе, а іх аўтарамі былі мясцовыя (хутчэй за ўсё) самавукі, я б выказаў гіпотэзу, што іконы намаляваў сучасны дыпламаваны мастак, які добра засвоіў жывапіс ХХ стагоддзя, а выпрацоўваючы сваю аўтарскую манеру, натхняўся не толькі прымітывістамі, але і, напрыклад, Шагалам. 

Любоў Сысоева кажа, што ў гэтай серыі выразна адчуваюцца дзве рукі. І калі першы аўтар знаходзіць надзвычай арыгінальныя і прачулыя трактоўкі вядомых усім біблійных вобразаў, другі іканапісец — майстар характару: на яго “Тайнай вячэры” ў кожнага з дванаццаці апосталаў ён свой. У драматычнай, напружанай кампазіцыі няма пасіўных статыстаў або нават другасных персанажаў. 

Куратарка звяртае маю ўвагу на тое, што нават гэтыя самабытныя аўтары не грэбавалі “перапісваннем” прафесійных твораў (хай і атрымлівалася ў іх па-свойму). Пра гэта сведчыць адна смешная дэталь. На іконе Перамянення Гасподняга постаці апосталаў абрэзаныя: іх целы проста не змясціліся на дошку, якая па даўжыні меншая за тую гравюру, што паслужыла ўзорам. 

СЦІПЛАСЦЬ НЕ ЗАГАНА, АЛЕ… 

Кароткая гісторыя адноўленай петрыкаўскай царквы была накрэмзаная на зваротным баку абраза “Тайная вячэра”. Як выявілася, храм згарэў яшчэ ў 1772 годзе, і толькі ў 1838-м яго аднавілі стараннямі купцоў Кебеца, Маргуна, Караля і Крульскага. Прозвішчы іканапісцаў традыцыйна адсутнічаюць. Аднак Любоў Сысоева спадзяецца, што з часам недзе ў архівах іх усё ж удасца адшукаць. 

Ідучы на выставу, можна было спадзявацца, што яна адкрые новыя цікавыя імёны беларускіх мастакоў. Ды, як яно звычайна і бывае ў выпадку з іконамі, на музейных этыкетках амаль заўсёды пазначана: “Невядомы аўтар”. 

У экспазіцыі ёсць усяго тры іконы, на якіх мастак наважыўся пазначыць сваё прозвішча — хай сабе, і дробнымі літарамі. Гэта творы знанага ў XVIII стагоддзі майстра са Случчыны Васіля Маркіянавіча, згаданага ўжо Фамы Сілініча і той самы “Святы Стэфан” Іаан Васілеўскі 

Яшчэ адзін аўтар на адваротным баку сваёй “Адзігітрыі” пакінуў манаграму A.W. Гэта ўсё, што на сённяшні дзень пра яго вядома. Абраз Спаса мае незвычайны надпіс: ён створаны ў гонар адмены прыгоннага права. Наконт аўтарства… Там пазначана: ікону пісаў 70-гадовы стары. Дзіўная самапрэзентацыя! 

Што ні кажы, але іканапісцы ў мінулыя часы былі людзьмі сціплымі. Так, прозвішчы на многіх абразах фігуруюць, але належаць яны не аўтарам, а фундатарам. Ці было гэта ўмовай “спонсарскай дапамогі” (як нярэдка бывае сёння) або знакам падзякі, сказаць цяжка. У кожным разе не выпадае сумнявацца: грошы, інвеставаныя ў мастацтва, прынеслі добры плён, прычым не толькі для жыцця вечнага. Прозвішчы тых купцоў-дабрадзеяў, якія фінансавалі іканапісцаў, захаваліся для нашчадкаў — у адрозненне ад многіх іншых. Павучальная гісторыя… 

*** 

Як адзначыла Ганна Конанава, выстава зусім не вычэрпвае тэму датаваных і падпісных твораў сакральнага мастацтва. Па яе сканчэнні супрацоўнікі музея працягнуць даследаванні, па драбніцах збіраючы звесткі, каб праліць святло на гісторыю ўнікальных артэфактаў са сваіх фондаў. 

— Для нашага музея тэма сакральнага мастацтва ніколі не будзе вычарпаная, — кажа дырэктар. — Тым болей, лічу, яна вельмі важная для нашага часу. Гэтая выстава мяне ў чарговы раз пераканала ў тым, што іконы маюць каштоўнасць не толькі ў рэчышчы гісторыі мастацтва, не толькі як аб’ект даследавання і рэстаўрацыі — яны ўтрымліваюць і неверагодны выхаваўчы патэнцыял, здольнасць уплываць на светапогляд людзей, спрыяць іх духоўнаму дасканаленню. 

Ілья СВІРЫН