Парт­ызан­скі кі­на­ле­та­піс

Апублiкавана: 30 студзеня 2024 Кiно Кіно Мінск Векапомнае праз кінакадр

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — мы далі старт праекту “Векапомнае праз кінакадр”. Падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і айчыннымі кіназнаўцамі, ён раскажа аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.

Тэма гераізму савецкага народа ў гады барацьбы супраць фашысцкіх акупантаў гучыць з беларускага экрана часта, бо гэта не толькі наша памяць, але і тое, што не адбалела. І хоць сёння пра Вялікую Айчынную ў кіно гавораць шмат, ёсць нешта асаблівае ў савецкіх стужках, якія паспелі захаваць у сабе непадкупную праўду і шчырасць. Адна з такіх — “Канстанцін Заслонаў” (1949) рэжысёраў Уладзіміра Корш-Сабліна і Аляксандра Файнцымера: карціна, у якой упершыню ў кінематаграфіі быў апеты подзвіг партызан у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 

ГІСТОРЫЯ СТВАРЭННЯ 

Ідэя зняць фільм пра подзвіг беларускага народа прыйшла да таленавітага рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна яшчэ ў гады вайны. Аднак шлях да яе рэалізацыі не быў лёгкім. Вельмі доўга шукалі аўтара сцэнарыя. Запрашаліся многія пісьменнікі, але праца ішла туга. Сцэнарыст знайшоўся толькі ў 1947-м, калі на сцэне тэатра імя Янкі Купалы Корш-Саблін убачыў спектакль “Канстанцін Заслонаў” па п’есе Аркадзя Маўзона. Яго і запрасілі ў якасці аўтара. 

Але не ўсё ішло гладка: Корш-Саблін хацеў дамагчыся ад маладога драматурга арыгінальнага сцэнарыя пра бясстрашнага кіраўніка аршанскіх падпольшчыкаў, а не перакладання п’есы на кінамову. Толькі праз мноства спроб атрымаўся жаданы варыянт. 

На здымачнай пляцоўцы фільма "Канстанцін Заслонаў"

На здымачнай пляцоўцы фільма "Канстанцін Заслонаў"

Да працы над фільмам Корш-Саблін прыступіў ра зам з рэжысёрам Аляксандрам Файнцымерам, які ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе на беларускай кінастудыі. Рэжысёрскі сцэнарый і эскізы дэкарацый рабіліся пад уражаннем паездак па месцах, дзе дзейнічалі героі будучага фільма, сустрэч з людзьмі, якія добра ведалі Заслонава і яго таварышаў па падпольнай і партызанскай барацьбе. Усё гэта дапамагала ўдакладніць задуму, дапоўніць яе жывымі дэталямі, вызначыць агульную атмасферу падзей, якія імкнуліся паказаць на экране. Не менш старанна ставіліся аўтары і да падбору акцёра на галоўную ролю, бо неадпаведнасць вобразу легендарнага партызанскага кіраўніка магла падарваць веру гледача да ўсяго фільма. Першапачаткова Корш-Саблін прапанаваў Барыса Платонава, але яго калега па рэжысёрскім крэсле не прыняў манеру выканаўцы і запрасіў Уладзіміра Дружнікава. Ён прыўнёс у вобраз героя рамантыку і максімальна ўзнавіў на экране легендарную асобу. 

“Нам было вельмі важна, — казаў Корш-Саблін, — каб гледачы не толькі паверылі нашаму Заслонаву, але і палюбілі яго, захапіліся ім. Мы ведалі, што рэальны жыццёвы герой быў менавіта такім”. Разам з тым аўтары паклапаціліся пра тое, каб паказаць гледачу не героя-адзіночку, а кіраўніка і арганізатара, які не зламаўся пад прыгнётам акупантаў. Такі вобраз, сапраўды, увасобіў у сябе цэлую краіну, што ўстала на бой з ворагам. 

ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ 

Падчас здымак уся творчая група імкнулася стварыць праўдзівы фільм пра адданых радзіме людзей, якія стойка вытрымалі націск фашысцкіх акупантаў. Частка сцэн была знятая ў Оршы, на той самай чыгунцы, дзе ў гады вайны дзейнічалі падпольшчыкі-заслонаўцы. Своеасаблівай дапрэм’ернай праверкай будучай карціны для кінематаграфістаў была рэакцыя чыгуначнікаў, што прысутнічалі на пляцоўцы. А калі фільм выйшаў на экраны і гледачы ўбачылі праўдзівыя вобразы Заслонова і заслонаўцаў, а таксама фашыстаў, стала зразумела, што фільм атрымаўся выдатным. Самай шчырай рэакцыяй былі лісты і тэлеграмы былых партызанаў, якія дзякавалі рэжысёрам за тое, што “ўбачылі на экране цікавы вобраз «Заслоныча»”. А на наступны год пасля выхаду фільма за высокія ідэйна-мастацкія якасці, праўдзівае ўвасабленне тэмы савецкага патрыятызму “Канстанціну Заслонаву” была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. 

Аднак меркаванні сярод крытыкаў падзяліліся. Былі тыя, хто скардзіўся на недастатковасць раскрыцця біяграфіі Заслонава, іншыя лаялі фільм за непраўдзівасць адлюстравання падпольнага руху ў Беларусі і жыцця партызан. Ці апраўданыя прэтэнзіі? Кінакрытык, кандыдат мастацтвазнаўства Антаніна Карпілава лічыць, што не. 

— У фільме немагчыма было паказаць усю праўду вайны — з улікам таго, што гэта ў прынцыпе першая беларуская карціна на ваенную тэматыку. Пра гістарычную дакладнасць гаворкі не ідзе, пафас карціны ў іншым. Так, у аснове гісторыі была рэальная драма пра аршанскіх падпольшчыкаў. Але кінематограф заўсёды ўзбуйняе падзеі і з’явы, а “дыстанцыя часу” была занадта кароткай для больш-менш глыбокага асэнсавання мінулай трагедыі. Адсюль, дарэчы, часам карыкатурныя вобразы ворагаў, — заўважае Антаніна Карпілава. 

ВЫПРАБАВАННЕ ЧАСАМ 

“Канстанцін Заслонаў” быў і застаецца знакавым фільмам у беларускім ваенным кіналетапісе. Прычын назваць карціну годнай дастаткова. На думку Антаніны Карпілавай, гэтая стужка — “прыклад яркага адлюстравання ідэалогіі пераможцаў і «вялікага стылю», што вырашаны мінімальнымі, амаль тэатральнымі сродкамі, якія, дарэчы, прыйшлі на дапамогу беднаму на той момант арсеналу кінематаграфічных рэсурсаў”. Але што робіць фільм актуальным і зараз? 

— Узровень аператарскага майстэрства (з багаццем камбінаваных здымак!), выразныя акцёрскія работы, выдатная музыка Анатоля Багатырова (фрагменты яго кантаты “Беларускім партызанам” на вершы Янкі Купалы) — усё захоўвае карціну цікавай і актуальнай. Фільм варта глядзець і з прычыны бліскучых работ легендарных беларускіх акцёраў Глеба Глебава, Уладзіміра Дзядзюшкі, Здзіслава Стомы. 

Кінакрытык таксама дадае: ёсць што запазычыць з фільма і сучаснікам, асабліва тым, хто працуе з ваеннай тэматыкай. 

— Сучасным аўтарам варта павучыцца ў рэжысёраў Уладзіміра Корш-Сабліна і Аляксандра Файнцымера ўменню працаваць са сцэнарным матэрыялам, з акцёрамі, здымаць “буйным штрыхом” — хай і “шурпатай мовай плаката”, але пераканаўчымі вобразнымі сродкамі. 

ГЛЯДЗЕЦЬ? АДНАЗНАЧНА! 

— Фільм “Канстанцін Заслонаў” — слаўная старонка беларускага кіналетапісу пра Вялікую Айчынную, — кажа Антаніна Карпілава. — Яго генеральная канцэпцыя знаходзілася ў рэчышчы афіцыйнага і народнага светапогляду таго часу. Прыгожы, мужны герой увасабляў амаль міфалагічны вобраз моцнага лідара, з вуснаў якога нават пафасныя прамовы і лозунгі слухаюцца досыць арганічна. За ім адчуваецца шлейф правадырства, таму ён можа перамагчы полчышчы ворагаў. Да таго ж ён прыгожы, пластычны, падабаецца камеры. Вось чаго не хапае сучаснаму беларускаму кіно — прыгожых герояў, якіх хочацца пераймаць! 

На здымачнай пляцоўцы фільма "Канстанцін Заслонаў"

На здымачнай пляцоўцы фільма "Канстанцін Заслонаў"

Работа таленавітага рэжысёрскага тандэма Уладзіміра Корш-Сабліна і Аляксандра Файнцымера, безумоўна, вартая ўвагі сучаснага гледача. Гісторыя стала адлюстраваннем першых слоў, якія рваліся з вуснаў неабыякавых да агульнай трагедыі і перамогі творцаў. Слоў, якія яшчэ доўгі час будуць гучаць з беларускіх экранаў. І няхай стужка адпавядала светапогляду той эпохі, але ці не праўда пра вайну і подзвіг беларусаў клапоцяць нас і сёння? Вось і адказ на пытанне, ці глядзець. Абавязкова! 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з архіва Музея гісторыі беларускага кіно