Прыгожы юбілей адзначыла 14 студзеня Людміла Сільвестраўна Разуваева. Яна заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, кіраўнік ансамбля “Фантазія”, дзякуючы якому беларускія песні гучалі ў розных кутках свету. Нягледзячы на паважаны ўзрост, наша гераіня не збіраецца адпачываць. Сваім запалам яна зараджае навучэнцаў — гадуе будучыню айчыннай культуры.
Любімай справе Людміла Сільвестраўна застаецца вернай амаль усё жыццё: ужо болей за 54 гады яна вучыць дзяцей граць на баяне ў музычнай школе № 1 горада Гродна. І ніколі настаўніца не страчвала жаданне працаваць, не патухаў яе натхняльны агонь.
Са сваім калектывам яна наведала шмат конкурсаў. Кожная паездка была напоўнена яскравымі эмоцыямі, якія засталіся з выхаванцамі назаўжды. Людміла Сільвестраўна прызнаецца, што не з’яўляецца прыхільніцай жорсткай дысцыпліны, хоць і патрабуе ад выхаванцаў адказнасці. Таму, акрамя выступленняў, яе юныя музыканты паспявалі і падарожнічаць, і адпачываць. Сярод іншага імянінніца з усмешкай згадвае, як плёскалася з вучнямі ў моры.
— Я вельмі ўдзячная Богу за тое, што павязаў мой лёс з музыкай. Калі ўпершыню выехала з “Фантазіяй” на творчыя спаборніцтвы, зразумела, які гэта цуд — абменьвацца вопытам! Я сустрэла шмат зацікаўленых людзей і адчула, як яднаюцца нацыі ў культурным дыялогу. Дзе музыка — там і камунікацыя, узаемаразуменне.
Людміла Сільвестраўна Разуваева
Прага творчасці і самаўдасканалення клікала Людмілу Сільвестраўну ў вандроўку. Але ж асобнае месца ў сэрцы заўсёды займаў родны горад, з якім звязаны галоўныя моманты жыцця.
— У 2022-м мы выступалі на форуме Беларусі і Расіі, які прахадзіў у Гродне. Нас слухалі Наталля Качанава і Валянціна Матвіенка. Наш горад заўсёды прымае шмат гасцей, бо знаходзіцца каля мяжы. Яго не сорамна паказаць заезджым: тут заўсёды чыста ды прыгожа, ёсць куды пайсці і на што паглядзець.
У апошнія гады Гродна наведвае ўсё больш моладзі, што не можа не радаваць творцу, якая шчыра імкнецца праслаўляць родны куток. Людміла Сільвестраўна, як педагог з вопытам, заўважае, як мяняецца моладзь, шукае новыя падыходы, як з ёй працаваць:
— Канешне, сёння тэхналогіі заваёўваюць свет. Падлетку лягчэй узяць у рукі тэлефон, чым інструмент. Таму многія бацькі прыводзяць дзяцей у музычную школу, хаця самі малыя гэтага не хочуць. Каб падтрымліваць матывацыю, вельмі важна працаваць у тандэме: настаўнік — бацькі — вучань. Галоўнае правіла — выклікаць зацікаўленасць праз любоў. Адсоткаў дзесяць ад таго, чаму вучыць настаўнік, — навык. Астатняе — выхаванне характару.
Наталля Аляксандраўна Рэбрына, дырэктар школы, ганарыцца дасведчанай супрацоўніцай:
— Людмілу Сільвестраўну вельмі любяць дзеці. Яна карыстаецца вялікім аўтарытэтам у педагагічным калектыве, шчодра дзеліцца сваімі ведамі і напрацоўкамі на семінарах. І што самае цікавае, не заўважаючы ўзросту, захопліваецца новымі ідэямі і планамі. Заўсёды мабільная: з задавальненнем выпраўляецца на конкурс у іншы горад, удзельнічае ў мерапрыемствах. Камунікабельная, добрая, лёгка наладжвае кантакты з падапечнымі і захоўвае сувязі праз гады. На яе заўжды можна разлічваць.
Не скупяцца на цёплыя словы і вучні Людмілы Сільвестраўны. Да прыкладу, Вольга Мазюк, якая ўжо з’яўляецца калегай любімай настаўніцы, распавядае:
— Аднойчы пасля яе слоў: “Гэта тваё, у цябе атрымаецца, паспрабуй!” — я здзейсніла сваю дзіцячую мару і стала тэлевядучай Белтэлерадыёкампаніі ў Гродне. І што кранальна: Людміла Сільвестраўна першай мяне павіншавала і радавалася да слёз. Вось так яна нас захапляе і ўплывае на лёс. За 10 гадоў маёй педагагічнай працы мае вучні не раз станавіліся лаўрэатамі, стыпендыятамі прэзідэнцкага фонду. Нават з каханым я пазнаёмілася праз працу, якую яна мне наканавала. І ўсё таму, што мая настаўніца сама была ўлюбёная ў тое, што робіць. Я вельмі ёй удзячная за тое, што яна ёсць у жыцці кожнага з нас! За прафесіяналізм і непахісную веру ў вучняў! Быць педагогам няпроста, а быць сапраўдным настаўнікам — дар! Людміла Сільвестраўна ж валодае гэтым дарам дасканала. І няхай так будзе заўсёды. Жадаю ёй толькі моцнага здароўя!
Падчас форуму Беларусі і Расіі ў Гродне, 2022 год
Юлія Мурашко таксама пайшла па шляху музыкі і працуе ў школе:
— Знешняя прыгажосць і яркасць — абсалютнае адлюстраванне душэўных якасцей, унутранай сілы, невычэрпнай энергіі Людмілы Сільвестраўны, якая здольная адной сваёй усмешкай вырашыць любое пытанне. Яна ініцыятар самых смелых творчых праектаў і чалавек, які ніколі не спыняецца.
У ансамбля “Фантазія” вялікія планы, а ў раскладзе на 2024 год ужо распісаны кожны дзень. І гэта дзякуючы натхнёнай, несупыннай, амбіцыйнай кіраўніцы. Калі маладыя таленты — зярняткі, то настаўнікі — глеба, ад якасці якой залежыць, ці вырастуць з гэтага насення прыгожыя кветкі. Поспехі новага пакалення і іх удзячнасць педагогам — гарант таго, што ў беларускай культуры ёсць будучыня. І дзеля яе жыве Людміла Сільвестраўна Разуваева, якая ніколі не змяняла свайму дэвізу: “Працаваць, працаваць і працаваць!”
Дар'я ВЯРЭНІЧ
Фота з архіва гераіні