Знайсці сваё. Як вырашыць сцэнарную праблему?

Апублiкавана: 06 лютага 2024 Кiно Кіно Мінск Тэндэнцыя

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Сёлета беларускае кіно адзначыць 100-годдзе. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь да векавога юбілею не толькі падрыхтавала шэраг мерапрыемстваў, але і грунтоўна ўзялося за рашэнне аднаго з ключавых пытанняў айчыннага кінематографа – фарміравання сцэнарнага партфеля кінастудыі “Беларусьфільм”. Дапамагчы беларускім кінематаграфістам змогуць усе ахвочыя, прыняўшы ўдзел у конкурсе сцэнарыяў.

Засяродзіць увагу на сцэнарыях замест ужо звыклых рэжысёрскіх канцэпцый адмыслоўцы вырашылі не выпадкова. Галоўная мэта — падтрымка кінастудыі “Беларусьфільм” — дазволіць вырашыць сцэнарную праблему, што, на думку начальніка аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірыны Дрыгі, на дадзены момант адно з ключавых пытанняў развіцця айчыннага кіно. 

— Каб разумець, як будзе развівацца наша кінавытворчасць, трэба, каб быў пэўны запас сцэнарыяў, якія можна рэалізаваць. Зараз важна мець матэрыял на два гады. Гэта не толькі дапаможа планаваць сродкі дзяржаўных субсідый, але і палегчыць працу з пракатнымі арганізацыямі: яны будуць разумець, да якіх фільмаў падрыхтоўваць аўдыторыю. І, вядома, самой кінастудыі “Беларусьфільм” будзе прасцей бачыць перспектыву і арганізоўваць сваю працу. Таму мы вырашылі заняцца гэтым пытаннем і абвясцілі конкурс сцэнарыяў, — распавядае Ірына Уладзіміраўна. 

АКТУАЛЬНАЕ 

Адна з задач конкурсу — стварыць кіно па тэмах, якія актуальныя і запатрабаваныя ў сучаснага гледача. 

— Мы заўважылі, што часцей за ўсё рэжысёры хочуць зняць тое кіно, якое ім самім падабаецца. Наша задача крыху іншая: зрабіць кіно па тэмах, якія актуальныя для грамадства. Калі мы параўноўваем беларускі досвед з тым жа расійскім, то заўважаем, наколькі выстрэльваюць фільмы патрыятычнага характару. Якасна знятая стужка на патрыятычную тэму можа са- браць у пракаце нават больш, чым забаўляльная. Да прыкладу, фільм “На другім беразе” рэжысёра Андрэя Хрулёва, які аказаўся рэкардсменам апошніх гадоў: карціну паглядзела больш за 300 тысяч чалавек, а касавыя зборы склалі больш за 1 млн беларускіх рублёў. 

Акрамя патрыятычнай тэматыкі, Міністэрства культуры робіць стаўку на фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі ды на карціны для сямейнага прагляду. Аналіз вынікаў своеасаблівай “Навагодняй бітвы”, якую праводзілі рэспубліканскія кінавідэапракаты сумесна з Міністэрствам культуры, паказаў, што поўныя залы збіраюць старыя добрыя казкі, па якіх даўно сумуе беларускі глядач. 

— Мабыць, з часоў апошняга фільма нашай рэжысёра-казачніцы Алены Туравай, якая актыўна здымае для дзяцей і зараз рыхтуе новы праект па беларускай міфалогіі, у нас нічога не было. А такія фільмы вельмі патрэбныя, пра што сведчаць і вынікі чарговай “Навагодняй бітвы”, і досвед расійскіх калег: напрыклад, касавыя зборы таго ж “Чабурашкі”. 

НА ЛЮБЫ ГУСТ 

Для конкурсных сцэнарыяў няма абмежаванняў па жанрах. Аўтарам прапануюць напісаць гісторыю па наступных тэмах: гераізм супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас падзей жніўня 2020 года ў Беларусі; школа і настаўнікі Беларусі; працаўнікі беларускай вёскі; беларускія лётчыкі-героі; героі беларускага спорту; кінаказка з беларускімі героямі для сямейнага прагляду; навагодняя гісторыя для сямейнага прагляду, падзеі якой адбываюцца ў Беларусі; ваенна-патрыятычная тэма. Для сцэнарыстаў, якія хочуць паспрабаваць сябе ў серыяльнай форме, прапануюцца тэмы пра беларускую міліцыю, беларускую шматдзетную сям’ю, падлеткаў ці моладзь. Заяўлена ў адборы і поўнаметражная анімацыя: будуць чакаць гісторыі пра прыгоды вядомых казачных герояў ці персанажаў дзіцячай літаратуры. А таксама дакументалістыка: тут прапануецца напісаць сцэнарый поўнаметражнага фільма-падарожжа па сучаснай Беларусі. 

— Адбор будзе праходзіць у два этапы, — тлумачыць начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры. — На першым этапе мы прапануем аўтарам даслаць сінопсісы, якія будзе ацэньваць наш Савет па развіцці кінематаграфіі. Эксперты звернуць увагу не толькі на важнасць тэмы, але і на тое, як яна раскрываецца ў сюжэце. Далей аўтарам, чые сінопсісы будуць адабраныя, прапануецца напісаць літаратурны сцэнарый. Тэрмін падачы заявак для ўдзелу — да 1 сакавіка. Першы этап пройдзе з 4 па 20 сакавіка, другі — з 21 сакавіка па 1 ліпеня. Вядома, мы не падманваемся чаканнямі, што атрымаем сто сцэнарыяў, але наша мэта — залатая дзясятка, якая стане асновай для вытворчасці ў наступныя гады і зачынам на фарміраванне сцэнарнага партфеля кінастудыі. 

“ПЯТЫ ЭЛЕМЕНТ” 

Праца з перспектыўнымі аўтарамі з гэтага года ў Міністэрстве культуры будзе весціся не толькі з дапамогай конкурсаў. Са сваімі ідэямі і задумкамі можна прыйсці наўпрост да Ірыны Уладзіміраўны: творчая лабараторыя “Пяты элемент” створана менавіта для таго, каб знайсці таленавітых людзей і выгадаваць сваіх сцэнарыстаў. 

— Тут няма абмежаванняў: вы можаце прыйсці з ідэяй, сцэнарыем ці нават з гатовым праектам. Мы запусцілі “Пяты элемент” якраз для таго, каб разумець, што цікава людзям, што б яны хацелі ўбачыць на экране, і каб вывучыць нашы творчыя магчымасці, — распавядае Ірына Уладзіміраўна. — Да таго ж гэта добрая форма прамой сувязі. Вельмі часта творчыя людзі не ведаюць, каму можна прапанаваць сваю ідэю. “Пяты элемент” — гэта магчымасць для аўтараў заявіць пра сябе, агучыць свае задумы. Мы таксама будзем старацца вырашыць не менш сур’ёзную праблему — пошук годных рэдактараў. Каб на кінастудыі былі такія людзі, што з кіпы матэрыялу знойдуць тое зерне, з якога можа вырасці вялікае прыгожае дрэва. Мы не спадзяемся, што геніяльныя сцэнарысты створаць шэдэўр і бясплатна дашлюць яго нам. Але, можа, ёсць маладыя людзі, якія дзесьці шурпата, аднак выкладуць такую ідэю і сюжэт, што потым выльюцца ў прафесійны сцэнарый. 

Яўгенія ГАБЕЦ