Сумленна, годна і з душой

Апублiкавана: 08 лютага 2024 Кiно Кіно Мінск Падзеі

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Нацыянальная студыя “Беларусьфільм” і расійская кампанія “Ваенфільм” рыхтуюцца да запуску сумеснага кінапраекта. Карціна распавядзе пра Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова.

ДАМОВІЛІСЯ 

Дагавор аб намеры зняць сумесную стужку быў падпісаны з “Ваенфільмам” у асобе дырэктара ўстановы Ігара Угольнікава ў рамках XXIX Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”. Тады генеральнаму дырэктару “Беларусьфільма” Юрыю Аляксею ўручылі першы варыянт сцэнарыя. А ўжо ў студзені гэтага года прайшло чарговае пасяджэнне Савета па развіцці кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры з удзелам Анатолія Маркевіча. Падчас сустрэчы міністр звярнуў увагу на важнасць стварэння ваенна-патрыятычнай карціны да 80-годдзя Перамогі і адзначыў вялікую працу над сцэнарыем: былі ўлічаны ўсе прапановы, выказаныя на папярэднім пасяджэнні савета ў снежні 2023-га. 

НА СВЯТОЙ ЗЯМЛІ 

Беларуска-расійскі фільм атрымае назву “Бацька Мінай: Партызанская легенда”. Аўтар сцэнарыя народны артыст Расіі Ігар Угольнікаў падчас выступлення перад саветам падкрэсліў, што адчувае вялікае натхненне, бо пачынае здымкі фільма менавіта ў Беларусі, краіне, якую лічыць святой зямлёй і другім домам. 

— Вопыт працы з “Беларусьфільмам” над сумесным праектам “Брэсцкая крэпасць” для мяне каштоўны. З той пары, а прайшло ўжо 15 гадоў, ваша кінастудыя змянілася, — кажа Ігар Угольнікаў. — Я ўпэўнены, што агульныя намаганні “Ваенфільма” і “Беларусьфільма” дадуць добры вынік. Вельмі зацікаўлены ў тым, каб большасць акцёраў у карціне былі беларусамі. Я на гэтым настойваю. Са свайго боку мы дапаможам ваеннай тэхнікай, адмыслоўцамі, выкарыстаем здымачныя пляцоўкі кінапарку “Маскіно”, кампаніі “Ваенфільм” і, безумоўна, “Беларусьфільма”. Поствытворчасць — гук і мантаж — даверым беларускім спецыялістам, а камп’ютарную графіку падзелім пароўну. 

САМАЕ ІСТОТНАЕ 

Што да ідэйнага зместу праекта, Ігар Станіслававіч адзначае: самае істотнае ў кінааповедзе пра Міная Шмырова — цяжкі выбар. З ім сутыкнецца галоўны герой, што перажыў трагедыю, але знайшоў сілы працягнуць барацьбу супраць фашыстаў. Духоўная моц такіх персанажаў, як Бацька Мінай, стала трывалым падмуркам, дзякуючы якому была здабыта перамога. І казаць пра падобныя старонкі ў гісторыі Вялікай Айчыннай варта. Іншая справа — з якой інтанацыяй. 

— У сюжэтах ваенна-патрыятычных фільмаў трэба быць максімальна дакладнымі, — лічыць Ігар Угольнікаў. — Нават нашы дзеці, не ведаючы падрабязнасцей ліхалецця, інтуітыўна счытваюць хлусню. У нашых дзяцей у крыві — праўда пра Вялікую Айчынную. Таму неабходна імкнуцца ствараць кіно сумленна, годна і з душой — і глядач успрыме карціны належным чынам. 

Работа над праектам “Бацька Мінай: Партызанская легенда” пачнецца ўжо вясной. На вялікія экраны стужка выйдзе ў 2025-м — да 80-годдзя Вялікай Перамогі. 

Яўгенія ГАБЕЦ