Но­вы по­гляд на мастацтва

Шэрагам яркіх вернісажаў адзначаны гэты час для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Адразу на некалькіх пляцоўках сталіцы прэзентавалі творчасць навучэнцаў вядучай установы адукацыі ў сферы культуры. Чым уразілі маладыя аўтары — у аглядзе “К”.

ПРЫВІТАННЕ З ПАДНЯБЕСНАЙ 

Работы замежных студэнтаў дэманструюцца на выставе ў галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Перад публікай паўстае ўсё багацце відаў і тэхнік візуальнай творчасці. Безумоўна, айчыннаму гледачу будзе цікава ўбачыць, як іншаземцы адлюстроўваюць у эцюдах ды карцінах нашы родныя краявіды — і шумныя сталічныя вуліцы, і амаль бязлюдныя зацішныя мясціны. Хоць некаторыя ўдзельнікі экспазіцыі яшчэ далёкія ад тэхнічнай дасканаласці, у кожным творы заўважныя здольнасць аўтараў адчуваць натуру, шчырае памкненне перадаць хараство наваколля. 

Але ж найбольшай увагі заслугоўвае набытак, які прэзентаваў Чжан Цзын — ураджэнец кітайскай правінцыі Хэнань. Малады чалавек, атрымаўшы ступень бакалаўра ў Цзындэчжэнскім керамічным універсітэце, паступіў у магістратуру па мастацтвазнаўстве ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і паспяхова прайшоў гэты этап. Цяпер Чжан Цзын — аспірант гэтай жа ўстановы. 

Яшчэ ў часы навучання ў кітайскім універсітэце аўтар зацікавіўся керамікай, нават заснаваў уласную студыю ды зарэгістраваў брэнд. У Мінску творца не пакінуў захапленне і ажыццявіў праект “Добрыя зычэнні з Цзындэчжэня”, у якім знаёміць беларускага гледача з разнастайнасцю ўсходняга фарфору. Выкарыстоўваючы характэрныя для сваёй радзімы прыёмы роспісу, Чжан Цзын звяртаецца да ўлюбёных матываў кітайскага дэкору — выяў кветак і птушак. 

Традыцыйна ім надаецца важкае сімвалічнае значэнне. Кожная кампазіцыя заключае добрае зычэнне ці віншаванне для пэўнай жыццёвай сітуацыі. Прыкладам, адзін з самых папулярных матываў — півоні і матылькі — чытаецца як пажаданне багацця, росквіту і шчасця. Выява ж двух кітайскіх драздоў на кветкавай галінцы абазначае сямейны дабрабыт. Мужу і жонцы праз такую кампазіцыю зазвычай зычаць доўгага сумеснага жыцця ў згодзе. Паказвае мастак і дэкаратыўную талерку з арнаментам, які змяшчае кветкі лотаса. Ён займае асаблівае месца ў кітайскай культуры. Гэтая расліна ўвасабляе чысціню, беззаганнасць і духоўнасць. А ўзор з перапляценнем сцяблін, лістоў і кветак лотаса нясе зарад на доўгае жыццё. 

Акрамя таго, малады аўтар прэзентуе серыю вырабаў, аздобленых кветкай, што лічыцца сімвалам нашай краіны. У работах цыкла “Сіняя валошка” творца перадае цёплыя пачуцці да Беларусі, выказвае пашану да сяброўскага народа. Выдатным прыкладам культурнага дыялогу можна лічыць тое, што Чжан Цзын малюе наш “цвяток радзімы” ў традыцыйнай кітайскай тэхніцы сіньцай. Майстры імператарскіх фарфоравых майстэрняў распрацавалі яе на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. 

ГРАФІЧНАЕ ТРЫА 

У рамках праекта па падтрымцы маладых талентаў галерэя Мін¬ скага абласнога цэнтра народнай творчасці чарговы раз зладзіла выставу мастакоў-пачаткоўцаў. Часовая экспазіцыя “Арт-шлях” аб’яднала работы трох студэнтак Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — Валерыі Вілкінай, Кацярыны Яфрэмавай і Ангеліны Сухарукавай. Яны прадставілі на суд публікі творы друкаванай графікі апошніх гадоў. Агулам паказана каля 40 аркушаў у тэхніках лінагравюры, літаграфіі, дрэварыту, а таксама рысункаў тушшу. Тэматычны дыяпазон прац даволі шырокі. 

Кацярына Яфрэмава знаходзіць натхненне ў архітэктуры. Дыялог аўтаркі з рознымі ўзорамі дойлідства выліўся ў шэраг літаграфій. Таямніча-змрочную прыцягальнасць закінутых будынкаў мастачка перадала ў серыі “Забыццё”. А ў аркушах “Пачатак” і “Дом, у якім...” Кацярына дазваляе сабе пэўную гульню: разбірае камяніцы на фрагменты, спалучае іх з прыродным асяроддзем, абстракцыямі і такім чынам нібыта піша ўласную версію гісторыі архітэктурных аб’ектаў. У творчасці Ангеліны Сухарукавай і Валерыі Вілкінай значнае месца займае вобраз дрэва. Яны нібыта вядуць гледача ад сузірання “зморшчынак” кары і мудрагелістых крон-выцінанак да філасофскага роздуму аб часе і свабодзе. 

Як падаецца, дзяўчаты пераканаўча давялі: яны паспелі набыць даволі трывалы прафесійны падмурак, які абяцае паспяховую кар’еру. Акрамя таго, студэнткі ўзялі на сябе асветніцкую місію. Аўтаркі імкнуцца пазнаёміць шырокае кола людзей з мастацтвам графікі, паказаць актуальнасць гэтага віду творчасці і раскрыць сакрэты працоўнага працэсу. Як доказ: побач з гатовымі работамі ўдзельніцы экспазіцыі размясцілі матрыцы ды ўсялякія інструменты (напрыклад, разцы і пёры), а таксама зладзілі майстар-клас па лінагравюры. 

ПРЫСВЯЧЭННЕ МЭТРУ 

Выстава “Амаж Леаніду Шчамялёву” адкрылася ў сталічнай галерэі класіка да 101-й гадавіны з яго дня нараджэння. Гэта знак пашаны ад маладых творцаў — студэнтак кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Менавіта павага да славутага жывапісца і ўдзячнасць яму паслужылі пунктам адліку для праекта.

Гледачы сталі сведкамі своеасаблівага дыялогу пакаленняў. Побач са спадчынай Леаніда Шчамялёва экспануюцца работы, у якіх моладзь паспрабавала пераасэнсаваць набыткі мэтра. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены габелены ў класічнай тэхніцы ручнога ткацтва, калекцыі арнаментальных кампазіцый для інтэр’ерных і касцюмных тканін у тэхніцы лічбавай графікі. Для стварэння гэтых дываноў і ўзораў студэнткі прааналізавалі кампазіцыйныя і каларыстычныя рашэнні, распрацавалі эскізы. Што атрымалася ў выніку праектных пошукаў і спроб, можна ўбачыць на ўласныя вочы да 10 сакавіка. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара і ўстаноў культуры