Свядомы крок у кінасвет

Апублiкавана: 26 лютага 2024 Кiно Кіно Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Да заканчэння прыёму заявак на конкурс сцэнарыяў, які аб'явіла ў студзені Міністэрства культуры, застаецца некалькі дзён. Аднак у многіх аўтараўпачаткоўцаў нюансы кінадраматургічнай працы выклікаюць пытанні. Як выбраць цікавую тэму? Ці трэба задумвацца аб бюджэце фільма на этапе напісання гісторыі? “К” сустрэлася з вядучым рэдактарам студыі ігравых фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Таццянай Команавай, каб праліць святло на справу сцэнарыста. 

— Таццяна Мікалаеўна, у чым сутнасць так званай сцэнарнай праблемы? 

— У адрозненне ад тэлебачання, калі падзеі хутка асвятляюць журналісты і атрымліваюць рэакцыю грамадства, кіно — гэта вытворчасць, якая займае 12—18 месяцаў ад запуску да здачы фільма. А да таго, як пачнецца праца, сцэнарый ужо павінен быць гатовы. Таму і перад аўтарамі, і перад рэдактарамі стаіць звышзадача: прадугледзець інтарэсы гледача на два гады наперад. Аднак ёсць і сітуацыі, калі ў чалавека, які не знаёмы з кінавытворчасцю, зараджаецца ўстойлівае перакананне, маўляў, “што складанага напісаць сцэнарый: злева — хто кажа, справа — што кажа”. Гэта выліваецца ў драматургічную праблему: знікае візуальнае мастацтва. Раней выдаваліся зборнікі кінасцэнарыяў. Зараз іх няма. І калі сёння людзі пачынаюць разбіраць фільм з пазіцыі сцэнарыя, хочацца спытаць: а ці ўяўляеце вы, што такое сцэнарый? Бо гэта не проста палёт думкі, выкладзены на паперы, не мастацкі твор. Гэта дакумент, пэўная канструкцыя, якая накіроўвае думку рэжысёра, аператара ў патрэбнае рэчышча, каб гісторыя ажыла. 

— Сёння шмат кажуць пра бюджэты фільмаў, касавыя зборы. Але ці трэба пра гэта думаць сцэнарысту? 

— Сцэнарыст павінен думаць пра кіно. Калі ён не можа ў адным сказе сфармуляваць, пра што яго гісторыя, пытанне грошай ужо не стаіць. Безумоўна, чалавек, які першапачаткова плануе далейшае прасоўванне свайго сцэнарыя, павінен дакладна ведаць, з кім ён хоча працаваць і каму будзе свой матэрыял прапаноўваць.

Таццяна Команава

Таццяна Команава

Але калі ён не можа расказаць, пра што яго фільм, то рэжысёру, дырэктару, мастаку — ім усім не будзе аб чым думаць далей. Не менш важная рэч, пра якую варта нагадваць аўтарам: кіно — мастацтва візуальнае. Як правіла, пачаткоўцы памылкова лічаць: чым больш яны напішуць слоў у дыялогах, тым больш зразумее глядач. Але калі рэжысёр бярэ ў рукі такі тэкст, яго першая думка: а што ў гэты час павінна быць на экране? І пачынаецца збой матрыцы, бо як толькі дзвюххвілінная сцэна пачынае ўяўляць сабой “размову галоў”, кіно перастае існаваць. Сцэнарная хітрасць і майстэрства — прапісаць змест кадра так, каб рэжысёр змог перадаць яго гледачу праз візуал. 

— Прафесія сцэнарыста такая ж праца, як і ўсе іншыя? 

— Абсалютна непадобная да іншых. Яна складанейшая, бо тут няма выразнага алгарытму работы. Сцэнарыстыка — гэта пра творчасць. Але гэтаксама і пра ўменне аўтара пачуць заўвагі і меркаванні, аднак не прагінаць сваю ідэю пад чужое бачанне, а пераламляць гэтыя пажаданні да сваёй задачы. Таму разнастайныя конкурсы, абмеркаванні, рэдактарскія чытанні — гэта тэставыя лакмусавыя паперкі, якія дазваляюць праверыць, ці працуе гісторыя, ці ўсё зразумела камусьці, акрамя самога аўтара. І ў той жа час вызначыць, што для вас важнае ў вашай гісторыі, а ад чаго можна спакойна пазбаўляцца як ад залішняга. 

— Ці дапаможа конкурс Міністэрства культуры беларускай сцэнарыстыцы? 

— Не зашкодзіць адназначна! Прынцыпова важна адзначыць двухэтапны падыход як слушны. Спачатку разглядаюцца сінопсісы, што дазваляе ўжо на стадыі заяўкі зразумець, наколькі цікавая, глыбокая і непрымітыўная задума. Калі сінопсіс праходзіць — пішацца сцэнарый. Дзякуючы такой сістэме можна скласці меркаванне пра аўтараў: хто з іх генеруе класныя ідэі, але не разумее, як будуецца сцэнарый, а хто ўмее пісаць і працаваць з матэрыялам, прыдумвае трапныя дыялогі, але не можа выкласці ўцямна саму гісторыю. Пры гэтым, калі ідэя добрая, ды рэалізацыя слабая, заўсёды ёсць магчымасць падключыць прафесіяналаў, якія дапамогуць аўтару. 

— Ці ёсць сёння шанцы ў сцэнарыяў, заснаваных на літаратурным творы, з’явіцца на экране? 

— Калі азірнуцца на ўсю беларускую фільмаграфію, можна заўважыць, якая вялікая колькасць твораў беларускай літаратуры экранізавалася. Аднак класны пісьменнік не значыць годны сцэнарыст. Інсцэніроўка мастацкага твора — гэта асобны від дзейнасці, але даволі перспектыўны. Бо вялікі пласт сучаснай беларускай літаратуры для шырокай аўдыторыі застаецца невядомым. І нават калі ёсць пісьменнікі, якія не разумеюць асаблівасцей кінасцэнарнай дзейнасці, іх ідэі могуць развіць і дапрацаваць сцэнарысты. І такая кааперацыя, на мой погляд, плённая. Да таго ж, калі зірнуць у мінулае і беларускага, і савецкага кінематографа, запатрабаванымі і тады, і зараз застаюцца экранізацыі менавіта сучасных гісторый. 

— Ваша парада тым, хто мяркуе паспрабаваць свае сілы ў конкурсе сцэнарыяў. 

— Першае: як толькі варухнулася думка паўдзельнічаць — удзельнічаць. Другое: не крыўдзіцца на заўвагі і пажаданні. Ніхто не хоча вас зняважыць. Любая крытыка — гэта інструмент, каб увайсці ў прафесійную рэальнасць. Пакуль у вас ёсць проста гісторыя — гэта творчасць. Як толькі вы адпраўляеце заяўку на конкурс — вы робіце свядомы крок у кінасвет. Трэцяе, што хочацца параіць не толькі ўдзельнікам конкурсу, але і ўсім ахвочым займацца кінасцэнарыямі, — больш глядзець кіно. Прычым рознае: і класіку, і сучаснае, і не толькі тое, што падабаецца. Каб была нагледжанасць і нейкія інструменты, якія можна было б выкарыстаць на практыцы. Калі вы не глядзіце кіно, вы ніколі яго не напішаце. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з архіва гераіні