Як афіша зрабілася экспанатам

Найбуйнейшай культурнай скарбніцы нашай краіны — Нацыянальнаму мастацкаму музею — сёлета спаўняецца 85 гадоў. Шэраг юбілейных мерапрыемстваў распачалі 24 студзеня. Менавіта ў гэты дзень у 1939-м пастановай Савета народных камісараў БССР заснавана Дзяржаўная карцінная галерэя ў Мінску.

Сёння музей лічыцца ўнікальным навукова-адукацыйным цэнтрам. Яго зборы ўтрымліваюць больш за 33 тысячы прадметаў айчыннага і замежнага мастацтва. І без перабольшання ўстанову можна назваць адным з брэндаў Беларусі, які ведаюць далёка за межамі рэспублікі. 

Фрагмент экспазіцыі “Мастацкаму — 85. Афішы і фотаздымкі”

Фрагмент экспазіцыі “Мастацкаму — 85. Афішы і фотаздымкі”

— Музей — гэта месца сілы, дзе працуюць свайго роду падзвіжнікі і місіянеры. Ён фарміруе светапогляд і нацыянальны код, выхоўвае кожнага грамадзяніна, — адзначае генеральны дырэктар Ганна Конанава. — Без апантанай працы кожнага чальца калектыву, кожнай асобы не было б дасягненняў, якія робяць славу Нацыянальнага мастацкага музея. Вядома, немалаважнай з’яўляецца дзейнасць кожнага кіраўніка ў розныя перыяды гісторыі — трагічныя і радасныя. 

Па словах Ганны Конанавай, запланавана багата юбілейных падзей. Прыкладам, увосень чакаецца прэзентацыя важкага даследчага праекта “Калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Страты ў гады Вялікай Айчыннай вайны і вяртанні”. А старт мерапрыемствам да круглай даты дала часовая экспазіцыя “Мастацкаму — 85. Афішы і фотаздымкі”. 

ДАВАЕННЫ РАРЫТЭТ 

Музейную гісторыю пачынаў пісаць невялікі калектыў пад кіраўніцтвам Мікалая Міхалапа. Намаганнямі тагачасных супрацоўнікаў удалося сабраць пад тры тысячы экспанатаў. Размясціліся каштоўныя прадметы ў будынку Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы непадалёк ад сучаснага музейнага комплексу. Пра тыя часы нагадвае памятная дошка на Карла Маркса, 29, усталяваная дзесяцігоддзе таму. 

Крыніц інфармацыі па даваенным перыядзе засталося не так шмат. Даволі карыснымі для даследчыкаў сталіся два вялікія каталогі таго часу, што дайшлі да нашых дзён. Яшчэ адзін рарытэт — невялічкая серыя партрэтаў Мікалая Міхалапа: шэсць кадраў з кінахронікі. Як мяркуюць адмыслоўцы, гэта фрагмент інтэрв’ю першага дырэктара, запісанага падчас урачыстага адкрыцця галерэі. Верагодна, аператар адрэзаў стужку і перадаў герою здымак. Калі згаданыя фрагменты захаваліся ў асабістым архіве спадара Міхалапа, то арыгінальную хроніку дагэтуль адшукаць не ўдалося. 

Унікальныя кадры дэманструюцца на выставе “Мастацкаму — 85. Афішы і фотаздымкі”. Там жа паказаны копіі картак, зробленыя ў Мінску ў жніўні 1941 года персанальным фатографам Гітлера і яго атачэння. На гэтых здымках рэйхсфюрар СС Гімлер уваходзіць у залы Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. Знаходка сапраўды каштоўная: адзіныя фота, на якіх захаваныя інтэр’еры даваеннай установы. Удалося расшукаць і здымкі, што зафіксавалі вываз мэблі з беларускай сталіцы ў 1941-м. Аднак знаўцы не бяруцца сцвярджаць, што прадметы інтэр’еру належалі менавіта карціннай галерэі. Даказаць гэта не ўяўляецца магчымым. 

ГІСТОРЫЯ Ў ПЛАКАЦЕ 

Публіка прызвычаілася разглядаць афішы найперш як інфармацыйныя лісткі. І вось упершыню прыкладныя графічныя творы сталіся не суправаджэннем да выставы, а яе “галоўнымі героямі”. Мінулі гады — і гэтыя аркушы зрабіліся каштоўнымі экспанатамі самі па сабе. Як патлумачыла вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы Надзея Усава, у фондах налічваецца больш за дзве тысячы афіш. Для юбілейнай экспазіцыі адабралі ўсяго некалькі дзясяткаў найбольш значных. Яны паказваюць развіццё як музейнай справы, так і айчыннага дызайну. 

Рэкламны плакат Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, 1989 г.

Рэкламны плакат Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, 1989 г.

Афішы даваеннага часу, на жаль, не зберагліся, таму самы ранні экспанат датуецца 1945-м. У чэрвені пераможнага года ў Акруговым Доме Чырвонай Арміі адбылася выстава пейзажа. На рарытэтным плакаце прыведзены пералік удзельнікаў. Ён змяшчае крыху больш за два дзясяткі імёнаў, сярод якіх — сапраўдныя майстры айчыннага мастацтва: напрыклад, Іван Ахрэмчык, Аскар Марыкс, Анатоль Тычына, Міхась Філіповіч, Генрых Бржазоўскі, Уладзімір Кудрэвіч ды іншыя. Важным адбіткам часу можна лічыць мінімалістычнае афармленне. Гэта абсалютна простая, без мудрагелістасці, шрыфтавая афіша. 

ІМЁНЫ І ТЭХНІКІ 

“Сучасны японскі плакат”, “Традыцыйнае мастацтва Эфіопіі”, “Скарбы заходнееўрапейскага жывапісу са збору Нацыянальнай галерэі ў Празе”... Паказаныя плакаты адлюстроўваюць шырокую геаграфію музейнага супрацоўніцтва і сведчаць пра сяброўства з вядучымі ўстановамі свету. Прыкладам, адна з афіш нагадвае, што ў 1975 годзе ў беларускай сталіцы цэлы месяц дэманстравалася “Дзяўчына, якая чытае ліст ля адчыненага акна” Яна Вермеера. У Мінск гэты твор разам з іншымі каштоўнасцямі прыехаў на выставу “Скарбы Дрэздэнскай галерэі”. 

Таксама выстава “Мастацкаму — 85. Афішы і фотаздымкі” паказвае багацце тэхнік, што выкарыстоўваліся аўтарамі плакатаў: акварэль, літаграфія, афорт, шаўкаграфія, афсетны друк. А вось інфармацыю пра мастакоў на этыкетках пабачыш не заўсёды, бо на работах, што выходзілі тыражом 30-40 экзэмпляраў, не кожны майстар пакідаў аўтограф. Тут перад даследчыкамі стаіць задача архіўных пошукаў. І ўсё ж некаторыя імёны вядомыя. Сярод іх — Павел Семчанка, Алена Лось, Сяргей Саркісаў, Уладзімір Васюк. Нярэдка аўтарамі афіш выступалі самі героі выстаў. 

Найперш выстава да 85-годдзя музея будзе цікавая мінчанам сталага веку, якія памятаюць згаданыя праекты, наведвалі Мастацкі некалькі дзесяцігоддзяў таму. Але каштоўнай крыніцай інфармацыі экспазіцыя станецца і для іншых аматараў мастацтва, а таксама для сучасных дызайнераў, якія хочуць прасачыць гісторыю развіцця свайго рамяства. Архіўныя перліны будуць дэманстравацца да 24 сакавіка. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара