Ня­спын­ны бег “Га­дзін­ні­ка”

Апублiкавана: 06 сакавiка 2024 Кiно Кіно Мінск Векапомнае праз кінакадр

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Да двух вялікіх юбілеяў — 100-годдзя нацыянальнага кіно і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у студзені мы распачалі праект “Векапомнае праз кінакадр”. Падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея — і экспертамі агляд расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.

Перамога ў Вялікай Айчыннай — подзвіг усяго савецкага народа. Гэта не толькі салдаты, якія самааддана абаранялі Радзіму, але і партызаны, падпольшчыкі, простыя людзі, што ахвяравалі ўсім дзеля агульнай мэты. У пасляваенныя гады на франтавых гісторыях часта грунтаваліся літаратурныя і кінематаграфічныя творы. Сюжэты першых падобных фільмаў (напрыклад, “Канстанцін Заслонаў”, 1949, рэжысёры Уладзімір Корш-Саблін і Аляксандр Файнцымер) былі натхнёны нявыдуманымі падзеямі і асобамі. Але экраннымі героямі станавіліся не толькі адважныя мужчыны. Асаблівую інтанацыю маюць карціны, у якіх подзвіг здзяйсняе жанчына. І сёння мы спынімся якраз на такой стужцы. 

ГЕРАІЧНЫ ПРАТАТЫП 

Драма “Гадзіннік спыніўся апоўначы” (1958) рэжысёра Мікалая Фігуроўскага — частка залатой калекцыі “Беларусьфільма”. І недарма: карціна ўвайшла ў пяцёрку самых касавых за ўсю гісторыю студыі. 

Кадры з фільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”

Кадры з фільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”

Стужка заснавана на рэальнай падзеі: Алена Мазанік знішчыла кіраўніка рэйхскамісарыята захопленай Беларусі гаўляйтара Вільгельма Кубэ, які праводзіў жорсткую акупацыйную палітыку і забіваў сотні тысяч мірных жыхароў. У 1941-м Алена ўладкавалася на працу да немцаў спачатку прыбіральшчыцай у вайсковую часць, затым афіцыянткай у афіцэрскае казіно. У чэрвені 1943 года яе перавялі ў асабняк, дзе Кубэ жыў з сям’ёй. І ўжо праз пару месяцаў, 22 верасня, дзяўчына здолела падкласці міну ў пакой гаўляйтара. 

Гісторыя сама па сабе вельмі кінематаграфічная. Таму не дзіўна, што аўтары вырашылі ўвасобіць яе на экране. І хоць сюжэт фільма ў многіх дэталях адрозніваецца ад рэчаіснасці, а рэальныя імёны засталіся па- за кадрам, асноўная лінія была захавана і, дзякуючы майстэрскай прапрацоўцы характараў, нават зайграла больш яркімі фарбамі. 

БЕЛАРУСЫ НА ЭКРАНЕ 

У першы год драму пра подзвіг падпольшчыцы паглядзела каля 35 мільёнаў чалавек. Такая цікавасць да фільма тлумачыцца не толькі тэматыкай. Поспех карціны, на думку крытыка, галоўнага рэдактара часопіса “На экранах” Людмілы Перагудавай, быў “практычна гарантаваны ўдзелам выдатных акцёраў, многія з якіх ужо ў той час з’яўляліся гонарам і славай беларускага тэатра і кіно”. 

— Прыгажуня Рыта Гладунко, карыфеі нацыянальнай сцэны Дзмітрый Арлоў, Пётр Пекур, Здзіслаў Стома, Леанід Рахленка, Зінаіда Браварская, Лідзія Ржэцкая. Адзін толькі пералік гэтых зорных імёнаў — сведчанне высокага класа акцёрскай ігры. У творчай біяграфіі кожнага з занятых у фільме акцёраў карціна “Гадзіннік спыніўся апоўначы” заняла важнае месца. 

Галоўную ролю ў стужцы выканала Маргарыта Гладунко, маладая актрыса Купалаўскага тэатра. Рэжысёру Мікалаю Фігуроўскаму прыйшлося адстойваць яе кандыдатуру на мастацкім савеце, бо мэтр бачыў гераіню адкрытай і ранімай. Аўтар з выбарам не пралічыўся: артыстку палюбіла і публіка, і журы Усесаюзнага кінафестывалю ў Кіеве. На творчым форуме Маргарыце былі прысуджаны дыплом і першая прэмія за найлепшую жаночую ролю. 

ЗОЛАТА КАЛЕКЦЫІ 

Карціну “Гадзіннік спыніўся апоўначы” можна назваць класікай нацыянальнага кінематографа. У параўнанні з многімі ваеннымі стужкамі гэтая захапляе гледача больш, таму што не проста пераказвае асобную падзею Вялікай Айчыннай. “Гадзіннік” — сапраўдны твор мастацтва, у якім талент аўтараў спалучаецца са сродкамі кінематографа. Гэта не фільм-плакат. Гэта фільмкарціна. 

— Значны ўклад у мастацкае аблічча стужкі ўнёс Яўген Ганкін, вучань Сяргея Эйзенштэйна, узнавіўшы (а часам і стварыўшы) у кадры даступнымі сродкамі выразнасці цяжкую атмасферу фашысцкага тэрору і моц народнага супраціўлення, якая ўзрастала, — разважае Людміла Іванаўна. — Сваю “ролю” адыграла і выдатная, глыбока нацыянальная музыка да фільма, у прыватнасці песня Марыны, якую яна выконвае на беларускай мове. Вось як пра кампазіцыю пісалі крытыкі таго часу: “Гэтая песня не проста ўстаўны канцэртны нумар. Яна выступае тут як паўнапраўны, арганічны кампанент драматургіі... Несумненная вартасць фільма, якая заключалася ў праўдзівасці і глыбіні трактоўкі цэнтральных вобразаў, у дакладнасці малюнка гераічнай барацьбы партызан-падпольшчыкаў, вылучылі драму ў лік найлепшых твораў беларускага кіно, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне”. 

Кадры з фільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”

Кадры з фільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”

Аднак нельга палюбіцца ўсім і адразу. Былі сярод гледачоў і тыя, хто ацаніў карціну Мікалая Фігуроўскага неадназначна. Шмат у чым — праз схаваныя за кадрам наступствы апісанай гісторыі. 

— Нягледзячы на відавочныя мастацкія вартасці, крытыкі ўспрынялі прэм’еру неаднадушна, — дадае Людміла Перагудава. — Раздаваліся заўвагі і з боку непасрэдных удзельнікаў падзеі. Аднак публіка захапілася карцінай. Фільму “Гадзіннік спыніўся апоўначы” ўдалося застацца пераканаўчым і без агітацыі. Стрыманы пафас стужкі спалучаўся з высокім эмацыйным напалам, які хутчэй адчуваўся, чым быў увасоблены ў бачнай форме. 

ПАПУЛЯРНЫ І СЁННЯ 

Ці значная карціна “Гадзіннік спыніўся апоўначы” цяпер? Безумоўна. Ці здольная яна ўтрымаць увагу сучаснага гледача? Так. Гэта не стэрэатыпны, як бы сказала маладое пакаленне, “чарговы фільм пра вайну”. Гэта сумленнае кіно, якое грае на тонкіх псіхалагічных паўтонах як у раскрыцці герояў, так і ў прыёмах апісання падзеі. 

— Фільм папулярны і сёння. Без перабольшання! Адна з прычын гэтай нячастай у нашым кінематографе з’явы: гісторыя самаадданага подзвігу падпольшчыкаў расказана ў карціне не дакументальна, не пафасна, не “мовай плаката” — яна расказана цікава. Уражальны рэальны сюжэт, што пакладзены ў аснову сцэнарыя, цікавы сам па сабе. Але тое, як падзеі былі ўвасоблены на экране здымачнай групай, таксама заслугоўвае захаплення. Стужка “Гадзіннік спыніўся апоўначы” выклікала да жыцця спробу рымейка — тэлесерыял рэжысёра Алега Базілава “Паляванне на гаўляйтара”, створаны ў 2012 годзе на базе “Беларусьфільма”. Не спыняючыся падрабязна на мастацкіх вартасцях “фарматнага” прадукту, можна ўсё ж адзначыць: гэта адзін з пераканаўчых прыкладаў невычэрпнай цікавасці як да тэмы, раскрытай на экране, так і да самой карціны-першакрыніцы. Тое, што менавіта фільм Мікалая Фігуроўскага стаў пабуджальнай прычынай для новай версіі, бясспрэчна, — упэўнена Людміла Перагудава. 

Сёння можна смела сказаць, што ў 1958 годзе калектыў аднадумцаў, аб’яднаных рэжысёрам Мікалаем Фігуроўскім, здзейсніў творчы подзвіг. Перапоўнены глыбокай павагай да тэмы і зняты на высокім прафесійным узроўні фільм не проста быў арыентаваны на шырокую аўдыторыю, а здолеў заваяваць яе. І гэтая стужка з’яўляецца сапраўднай данінай памяці героям, якія не шкадавалі жыцця ў барацьбе з акупантамі. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з архіва Музея гісторыі беларускага кіно